Пошук

16.04.2020 13:36   Catholic.by

Зварот ККББ да святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў
на Другую Велікодную нядзелю (Божай Міласэрнасці)

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры ў Хрысце Пану!

У гэтыя дні Касцёл святкуе Пасху — перамогу Езуса Хрыста над смерцю. Але святкаванне сёлета не такое, як звычайна: яно азмрочана падзеямі, звязанымі з сусветнай пандэміяй. Мы бачым, як мала людзей на вуліцах і ў святынях: яны вымушаны заставацца дома на самаізаляцыі, клапоцячыся пра бяспеку сваю і іншых людзей.

Сотні тысяч людзей па ўсім свеце знаходзяцца ў шпіталях, дзе за іх жыццё змагаюцца медыкі — адданыя, але часта бездапаможныя перад абліччам бязлітаснай хваробы. Ужо больш за трыста супрацоўнікаў службы аховы здароўя ў Беларусі заражаны каранавірусам. Папа Францішак, успамінаючы святароў і медыкаў, якія загінулі ў жорсткай барацьбе з каранавірусам, назваў іх «святымі з суседняга двара». Ізаляваны ў шпітальнай палаце чалавек можа звярнуцца толькі да Бога і да медыка. Медыкі — сціплыя героі нашай рэчаіснасці.

Сёння складаная сітуацыя з эпідэміяй таксама ў Беларусі. Колькасць хворых павялічваецца, расце нагрузка на спецыялістаў.

Ужо 25 тысяч медыкаў у шпіталях ратуюць ад страшнай хваробы нашых родных і блізкіх, знаёмых і незнаёмых. Кожны дзень мы бачым звароты ў СМІ і сацыяльных сетках аб зборы неабходных сродкаў для супрацоўнікаў устаноў аховы здароўя: патрэбныя бахілы, маскі, спецыяльнае адзенне, гарачыя абеды і нават начлег. Касцёл выказвае сваю ўдзячнасць медыкам і моліцца за іх, але ў гэты час можа стаць для іх не толькі духоўнай падтрымкай.

Свята Божай Міласэрнасці — гэта свята, якое пажадаў усталяваць сам Хрыстус, аддаўшы сваё жыццё за нас. Праяўленне Божай Міласэрнасці стала адказам, надзеяй і падтрымкай для людзей, на якіх у ХХ стагоддзі выпала шмат бедстваў і пераследаў: генацыд на розных узроўнях, дзве сусветныя вайны і таталітарныя рэжымы. Гэтае свята перадае нам надзею і суцяшэнне. Святкаванне Божай Міласэрнасці — час праявіць клопат аб сваёй душы, час малітвы і добрых учынкаў. Таму заахвочваю вас, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры ў Хрысце, аказаць пасільную дапамогу тым, хто сёння на перадавой барацьбы з эпідэміяй: нашым лекарам і медыцынскім сёстрам.

Прапануем у Трэцюю Велікодную нядзелю арганізаваць дабравольны збор ахвяраванняў дзеля набыцця неабходных установам аховы здароўя абсталявання і медыцынскіх вырабаў.

Залічэнне сабраных сродкаў належыць здзейсніць на спецыяльна адкрыты для гэтага рахунак Caritas Беларусь (неабходныя рэквізіты пададзены ў Дадатку).

Аказаць дапамогу можа кожны, хто жадае далучыцца да акцыі: святар, кансэкраваная асоба, свецкі вернік. Просім пробашчаў, улічваючы цяперашнюю сітуацыю ізаляцыі, данесці гэты зварот да як мага большай колькасці вернікаў, выкарыстоўваючы сродкі масавай камунікацыі. Няхай гэта будзе выразам нашага клопату і адказнасці за кожнае жыццё. Сродкі, сабраныя ў парафіях, няхай пералічаць адказныя за гэта асобы. Пасля збору матэрыяльнай дапамогі Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прызначыць яе на мэты забеспячэння неабходнымі рэчамі найбольш патрабуючых устаноў аховы здароўя нашай краіны.

Няхай Бог сцеражэ вас і вашых блізкіх!

Мінск, 15 красавіка 2020 г. 

Каталіцкія Біскупы Беларусі

***

Дадатак да Звароту ККББ

Рэквізіты для ахвяраванняў COVID-19:

р/р BY03PJCB31350544160030000933 у ААТ «Пріорбанк»
Код банка PJCBBY2X УНП 101124634
Адрас банка: г. Мінск, вул. В. Харужай, 31-А

Ахвяраванне можна здзейсніць праз сістэму «Разлік» (АРІП): Дабрачыннасць / Грамадскія аб’яднанні – Рэлігійныя аб’яднанні – «Карытас Беларусь» – Ахвяраванне COVID-19

Нумар паслугі: 4716081

Увага! Сервіс даступны з 0.00 гадзін 17 красавіка.


На рускай мове:

р/с BY03PJCB31350544160030000933 в ОАО «Приорбанк»
Код банка PJCBBY2X УНП 101124634
Адрес банка: г. Минск, ул. В. Хоружей, 31-А

Пожертвование можно осуществить через систему «Расчет» (ЕРИП): Благотворительность / Общественные объединения – Религиозные объединения – «Каритас Беларусь» – Пожертвование COVID-19

Номер услуги: 4716081


Дадатковая інфармацыя па тэлефоне:
+375 (44) 736 17 22 — Ганна Якімовіч

Абноўлена 17.04.2020 12:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.