Пошук

05.04.2020 23:00   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень, Надзя Бука, Паліна Маісеева, Віталій Палінеўскі, кс. Аўгуст Калясінскі, с. Таццяна Стасюкевіч / Catholic.by

Ва ўмовах пандэміі каранавірусу ў многіх беларускіх парафіях святочныя набажэнствы ў Пальмовую нядзелю 5 красавіка па рэкамендацыі біскупаў праходзілі на адкрытым паветры. Усё больш папулярнымі становяцца анлайн-трансляцыі Імшаў, якія вядуцца з розных касцёлаў.

Пальмовая нядзеля — пачатак Вялікага тыдня, калі Касцёл уваходзіць у святкаванне Пасхальнай таямніцы смерці і ўваскрасення Хрыста. Для хрысціянаў гэта самыя важныя дні на працягу літургічнага года.

Зазвычай на Імшах з благаслаўленнем вербаў збіраецца найбольшая колькасць вернікаў. Сёлета іх заўважна менш: і ў вялікіх гарадскіх парафіях, і ў вясковых капліцах, дзе службы адбываюцца толькі па святах. Святары адзначаюць, што да споведзі цяпер таксама прыступае не так шмат вернікаў, як звычайна ў гэтыя дні перад Вялікаднем.

Але тое, што набажэнствы ідуць не ў пустых касцёлах, як у многіх краінах за мяжой, нават у такіх складаных умовах дазваляе адчуць атмасферу свята і дае надзею на лепшае.

«Ніколі яшчэ я не быў такі шчаслівы ад таго, што служу ў Беларусі», — прызнаецца адзін святар, які калісьці прыехаў дапамагчы нашаму Касцёлу, у якім не хапала святароў, і з таго часу ўжо больш за дваццаць гадоў нясе служэнне ў адной з беларускіх парафій.

«Калегі ў мяне на радзіме сёлета пазбаўлены гэтага простага святарскага шчасця — маліцца са сваімі вернікамі», — дадае душпастыр.

Лагоднае веснавое сонейка, яркі і чысты блакіт нябёсаў, каляровыя вербы ў руках людзей, у многіх з якіх на тварах — ахоўныя маскі.

Нягледзячы на пандэмію, жыццё не спыняецца, яно ідзе далей.

Набліжаецца Вялікае свята — свята перамогі Хрыста над злом і смерцю. Свята надзеі і вечнага жыцця — Вялікдзень.

Гэта свята, якое ніякае зло ніколі не азмрочыць.

Абноўлена 05.04.2020 23:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.