Каталіцкія біскупы Беларусі кіруюць Пастырскі ліст да духавенства і вернікаў на Дзень святасці жыцця, які ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ва ўрачыстасць Звеставання Пана. Згодна з распараджэннем ККББ, гэты ліст належыць прачытаць у нядзелю 22 сакавіка падчас усіх святых Імшаў з удзелам вернікаў ва ўсіх касцёлах Беларусі.
Увага! Тэксты, апублікаваныя на іншых рэсурсах, не актуальныя.
ПАСТЫРСКІ ЛІСТ КАНФЕРЭНЦЫІ КАТАЛІЦКІХ БІСКУПАЎ У БЕЛАРУСІ
НА ДЗЕНЬ СВЯТАСЦІ ЖЫЦЦЯ
«Дабравольнае знішчэнне жыцця, якое толькі пачынае расквітаць, з’яўляецца здрадаю нашаму пакліканню, а таксама сувязі, што злучае паміж сабой пакаленні; сувязі, якая дазваляе нам глядзець у будучыню з надзеяй».
(Папа Францішак. Аўдыенцыя для Руху абароны жыцця ў Італіі, 2 лютага 2019 г.)
Шаноўныя браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры ў Хрысце Пану!
Літургія слова сённяшняй нядзелі запрашае нас быць сведкамі намашчэння Давіда на караля. Пан скіраваў Самуэля да Есэя з Бэтлеема, бо адзін з яго сыноў павінен быў быць намашчаны на караля. Але сярод тых, на каго паказаў Есэй, не было таго, каго выбраў Пан. «Ці гэта ўсе твае сыны?» — спытаўся Самуэль. Есэй адказаў: «Застаўся яшчэ малодшы, ён пасвіць авечак. І сказаў Самуэль Есэю: Пашлі, каб прывялі яго, бо не сядзем за стол, пакуль не прыйдзе». І сталася так. Прыйшоў той, які быў руды, меў прыгожыя вочы і прывабны выгляд (пар. 1 Сам 16, 1–13).
У Божых вачах менавіта ён адпавядаў крытэрыям, каб быць намашчаным на караля.
Пан глядзіць не на тое, што бачна для вачэй, але глядзіць на сэрца.
Пан убачыў, што сэрца Давіда сфармаванае і падрыхтаванае для таго, каб ён мог стаць каралём і валадаром.
Кім жа быў Давід? Гэта асаблівы персанаж у біблейскай гісторыі. Ён меў глыбокі асабісты кантакт з Панам Богам. У выніку гэтых адносінаў у Ізраэлі з’явіўся шацёр Давіда — месца пастаяннай малітвы. Гэты кароль паставіў на святое служэнне чатыры тысячы музыкаў і спевакоў, адзіным заданнем якіх было праслаўляць Бога.
Што ж адбылося ў жыцці Давіда, што так яго ўзрушыла і развіло ў ім такую вялікую пабожнасць? Давід быў выбраны Богам, намашчаны, пасвіў авечак і ў першынстве быў абмінуты. Ён мусіў без нічога стаць перад Галіятам, будучы абмежаваным у сваіх сілах. Але, нягледзячы на гэта, перамог. Давід грашыў, каяўся за правіны і моцна трымаўся Пана, бо Ён быў для яго па-над усім. Можна сказаць, што Богу найбольш падабалася яго сэрца.
Давід быў перадусім чалавекам, які ўсім сэрцам шукаў Пана Бога, прагнуў Яго і любіў на кожным этапе свайго жыцця.
Гісторыя Давіда — гэта, з аднаго боку, гісторыя вялікіх поспехаў, як перамога над Галіятам і заняцце каралеўскага трону, а з іншага — гэта тая частка жыцця, калі ён быў пастухом, забытым нават сваімі блізкімі: калі прыйшоў Самуэль, бацька паказаў семярых сыноў, а пра Давіда забыўся.
Давід — гэта чалавек, у якога было некалькі сур’ёзных маральных падзенняў у жыцці. Але пры ўсім гэтым ён заўсёды вяртаўся да Пана Бога, якога шукаў і любіў. Таму сэрца Давіда было для Бога асаблівым сэрцам. Давід на працягу ўсяго жыцця быў чалавекам, які любіў Пана Бога, ішоў за Ім, уставаў пасля падзенняў дзякуючы таму, што быў заўсёды побач з Ім.
Сёстры і браты, гісторыя Давіда паказвае нам, што Пан Бог — добры і міласэрны, увесь час хоча быць з намі і суправаджаць нас на ўсіх сцежках нашага жыцця.
Праз некалькі дзён мы будзем разам святкаваць урачыстасць Звеставання Пана, галоўнай гераіняй якой з’яўляецца Марыя. Як жа Яна падобная да ўзгаданага вышэй Давіда! Гэты дзень называецца Днём святасці жыцця, бо менавіта ў гэты дзень мы скіроўваем нашыя думкі і ініцыятывы ў бок тых, хто працуе на карысць абароны жыцця.
Богу спадабалася сэрца Панны Марыі, бо Ён выбраў Яе быць Маці Божага Сына. Бог выбраў тое, што высакароднае ў Ягоных вачах. Прыгожая, але сціплая і небагатая дзяўчына са звычайнай сям’і была запрошана стаць пасрэдніцай у справе збаўлення чалавека. Чаму? Таму што Богу спадабалася сэрца Марыі.
Марыя з’яўляецца маладой яўрэйкай. Ведае боль і прыніжэнне. Але адначасова Яна бачыць у Богу вялікую падтрымку ў штодзённасці і надзею.
Марыя ведае, што Бог — верны, і чакае, што абяцаны Ім Адкупіцель прыйдзе ў свет.
Марыя вядзе звычайнае жыццё, характэрнае для Яе часоў. Што гэта за жыццё? У тыя часы палестынскія жанчыны мелі ніжэйшы сацыяльны статус у параўнанні з мужчынамі. Яны ва ўсім залежалі ад сваіх мужоў. Не мелі, напрыклад, права выступаць у судзе ў якасці сведкаў. Але гэта не перашкаджала ім падтрымліваць цёплую атмасферу ў сваіх сем’ях і дзяліцца з іншымі любоўю і аказваць пашану.
Бог цярпліва шукае і знаходзіць сэрца Марыі. А Яна ахвяруе сваё сэрца, каб даць жыццё для Езуса, Божага Сына. Яе сэрца прымае іншых, чужых, бо можа прыняць Бога, якога не бачыць.
Падобна і мы, сёстры і браты, на кожным этапе нашага жыцця павінны мець свядомасць таго, што Бог выбраў менавіта нас, менавіта наша сэрца.
Мы Яго выбраныя. Гэта падмурак нашай ідэнтычнасці. Бог не глядзіць на наш сацыяльны статус, на тое, дзе мы працуем, кім з’яўляемся, але на сэрца. Калі прымем гэтую праўду, то станем непераможнымі, як Давід. Наша сэрца будзе непераможным, паколькі будзе чэрпаць сілу з блізкасці да Бога. Тады таксама для нас перастане мець значэнне тое, ці мы пасвім авечак, ці жывем у каралеўскім палацы. Мы, як Давід, будзем мець свядомасць, што Пан паклікаў нас, каб мы былі Яго ўласнасцю і жылі перад Яго абліччам.
Ужо шмат гадоў у паўсюдным Касцёле, а таксама ў нашым мясцовым, практыкуецца так званае «духоўнае ўсынаўленне». Гэта малітва ў інтэнцыі дзіцяці, якому пагражае аборт, і за яго бацькоў. Кожны раз яна працягваецца дзевяць месяцаў, а пачынаецца ва ўрачыстасць Звеставання Пана. Гэта, аднак, не азначае, што духоўнае ўсынаўленне нельга распачаць у іншы дзень.
Папа Францішак сказаў: «Калі само жыццё знаходзіцца пад пагрозаю ўжо на пачатку існавання, то тое, што застаецца, перастае быць поўным удзячнасці прыняццем і захапленнем дарам, але халодным разлікам таго, што мы маем і чым можам распараджацца. Наколькі ж драматычным з’яўляецца погляд, на жаль, распаўсюджаны і ўкаранёны, які прадстаўляе аборт як права чалавека! Як шмат пакутаў ён прыносіць самым слабым з нашых братоў!» (Аўдыенцыя для Руху абароны жыцця ў Італіі, 2 лютага 2019 г.)
Чым жа канкрэтна з’яўляецца «духоўнае ўсынаўленне»?
Гэта абяцанне, дадзенае Богу, якое складаецца з малітоўнай пастановы канкрэтнай асобы ў інтэнцыі дзіцяці, якому пагражае забойства ва ўлонні маці. Чалавек таксама абавязваецца маліцца аб годным жыцці гэтага дзіцяці пасля нараджэння. Прычым імя дзіцяці ведае толькі Бог.
Сутнасць «духоўнага ўсынаўлення» ў штодзённай спецыяльнай малітве ў інтэнцыі дзіцяці і яго бацькоў, а таксама адной таямніцы Ружанца і дабравольна прынятых рэлігійных практыках, як святая Камунія, пост, дабрачыннасць. Ёсць і іншае вымярэнне «духоўнага ўсынаўлення», якое заключаецца ў тым, што абяцанне Богу мае вялікую рэлігійную каштоўнасць для самога чалавека, які штосьці абяцае. Яно духоўна яго ўмацоўвае, больш мабілізуе на руплівае хрысціянскае жыццё, паглыбляе сувязь з Богам.
З набліжэннем Дня святасці жыцця, які адзначаецца ва ўрачыстасць Звеставання Пана, мы заахвочваем да гэтай малітвы найперш святароў і кансэкраваных асобаў.
Вашыя адносіны да гэтага і прыклад паказваюць вернікам, як трэба дзейнічаць. Просім таксама, каб як мага больш вернікаў і людзей добрай волі далучалася да гэтай формы малітвы. Такое пакліканне Касцёла, а гэта значыць усіх нас, якія належым да яго. Будзем жыць з перакананнем, што кожны чалавек, а значыць і той, які знаходзіцца ва ўлонні маці, належыць толькі Богу.
Ад усяго сэрца благаслаўляем вас на трывалую малітву і рэлігійныя практыкі ў інтэнцыі абароны жыцця, якое знаходзіцца пад пагрозаю.
Каталіцкія Біскупы Беларусі
Гэты ліст належыць прачытаць у нядзелю перад урачыстасцю Звеставання Пана, 22 сакавіка 2020 г., падчас усіх святых Імшаў з удзелам вернікаў ва ўсіх касцёлах Беларусі.