Пошук

27.04.2020 16:18   Паводле: Яна Чайко / Grodnensis.by

26 красавіка ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара) Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў благаслаўленне і ўручыў місійны крыж ксяндзу Анджэю Ганчару.

Пра гэта паведамляе Grodnensis.by.

На пачатку святой Імшы ўсіх прысутных прывітаў пробашч парафіі ксёндз канонік Уладзімір Гуляй.

«Для нашай краіны, а асабліва для нашай парафіяльнай супольнасці, гэта падзея незвычайная, радасная, — сказаў ён. — І для ксяндза Анджэя, і для кожнага з нас гэта Божы дар, на які кожны, асабліва ксёндз Анджэй, адказвае: вось я хачу ісці за Табою, Божа!»

У гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што благаслаўленне місійнага крыжа і першага дыяцэзіяльнага місіянера Беларусі — гэта менавіта тое, аб чым прасіў Езус Хрыстус, кажучы: «Ідзіце і абвяшчайце Евангелле».

Таксама біскуп узгадаў пра папярэднія місіі кс. Анджэя ў Казахстане і Камеруне і пажадаў, каб ён заўсёды і ўсюды нёс Езуса Хрыста і ніколі не стамляўся духоўна.

Напрыканцы Імшы адбыўся абрад уручэння місійнага крыжа. Біскуп прадставіў усім ксяндза Анджэя, якога Гродзенская дыяцэзія паводле наказу Пана пасылае абвяшчаць Евангелле ў Касцёле ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, і паабяцаў падтрымліваць яго ў місіянерскіх патрэбах.

Пасля гэтага іерарх благаславіў святара, а таксама благаславіў крыж і ўручыў яго кс. Анджэю са словамі: «Ідзі і абвяшчай Евангелле кожнаму стварэнню. Гэта твой праваднік на апостальскіх дарогах. Гэта твая дапамога ў кожнай небяспецы. Гэта тваё суцяшэнне ў жыцці і падчас смерці». Пасля, стаўшы на калені, місіянер атрымаў благаслаўленне на сваё служэнне.

     

Са словамі віншаванняў да новага місіянера звярнуліся моладзь, парафіяне і родная сястра. Пачуўшы шмат прыемных і шчырых словаў, ксёндз Анджэй у сваю чаргу звярнуўся да ўсіх са словамі падзякі. Ён падзякаваў за годнае выхаванне сваім бацькам, сваім родным за падтрымку, пробашчу, святарам, якія прыбылі па яго запрашэнні, святарам, з якімі распачынаў сваё служэнне, моладзі, сябрам і ўсім братам і сёстрам у Хрысце.

Ксёндз Анджэй Ганчар нарадзіўся 18 верасня 1991 года. Паходзіць з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара).

Прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч 29 красавіка 2017 г. Апошні год вучыўся ў Цэнтры місійнай фармацыі ў Варшаве.

Абноўлена 28.04.2020 09:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа