6 мая студэнты VI курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне афіцыйна завяршылі сваю семінарыйную фармацыю.
Раніцай у капліцы семінарыі адбылася ўрачыстая святая Імша, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч разам з дапаможным біскупам Юзафам Станеўскім, выхавацелямі і выкладчыкамі духоўнай навучальнай установы.
Гэтая Імша стала для дыяканаў апошняй у сценах семінарыі ў якасці студэнтаў — з гэтага часу яны з’яўляюцца выпускнікамі Alma Mater.
Выпускнікі сімвалічна падрыхтавалі літургію і споўнілі ў апошні раз функцыі міністрантаў: прыслугоўвалі каля алтара, чыталі літургчінае чытанне, спявалі псальм, званілі ў званкі — усё тое, што яны рабілі, яшчэ будучы семінарыстамі.
З гаміліяй да прысутных звярнуўся біскуп Аляксандр. Іерарх узгадаў папулярнасць Каміно — пілігрымавання ў Сант'яга-дэ-Кампастэла. «Хоць дарога нялёгкая, але з кожным разам на гэты шлях збіраецца ўсё больш пілігрымаў, — адзначыў біскуп. — Кожны з іх прагне пачуць голас Бога або проста пераацаніць сваё жыццё. Адзін з пілігрымаў паставіў пытанне самому сабе пасля пройдзенага шляху: “Можа, не дарога з’яўляецца цяжкай, а цяжкасці з’яўляюцца маёй дарогай?”»
«Езус называе сябе дарогаю, праўдаю і жыццём. Гэтыя словы акрэсліваюць ваш шлях і мэту. Вельмі трапныя словы сённяшняга рэфрэну псальма: па ўсёй зямлі расходзіцца іх голас. Якуб і Філіп нават не ўяўлялі сабе, што будуць вядомыя ўсяму свету ў 2020 годзе. Іх мучаніцкая смерць — гэта прыклад і заклік да трывання ў Касцёле і вернасці Божаму пакліканню.
Ніхто не ведае, як будзе выглядаць ваша святарства, але памятайце, што вы павінны заўсёды ісці за Хрыстом і выбіраць Яго ў сваім жыцці»,
— з такімі словамі звярнуўся да дыяканаў-выпуснікоў іерарх.
Напрыканцы Імшы выпускнікі падзякавалі біскупам і выхавацелям за час фармацыі і ўручылі памятны фотакалаж свайго выпуску.
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/left.png)
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/right.png)
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/close.png)
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/close.png)