Пошук

10.04.2020 15:09   Паводле: Kс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by / Фота: Grodnensis.by

9 красавіка ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксавэрыя ў Гродне адбылася Імша Вячэры Пана, якая распачала Пасхальны Трыдуум. Вернікі сабраліся, каб падзякаваць за сакрамэнты святарства і Эўхарыстыі, устаноўленыя Езусам Хрыстом у Вялікі чацвер.

Як паведамляе Grodnensis.by, цэлебрацыю ўзначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

У гаміліі іерарх зазначыў, што кожны год, беручы ўдзел у Імшы Вячэры Пана, мы адкрываем заслону таго, што здзейснілася ў вячэрніку, — памяць пра ўстанаўленне Эўхарыстыі і святарства.

Па словах біскупа, Імша Вячэры Пана – напамін пра любоў, якою Езус палюбіў людзей ажно да смерці.

«Дзіўным чынам аб’яўляецца любоў Бога, якая здольная нас збавіць, здольная ажно да такога прыніжэння. Любоў Бога “на каленях” збліжаецца да чалавека, каб пераканаць яго, што яна здольная прынесці сябе ў ахвяру, каб чалавек меў жыццё», — дадаў ён.

Іерарх падкрэсліў, што Той, хто схіляецца над нагамі сваіх вучняў, ахвяруе ім сваю збаўчую любоў, выражаную не словам, а канкрэтным учынкам. Таму, па словах дапаможнага біскупа дыяцэзіі, Езус вучыць апосталаў, але таксама і нас, сучасных людзей, служыць іншаму чалавеку.

Менавіта цяпер у калідорах і палатах шпіталяў у свеце і нашай краіне адбываецца падобны «Хрыстовы» ўчынак. Людзі ў белых халатах дапамагаюць братам і сёстрам, дакранаюцца да церпячага чалавека і нясуць кубак вады тым, хто прагне.

Па словах біскупа, Езус ведаў, што свет запатрабуе такога ахвяравання з боку чалавека, таму першы дае прыклад, як яго ўчыніць.

Іерарх выказаў падзяку лекарам, службам парадку, адказным асобам нашай краіны, якія прыкладаюць шмат намаганняў, каб весці барбу з пандэміяй каранавірусу, якая агарнула ўвесь свет.

Генеральны вікарый падкрэсліў, што любоў Хрыста бязмежная, міласэрная. «У вячэрніку і пасля свайго ўваскрасення Хрыстус прыходзіць да ўстрывожаных і спалоханых вучняў, каб у чарговы раз прапанаваць ім сваю любоў і прабачэнне, вітаючы іх словамі: “Супакой вам”. Як жа прагне гэтага сучасны свет, гарантыі – супакою і згоды, разумення і прабачэння, бо мы ведаем, што нясе за сабой непакой і здрада, асабліва жудаснасць вайны», — заўважыў біскуп.

Іерарх заахвоціў усіх дакрануцца да гэтага дару супакою, які прыносіць Хрыстус, бо дзякуючы гэтаму дотыку наш свет стане больш чалавечым, стане месцам сустрэчы Бога з чалавекам, супольнай дарогай, крыніцай надзеі і радасці.

«Прыняўшы Цела Пана, усім сэрцам, розумам і воляй будзем разважаць пра вялікую любоў Бога да чалавека. Няхай Ён, Хрыстус Пан, у святой Камуніі перамяняе нас у Сябе», — пажадаў біскуп.

Падчас гімну «Хвала на вышынях Богу» загучалі ўсе званы касцёла. Пасля іх гукі замяніў стук драўляных ляскотак.

Напрыканцы Імшы Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў так званую цямніцу, якая нагадвае пра арышт Езуса ў Гетсэманскім садзе.

Абноўлена 10.04.2020 15:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця