Пошук

03.04.2020 13:38   Catholic.by

ПАВЕДАМЛЕННЕ
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча духавенству і вернікам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

Паважаныя святары і кансэкраваныя асобы! Дарагія браты і сёстры!

У сувязі з выкліканай пандэміяй каранавірусу і складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй у Беларусі, у дапаўненне да раней выдадзеных распараджэнняў адносна святкавання Пальмовай нядзелі і Пасхальнага трыдууму паведамляю наступнае:

  1. Белтэлерадыёкампанія будзе трансляваць набажэнствы Пасхальнага трыдууму з мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі ў Вялікі чацвер і Вялікую пятніцу а 19-й гадзіне на канале «Беларусь 3», у Пасхальную вігілію ў 21.45 на канале «Беларусь 1». Таксама можна ўдзельнічаць ва ўрачыстасцях з дапамогай трансляцый на афіцыйным сайце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Catholic.by, а таксама трансляцый, арганізаваных паасобнымі парафіямі.
  2. Там, дзе ёсць такая магчымасць, прашу святароў арганізаваць набажэнствы Пальмовай нядзелі і Пасхальнага трыдууму звонку касцёлаў і цэлебраваць іх у найбольш кароткай форме, якая дазваляецца літургічнымі прадпісаннямі.
  3. Паводле старажытнай хрысціянскай традыцыі, касцёльны звон заклікаў людзей да малітвы. Прашу аднавіць гэтую традыцыю і ў касцёлах, дзе ёсць званы, званіць у іх а 12-й гадзіне, каб такім чынам заклікаць людзей да малітвы «Анёл Панскі» (у Велікодны перыяд — «Валадарка неба») або іншай малітвы да Маці Божай ў інтэнцыі спынення пандэміі.
  4. Святая Імша Хрызма адбудзецца у Вялікі чацвер, 9 красавіка 2020 года, у мінскай архікатэдры а 10-й гадзіне, у магілёўскай катэдры а 11-й гадзіне. Удзел у гэтых Імшах бяруць толькі дэканы, а таксама святары, якія пажадаюць далучыцца да цэлебрацыі. Святары, якія не будуць браць удзелу ў Імшы асвячэння алеяў, праз анлайн-трансляцыю на партале Сatholic.by могуць малітоўна яднацца з тымі, хто цэлебруе Эўхарыстыю ў мінскай катэдры, каб такім чынам выказаць святарскую салідарнасць прэзбітэрыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі разам з біскупам і аднавіць святарскія абяцанні.
  5. Звяртаюся да вернікаў, асабліва да людзей старэйшага ўзросту, асобаў з сімптомамі хваробы і да тых, хто адчувае страх заражэння, з просьбай у гэтыя складаныя дні карыстацца дыспенсай, дадзенай раней, заставацца дома і ўдзельнічаць у набажэнствах Вялікага тыдня праз сродкі масавай камунікацыі.

Дзякуючы за разуменне, заклікаю не паддавацца паніцы і разам са святым Апосталам Паўлам даверыць сябе збаўчай ласцы Хрыста: «Цешцеся надзеяй, ва ўціску будзьце цярплівыя, у малітве — трывалыя» (Рым 12, 12).

Усведамляючы выкліканыя пандэміяй каранавірусу складанасці як у асабістым і грамадскім жыцці, так і ў рэлігійнай практыцы, усіх вернікаў даручаю апецы Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі, і святога Роха, заступніка ад заразных хваробаў, з надзеяй на іх заступніцтва перад Богам у прадухіленні гэтай хваробы і ад усяго сэрца благаслаўляю

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 3 красавіка 2020 г. 

P.S. Святарам належыць прачытаць вернікам гэтае Паведамленне адразу пасля атрымання і ў Пальмовую нядзелю, 5 красавіка 2020 года.

Версія для друку ТУТ>>>

Абноўлена 03.04.2020 14:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа