Пошук

01.05.2020 15:37   Тэкст: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

Месяц май у Каталіцкім Касцёле прысвечаны Маці Божай. У гэтым месяцы ў святынях, а таксама каля прыдарожных каплічак і крыжоў па традыцыі праводзяцца адмысловыя маёвыя набажэнствы.

У маі асабліва заўважаецца прыгажосць прыроды. Квецень і водар садоў, птушыныя спевы, пяшчотнае цяпло веснавога сонейка… Май, як ніводзін іншы месяц, найлепш адпавядае хараству Панны Марыі — найпрыгажэйшай Кветкі зямлі.

Хоць звычай маёвых набажэнстваў у сваім сучасным выглядзе распаўсюдзіўся адносна нядаўна — з сярэдзіны ХІХ ст., — ягоныя карані сягаюць значна глыбей у гісторыю хрысціянства. Паходжанне гэтага набажэнства выводзіцца з хваласпеваў у гонар Панны Марыі, вядомых на Усходзе з V ст.

На Захадзе май пачалі асаблівым чынам звязваць з ушанаваннем Багародзіцы ў першым тысячагоддзі.

Найсвяцейшая Панна Марыя адыграла асаблівую ролю ў гісторыі збаўлення. Паміраючы на крыжы, Хрыстус не проста даручае Марыю свайму вучню. Апошнія словы Збаўцы гучаць як Ягоны запавет, у адпаведнасці з якім Марыя становіцца Маці кожнага чалавека. Асаблівая роля Марыі ў гісторыі збаўлення вызначае Яе асаблівае месца ў хрысціянскім жыцці і ў кульце Касцёла, які аддае Ёй пашану як першай сярод усіх святых, вышэйшай за анёлаў.

У сярэдзіне ХІХ ст. Папа Пій ІХ устанавіў форму маёвага набажэнства. Яно складалася з Ларэтанскай літаніі да Найсвяцейшай Панны Марыі, казання святара і благаслаўлення Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Таксама і сёння цэнтральная частка маёвага набажэнства — літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі.

Маёвыя набажэнствы на ўшанаванне Маці Божай — унікальная магчымасць праз малітву, спеў і ціхую асабістую размову даверыць Нябеснай Маці свае справы і клопаты, просячы Яе, каб з матчынай любоўю прадставіла іх свайму Сыну. Прыклад Марыі — самы надзейны шлях, які вядзе да Езуса, а Яе заступніцтва надае малітве хрысціянаў асаблівую моц і скіроўвае яе непасрэдна да Бога.

Сёлетні май азмрочаны пандэміяй каранавірусу, якая закранула ўвесь свет. З гэтай прычыны асабліва важна звяртацца з просьбамі аб дапамозе да Маці Божай.

Папа Францішак звярнуўся да вернікаў Касцёла з заклікам маліцца ў маі Ружанец і прапанаваў дзве малітвы, якія могуць суправаджаць супольнае ці індывідуальнае набажэнствы.

Часопіс Ave Maria прапануе вашай увазе маёвае набажэнства, складзенае з разважанняў на розныя дні, спяванай Ларэтанскай літаніі, а таксама малітвы аб спыненні эпідэміі.

Абноўлена 01.05.2020 15:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця