18 красавіка падчас урачыстай святой Імшы ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах біскуп Пінскі Антоні Дзямֹ’янка ўдзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне дыякану Сцяпану Цэргелю SVD.
Сцяпан Цергель нарадзіўся ў Іркуцку, належыць да супольнасці Місіянераў Божага Слова. Два гады правёў на місіях у Папуа Новай Гвінеі, выпускнік Вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску.
Паступіць у супольнасць Місіянераў Божага Слова (вербістаў) Сцяпан Цергель вырашыў да моманту заканчэння сярэдняй школы. Затым ён прайшоў пастулат у Нысе і навіцыят у Хлюдаве (Польшча), паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбургу.
У 2016 г., калі настаяцель а. Якуб Блашчышын прапанаваў яму магчымасць паехаць на місіянерскую практыку, малады чалавек захацеў накіравацца ў англамоўную краіну, якая знаходзілася б не ў Еўропе, і такім чынам паехаў у Папуа Новую Гвінею, адну з першых місій айцоў вербістаў.
Падчас Імшы, на якой адбылося пасвячэнне, біскуп Антоні Дзям’янка звярнуўся да будучага прэзбітэра з наступнымі словамі гаміліі:
«Дарагі Брат, прыкладвай часта свае рукі да прабітых рук Езуса, да боку Хрыста, да Яго сэрца».
Біскуп заўважыў, што «святарскае служэнне ў нашыя часы становіцца асабліва складаным, таму што сучасны чалавек апынуўся ў такіх жыццёвых умовах, якія часта чыняць яго няздольным адкрыцца на Бога і на рэлігію», «знікае пашана і боязнь да таго, што святое ў чалавеку». Таму «святар ніколі не павінен быць абыякавым да граху».
Пастыр Пінскай дыяцэзіі заахвоціў будучага прэзбітэра памятаць пра любоў Хрыста. «Любоў па прыкладзе Хрыста павінна быць метадам, мэтай і сэнсам твайго святарскага служэння і жыцця. Але такую любоў нельга спалучыць з грахом, нянавісцю, пошукам уласнай выгады», — адзначыў ён.
«Абвяшчаць Евангелле — гэта дапамагаць людзям паверыць, што Езус з’яўляецца Панам і Збаўцам. Удзяляць святыя сакрамэнты — гэта будаваць жывое Цела Хрыста.
Але гэта можна рабіць толькі з дапамогай Духа Святога. Таму святар, як і кожны свецкі вернік, павінен сябраваць са Святым Духам праз рэгулярную малітву»,
— нагадаў таксама іерарх.
«Без паслухмянасці Хрыста не было б Яго пасхальнай ахвяры. Без тваёй паслухмянасці не будзе ахвяры, прыемнай Богу. А людзям будзе патрэбная твая ахвяра. Складзеная дзеля Бога, яна ніколі не будзе безвыніковай і пустой. Выражэннем ахвяры стане клопат аб захаванні дасканалай чысціні, якую ты абяцаеш, — дадаў біскуп. — Калі хочаш прыносіць плён і перамагаць шатана, найперш мусіш навучыцца штодня перамагаць сябе. (…) Ты, як святар, павядзеш маладых людзей, сем’і, навучаючы іх захоўваць чысціню і панаваць над сабою. Без гэтага проста няма развіцця любові».
Біскуп адзначыў, што выклікам для святара з’яўляецца самотнасць. Аднак «трэба палюбіць самотнасць, а дапаможа ў гэтым глыбокая сувязь з Богам», праз якую «святар становіцца блізкім і карысным для людзей».
Іерарх падкрэсліў, што «святарства — гэта служэнне», таму «святар павінен заўважаць галодных, прагнучых, пакрыўджаных і вязняў», «знайсці час і добрае слова для хворых, для людзей адзінокіх і пакінутых дзяцей».
Кажучы пра цэлебрацыю літургіі, біскуп звярнуў увагу, што «хрысціянскі культ і супольную малітву трэба ажыццяўляць такім чынам, каб яны станавіліся сведчаннем, спосабам фармавання веры і сапраўдным праслаўленнем Бога». «Добра рыхтуйся да літургіі і насычай людзей тым, чым будзеш жыць сам.
Памятай аб годным выкананні паслугі Слова. Разважай падчас малітвы над тым, што будзеш казаць сваім слухачам»,
— параіў ён.
Біскуп назваў святарства дарам, які «перавышае чалавека, а разам з тым робіць яго больш высакародным, заахвочвае да роздумаў і высілкаў дзеля дасягнення высокай мэты». «Будуць цяжкасці, але не бойся іх. Калі зразумееш, чым ёсць святарства, не будзеш адзінокім. З табою побач будзе Бог і будуць людзі», — заахвоціў іерарх будучага прэзбітэра.