У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй сёлета плануецца прамая трансляцыя па тэлебачанні не толькі святой Імшы Пасхальнай вігіліі, але таксама святой Імшы Вячэры Пана ў Вялікі чацвер і набажэнства Вялікай пятніцы.
У спецыяльным Паведамленні Пастаяннай рады Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі дыяцэзіяльным біскупам, згодна з нормамі кананічнага права Каталіцкага Касцёла, было рэкамендавана ўдзяліць дыспенсу ад абавязку ўдзелу ў нядзельнай і святочнай Імшы вернікам старэйшага ўзросту, асобам з сімптомамі хваробы, дзецям і школьнай моладзі, а таксама асобам, якія імі апякуюцца, і ўсім, хто адчувае страх заражэння.
Адпаведныя распараджэнні з дыспенсай ад абавязку ўдзелу ў святой Імшы ў нядзелі і абавязковыя ўрачыстасці былі дадзены біскупамі ва ўсіх дыяцэзіях Беларусі, акрамя Пінскай.
З мэтаю падтрымання духоўнага жыцця ў складаных умовах, у адпаведнасці з рэкамендацыямі Пастаяннай рады беларускага епіскапату былі арганізаваныя рэгулярныя відэатрансляцыі набажэнстваў на партале Catholic.by, на іншых рэсурсах, а таксама радыётрансляцыі на «Радыё Марыя». Разам з тым біскупы заахвоцілі вернікаў пры немагчымасці ўдзелу ў святой Імшы маліцца дома і прымаць духоўную святую Камунію, якой быў прысвечаны спецыяльны матэрыял на нашым партале.
У святы Пасхальны трыдуум збаўчай мукі, смерці і ўваскрасення нашага Пана Езуса Хрыста духоўна перажыць літургічныя цэлебрацыі можна будзе таксама з дапамогаю іх прамой трансляцыі, якую Бетэлерадыёкампанія тры дні запар будзе весці з мінскага катэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі.
Тэлеканал «Беларусь 3»
9 красавіка, Вялікі чацвер
- 19.00 — святая Імша Вячэры Пана
10 красавіка, Вялікая пятніца
- 19.00 — набажэнства адарацыі Святога Крыжа
- 23.20 — набажэнства Крыжовага шляху з удзелам Папы Францішка на плошчы Святога Пятра ў Рыме
Тэлеканал «Беларусь 1»
11 красавіка, Вялікая субота
- 21.45 — Пасхальная вігілія ў святую ноч Уваскрасення Пана
Узначаліць цэлебрацыі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Тэлеканал «Беларусь 4 Віцебск»
11 красавіка, Вялікая субота
- 21.00 — Пасхальная вігілія ў святую ноч Уваскрасення Пана з касцёла ў Паставах (паўтор 12 красавіка ў 7.00)
Узначаліць цэлебрацыю біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Тэлеканал «Гродна Плюс»
12 красавіка, Вялікдзень
- 7.00 — рэзурэкцыя з касцёла св. Францішка Ксавэрыя ў Гродне
Узначаліць цэлебрацыю Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.