Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч запрашае тых, хто перанёс каранавірусную інфекцыю, што пацверджана медыцынскімі дакументамі, стаць донарамі крыві, якая можа стаць паратункам для цяжкахворых на каранавірус.
Шаноўныя браты і сёстры,
ужо працяглы час мы назіраем, як пандэмія каранавірусу непасрэдна закранае ўсё больш жыхароў нашай краіны. Але мы не сядзім, склаўшы рукі.
Касцёл распрацаваў і ўвёў шэраг захадаў, мэта якіх — прадухіліць распаўсюджванне інфекцыі і максімальна забяспечыць нашых вернікаў, іх родных і блізкіх, а таксама іншых людзей ад заражэння.
Трываючы ў малітве да Усемагутнага Стварыцеля аб выбаўленні нашай краіны і ўсяго свету ад гэтай «чумы ХХІ стагоддзя», Касцёл, асабліва праз структуры Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas, таксама актыўна ўключыўся ў дабрачынную дапамогу тым, каму яна сёння найбольш патрэбная.
Сёння я асаблівым чынам звяртаюся да людзей, якія асабіста адчулі, што такое каранавірус.
Калі так сталася, што вы захварэлі, але з Божай дапамогай і дзякуючы ахвярным высілкам медыкаў вылечыліся ад гэтай небяспечнай хваробы без цяжкіх наступстваў для здароўя, досвед вашага цярпення можа прынесці вялікую карысць іншым людзям. І вось якім чынам гэта можна зрабіць.
У арганізме чалавека, які перахварэў нейкай вострай віруснай ці бактэрыяльнай інфекцыяй, імунная сістэма (калі няма яе рэдкіх цяжкіх дэфектаў) выпрацоўвае супраць патагена антыцелы — спецыяльныя бялкі, якія дапамагаюць змагацца з інфекцыяй і не захварэць на яе паўторна пэўны час (у выпадку з некаторымі хваробамі — нават усё жыццё).
Аналагічным чынам працуюць і вакцыны: калі мы робім прышчэпку, антыцелы да кампанентаў мікраарганізмаў выпрацоўваюцца нават без факту самога захворвання.
Мы пакуль што не ведаем канкрэтна, як чалавечы імунітэт адказвае на новы каранавірус COVID-19, бо жывем у век доказнай медыцыны, калі для дакладнага сцвярджэння патрэбныя пэўныя час і высілкі правядзення шматлікіх даследаванняў з іх далейшым аналізам. Але медыкі сведчаць, што гэты новы вірус прынцыпова не адрозніваецца ад сваіх больш бяспечных для чалавека «суродзічаў»: як і іншыя каранавірусы, ён павінен выклікаць імунны адказ.
На сёння ад COVID-19 няма вакцыны. Але, што самае страшнае, ад яе няма нейкага спецыфічнага лячэння, якое б уздзейнічала на сам вірус. Фактычна, нашыя медыкі гераічна змагаюцца за жыццё хворых з адзінай мэтай: максімальна падтрымліваць іх жыццёва важныя органы, пакуль арганізм не выпрацуе ўласныя антыцелы.
Гэта патрабуе часу: звычайна два-тры тыдні. Часу, якога ў чалавека можа і не быць…
Любыя браты і сёстры ў Хрысце! Я заклікаю вас выканаць запаведзь Любові да бліжняга і дапамагчы іншым хворым, калі вы самі нядаўна перанеслі пацверджаны выпадак COVID-19. У вашай крыві знаходзяцца каштоўныя антыцелы, якія нашы прафесійныя медыкі могуць з яе выдзяліць.
Вашымі антыцеламі будуць эксперыментальна лячыць іншых, цяжкахворых людзей. Наколькі вынік лячэння будзе эфектыўным, медыкі скажуць, калі пандэмія скончыцца. Але дайце іншым цяжкахворым прынамсі гэты шанц! Хрыстус збавіў нас сваёю святою Крывёю на Крыжы. Яго Кроў пастаянна ахвяруецца за нас на кожнай святой Імшы.
Браты і сёстры! Памятаючы пра Кроў Хрыста, якой мы збаўлены, давайце падзелімся нашай крывёю з патрабуючымі!
Гэты добры ўчынак хрысціянскай міласэрнасці будзе прыемным Богу і, магчыма, дапаможа не толькі ўратаваць камусьці жыццё на зямлі, але таксама пакажа шлях веры ў жыццё вечнае, які для ўсіх людзей адкрыў Уваскрослы Хрыстус.
Усіх, хто перанёс каранавірус, вылечыўся і гатовы стаць донарам крыві, запэўніваю аб сваёй малітве і ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, +і Сына, і + Святога Духа.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі