Пошук

26.04.2020 18:44   Тэкст: Ганна Якімовіч / Catholic.by

Cупрацоўнікі і валанцёры дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas у Беларусі працягваюць несці дапамогу тым, каму яна патрэбная ў гэты час.

Ксёндз Віталій Дабраловіч, дырэктар Caritas Беларусь, адзначае:

«„Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі“ (Мц 25, 40). Словы з Евангелля вельмі добра акрэсліваюць рэалізацыю нашага хрысціянскага і проста чалавечага паклікання на гэтай зямлі. Асабліва актуальна гэта сёння, падчас пандэміі, ад якой церпяць як хворыя, так і медыкі, якія мусяць працаваць у некалькі разоў больш, чым звычайна, каб уратаваць жыццё пацярпелым ад каранавірусу.

Многія з нас ужо рознымі спосабамі імкнуцца дапамагчы ў барацьбе з COVID-19.

Аднак практыка жыцця паказвае, што найбольш эффектыўным вынікам у любой справе з’яўляецца арганізацыя сумеснага дасягнення мэты. Таму Каталіцкі Касцёл, выкарыстоўваючы ўсе свае магчымасці, прычыняецца да сбору сродкаў, каб дапамагчы тым, хто стаіць на першай лініі абароны — нашым медыкам, а Caritas Беларусь адкрыў спецыяльны рахунак і доступ праз АРІП да складання ахвяраванняў.

Вы, „добрыя самаране“, ужо пералічваеце на на гэты рахунак сваю фінансавую дапамогу, і за гэта вялікая вам падзяка. Мы, святары, молімся не толькі за хворых, медыкаў, але і за вас, дарагія ахвярадаўцы. На сённяшні дзень дзякуючы вам мы ўжо сабралі 14 000 рублёў!

Гэты час важны для нас у выпрабаванні нашай веры і Хрыстовай салідарнасці нашых адкрытых сэрцаў.

Жадаю кожнаму з вас моцнай веры і Божага благаслаўлення. Асаблівым чынам дзякую вам, шаноўныя супрацоўнікі медыцыны, за тое, што не разважаеце ў гэты момант аб уласным супакоі і камфорце, але здзяйсняеце аддана сваё пакліканне ў ратаванні людзей ад смерці.

Бог палюбіў нас і прыкладам сваім вучыць нас любіць свайго бліжняга».

Міласэрнасць не ідзе на каранцін.

Для Caritas Беларусь апошнія тыдні гэтыя словы сталі не проста словамі. Супрацоўнікі і валанцёры ў цяперашняй складанай сітуацыі яшчэ больш апякуюцца тымі, каму патрэбная іх дапамога.

Caritas Пінск пачынае падрыхтоўку да праекта «Падтрымка ў крызіснай сітуацыі» — гэта дапамога ў выглядзе прадуктовых набораў, вітамінаў, медыкаментаў і сродкаў асабістай гігіены. 200 набораў прадуктаў харчавання ў бліжэйшы час будуць перададзеныя малазабяспечаным людзям, пенсіянерам, інвалідам, шматдзетным сем’ям, а таксама тым, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

Таксама за сабраныя ахвяраванні супрацоўнікі і валанцёры Caritas Пінск пачалі шыць шматразовыя маскі, якія плануецца перадаць на патрэбы пажылых людзей, медыцынскіх установаў і валанцёраў.

У Caritas Гродна працягвае працаваць праект «Кухня для бедных», дзе сацыяльна неабароненыя групы грамадзян могуць атрымаць гарачую ежу, а ў праекце «Мабільная дапамога» патрабуючыя праз сацыяльны пункт могуць атрымаць гуманітарную дапамогу. Наладжаны пашыў масак для забеспячэння імі супрацоўнікаў і валанцёраў арганізацыі.

Caritas Віцебск таксама працягвае клапаціцца пра патрабуючых наборамі прадуктаў харчавання. Для інвалідаў, якія знаходзіцца на самаізаляцыі, прадукты дастаўляюць на дом.

Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кожны дзень падтрымлівае тых, хто знаходзіцца на першай лініі ў барацьбе з COVID-19. На сённяшні дзень восем валанцёраў Caritas і супольнасць сясцёр дамініканак з Мінска займаюцца пашывам масак. Дапамагаюць ім у гэтым супрацоўнікі Дзіцячага рэабілітацыйнага цэнтра Caritas, у якім знаходзяцца дзеці з анкалагічнымі захворваннямі. Маскі, медыцынскія халаты, бахілы, папяровыя ручнікі, памперсы, пракладкі, медыцынскія шматразовыя маскі, супрацьэпідэмічныя касцюмы і ахоўныя шчыткі — усё гэта Caritas Мінск пастаўляе ў бальніцы і паліклінікі.

Працягвае працу і дабрачынны праект «Табіта», у межах якога валанцёры апякуюцца над пажылымі людзьмі і людзьмі з інваліднасцю.

Памочнікі закупляюць прадукты для сваіх падапечных, гатуюць ежу, дапамагаюць з мыццём і ўборкай. Дзеці, якія лечацца ад анкалогіі і пражываюць у Дзіцячым дабрачынным сацыяльна-рэабілітацыйным цэнтры ў в. Ляскоўка, таксама атрымліваюць дадатковую дапамогу і клопат. Зараз аб'яўлены ўнутраны каранцін. У бальніцу дзяцей адвозіць і прывозіць назад у цэнтр машына. Дзеці і іх блізкія забяспечаны як антысептыкамі, так і маскамі.

Таксама Caritas Мінск больш за тры гады дапамагае Дому начнога знаходжання для асобаў без пэўнага месца жыхарства на вуліцы Ваўпшасава ў Мінску: забяспечвае пастаяльцаў гарачым харчаваннем, адзеннем і абуткам.

У сувязі з пандэміяй COVID-19 пастаяльцаў, хоць і прыйшла вясна, становіцца ўсё больш. Людзі знаходзяцца ў Доме круглыя суткі. На жаль, сродкаў, запланаваных на гэты перыяд, не хапае. Таму, каб была магчымасць і далей падтрымліваць людзей без пэўнага месца жыхарства, адкрыты сбор сродкаў на пляцоўцы molamola.by.

Свята Божай Міласэрнасці — гэта свята, якое пажадаў усталяваць сам Хрыстус, аддаўшы сваё жыццё за нас.

Праяўленне Божай Міласэрнасці стала адказам, надзеяй і падтрымкай для людзей, на якіх у ХХ стагоддзі выпала шмат бедстваў і пераследаў: генацыд розных узроўняў, дзве сусветныя вайны і таталітарныя рэжымы.

Гэтае свята перадае нам надзею і суцяшэнне.

Святкаванне Божай Міласэрнасці — час праявіць клопат аб сваёй душы, час малітвы і добрых учынкаў. Таму менавіта ў ІІІ Велікодную нядзелю ў касцёлах будзе арганізаваны збор ахвяраванняў, якія Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прызначыць на мэты забеспячэння неабходнымі рэчамі найбольш патрабуючых установаў аховы здароўя нашай краіны.

  • Рэквізіты для ахвяраванняў COVID-19:
    р/р BY03PJCB31350544160030000933 у АТТ «Пріорбанк»
    Код банка PJCBBY2X УНП 101124634
  • Адрас банка: г. Мінск, вул. В. Харужай, 31-А.
    Ахвяраванне можна здзейсніць праз «Разлік» (АРІП) (нумар паслугі 4716081): Дабрачыннасць, грамадскія аб'яднанні — Рэлігійныя аб'яднанні — Карытас Беларусь — Ахвяраванне COVID-19.

  • Дадатковая інфармацыя па тэлефоне: +375 44 736 17 22 — Ганна Якімовіч

  • Звязацца з Caritas па ўсёй Беларусі можна наступным чынам:

+375 (44) 736 17 22, caritasby@gmail.com– Нацыянальны Caritas
+375 (29) 863 99 93, caritas.vitebsk.diocese@yandex.by– Caritas Віцебск
+375 (15) 275 34 12, +375 (15) 275 34 11, caritasgrodno@yandex.ru– Caritas Гродна
+375(29) 772 81 21, caritaspinsk@gmail.com – Caritas Пінск
+375 (29) 261 52 06, +375 (44) 708 28 40, caritas@caritas-minsk.by – Caritas Мінск

Абноўлена 27.04.2020 08:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця