Пошук

03.09.2019 12:07   Паводле: Кс. Юрый Марціновіч / grodnensis.by

28 жніўня ў Кракаве (Польшча) семінарыст з Беларусі Віктар Рушлевіч прынёс вечныя манаскія абяцанні ў Ордэне рэгулярных латэранскіх канонікаў, паведамляе партал Grodnensis.by.

Літургічны ўспамін святога Аўгустына, біскупа і доктара Касцёла, які адзначаўся ў гэты дзень, з’яўляецца вялікай урачыстасцю і галоўным патранальным святам у згаданай манаскай супольнасці.

З такой нагоды ў кракаўскай базыліцы Божага Цела адбылася ўрачыстая Эўхарыстыя, цэлебрацыю якой узначаліў генеральны Абат Ордэна рэгулярных латэранскіх канонікаў дон Франко Бэргамін CRL.

Падчас Імшы брат Віктар Рушлевіч CRL, які паходзіць з парафіі Перамянення Пана ў Ваверцы (Лідскі дэканат), з трыма іншымі сабратамі прынёс вечныя манаскія абяцанні. Праз іх прынясенне ён назаўсёды злучыў сваё жыццё з ордэнам.

Ордэн рэгулярных канонікаў засноўвае сваю духоўнасць на Правіле святога Аўгустына. Браты гэтай манаскай супольнасці практыкуюць евангельскія цноты паслухмянасці, чыстасці і супольнага жыцця без уласнасці. Ордэн не прывязвае сваю душпастырскую дзейнасць да нейкай канкрэтнай сферы. Ён адкрыты для разнастайных формаў працы ў Касцёле.

Дэвіз ордэну, які коратка сведчыць пра яго місію, — словы з Дзеяў Апосталаў: мець «адно сэрца і адзін дух», як у манаскім жыцці ў кляштарах, так і ў душпастырскім служэнні Касцёлу.

У Беларусі рэгулярныя латэранскія канонікі ужо шмат гадоў нясуць служэнне на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Ваверцы, адкуль паходзіць брат Віктар Рушлевіч.

Цяпер там служыць святар, які таксама паходзіць з гэтай парафіі — кс. Андрэй Роўба CRL.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.