3 красавіка Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч запрасіў вернікаў у сувязі з пандэміяй каранавірусу ўстрымацца ад наведвання касцёлаў і ўдзельнічаць у святочных набажэнствах з дапамогай трансляцый.
У спецыяльным Паведамленні, скіраваным духавенству і вернікам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, іерарх літаральна піша наступнае:
«Звяртаюся да вернікаў, асабліва да людзей старэйшага ўзросту, асобаў з сімптомамі хваробы і да тых, хто адчувае страх заражэння, з просьбай у гэтыя складаныя дні карыстацца дыспенсай, дадзенай раней, заставацца дома і ўдзельнічаць у набажэнствах Вялікага тыдня праз сродкі масавай камунікацыі».
Кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату дзякуе за разуменне і адначасова заклікае не паддавацца паніцы. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі нагадвае пра неабходнасць асабістай малітвы і магчымасць духоўнага ўдзелу ў цэлебрацыях з дапамогаю трансляцый па тэлебачанні, на партале Catholic.by і іншых рэсурсах.
«Усведамляючы выкліканыя пандэміяй каранавірусу складанасці як у асабістым і грамадскім жыцці, так і ў рэлігійнай практыцы, усіх вернікаў даручаю апецы Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі, і святога Роха, заступніка ад заразных хваробаў, з надзеяй на іх заступніцтва перад Богам у прадухіленні гэтай хваробы і ад усяго сэрца благаслаўляю», — завяршае сваё Паведамленне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.