Пошук

26.04.2020 09:14   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: Daniel Ibanez / CNA

25 красавіка Папа Францішак звярнуўся з кароткім лістом да ўсіх вернікаў Касцёла з заклікам у маі месяцы маліцца Ружанец, прапанаваўшы дзве  адмысловыя малітвы, якія могуць суправаджаць супольнае ці індывідуальнае набажэнствы.

«Набліжаецца май — месяц, калі Божы народ асаблівым чынам выражае сваю любоў і пашану да Панны Марыі. Па традыцыі, на працягу гэтага месяца дома і ў сем’ях моляцца на Ружанцы. Шанаваць гэта хатняе вымярэнне, таксама з духоўнага пункту гледжання, нас „прымусілі“ абмежаванні, звязаныя з пандэміяй», — цытуе словы Святога Айца беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

Папа Францішак заклікаў па-новаму адкрыць прыгажосць хатняй ружанцовай малітвы.

«Гэта можна рабіць разам ці індывідуальна. Выберыце самі ў залежнасці ад сітуацыі, беручы пад увагу абедзве магчымасці. Але ў кожным выпадку ёсць адзін сакрэт: прастата. І ў інтэрнэце лёгка знайсці добрыя ўзоры малітвы, якія можна выкарыстаць», — напісаў ён.

Папа прапанаваў вернікам дзве малітвы праз заступніцтва Маці Божай, якія могуць суправаджаць Ружанец. Ён паабяцаў сам маліцца імі, духоўна яднаючыся з вернікамі.

«Дарагія браты і сёстры, супольнае сузіранне аблічча Хрыста сэрцам Марыі, нашай Маці, яшчэ больш з’яднае нас як духоўную сям’ю і дапаможа перамагчы выпрабаванне. Я буду маліцца за вас, асабліва за тых, хто найбольш пакутуе, а вас прашу, калі ласка, маліцца за мяне», — напісаў Папа.

У першай малітве пастыр паўсюднага Касцёла прапанаваў звяртацца да Маці Божай, просячы, каб Яна «дапамагла выконваць волю Нябеснага Айца і рабіць тое, што скажа Езус, які ўзяў на сябе нашы пакуты і цяжар нашых няшчасцяў, каб праз крыж прывесці нас да радасці ўваскрашэння».

У другой малітве Святы Айцец заклікаў прасіць Багародзіцу аб суцяшэнні для тых, хто аплаквае сваіх блізкіх памерлых; за тых, хто хвалюецца за блізкіх асоб і не мае магчымасці сустрэцца з імі, асцерагаючыся заражэння; за тых, каго непакоіць нявызначанасць, звязаная з крызісам эканомікі.

«Маці Божая і наша Маці, выпрасі для нас у Бога, Айца Міласэрнасці, заканчэнне гэтага цяжкага выпрабавання, каб мы зноў убачылі гарызонт надзеі і супакою. Як у Кане, выпрасі ў Твайго Боскага Сына суцяшэнне для сем’яў хворых і памерлых, каб іх сэрцы адкрыліся для даверу», — гаворыцца ў малітве.

Папа заклікаў маліцца за медыцынскіх работнікаў, якія знаходзяцца на перадавой барацьбы з каранавірусам і рызыкуюць жыццём дзеля ратавання жыцця іншых; за тых, хто даглядае за хворымі; за святароў, якія з душпастырскім запалам і евангельскай адказнасцю імкнуцца дапамагчы і падтрымаць; за навукоўцаў, каб знайсці правільныя рашэнні для перамогі над вірусам; за кіраўнікоў дзяржаў, каб дзейнічалі мудра, шчодра і неадкладна, аказваючы падтрымку тым, у каго няма самага неабходнага для жыцця, плануючы сацыяльныя і эканамічныя рашэнні з дальнабачнасцю і ў духу салідарнасці.

«Найсвяцейшая Панна Марыя, абудзі сумленне людзей, каб велізарныя сумы, якія ўкладаюцца ў развіццё і ўдасканаленне зброі, былі перанакіраваны на падтрымку даследаванняў, неабходных для прадухілення такіх катастроф у будучыні», — моліцца разам з усімі вернікамі Папа Францішак.

Святы Айцец заклікаў прасіць Багародзіцу, каб людзі асэнсавалі сваю прыналежнасць да адзінай чалавечай сям’і і змаглі ў духу братэрства і салідарнасці адказаць на шматлікія патрэбы і розныя формы беднасці; каб захавалі цвёрдасць веры, пастаянства ў служэнні, трываласць у малітве.

«О, Марыя, Суцяшальніца засмучаных, прымі ў свае абдымкі сваіх спакутаваных дзяцей і выпрасі ў Бога, каб Ён сваёй магутнай правіцай вызваліў нас ад гэтай страшэннай эпідэміі, каб мог мірна аднавіцца звычайны бег жыцця», — звяртаецца да Багародзіцы ў сваёй малітве Папа Францішак.

Абноўлена 26.04.2020 19:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа