Пошук

14.03.2020 09:05   Тэкст: а. Яўген Голуб OFMConv / Catholic.by

Навошта каму новыя відэа пра веру, калі іх і так безліч на youtube? Плюс яшчэ назву нейкую выбралі недарэчную — «Камертон». Яны тут што: на музычных інструментах граць збіраюцца?..

Мы прызвычаіліся, што ў сучаснасці існуе катэхізіс, праўды веры, пададзеныя нам як на падносе, да вучэння Сабораў і Пантыфікаў можна звярнуцца за некалькі хвілін. Вера здаецца нам такім маналітам, што некаторыя хрысціяне баяцца нават задаваць сабе пытанні адносна яе, каб выпадкова гэты маналіт не парушыць.

І нешта ў гэтым ёсць, аднак няслушна было б верыць, што менавіта ў наш час Бог вызваліў людзей ад патрэбы шукаць праўду. Напэўна, нам у гэтым прасцей, чым папярэднікам у веры, што не мелі ні катэхізісу, ні кананічнага права, а толькі свой асабісты досвед укрыжаванага і ўваскрослага Хрыста, які даў пачатак супольнасці Касцёла.

Аднак не заўсёды хрысціяне ведалі, якімі словамі апісаць тое, у што вераць. Чым больш хацелі выявіць боскую таямніцу, якая іх закранула, тым больш паўставала ў іх пытанняў.

З цягам часу кожны музычны інструмент, незалежна ад таго, грае ён ці пыліцца ў куце, патрабуе камертону. Калі не настроіць яго, слухач пачуе фальш і дысгармонію. Сярод розных мелодый, што спрабавалі выразіць Божую таямніцу, як кожнаму музыканту хацелася, часам гучалі фальшывыя ноты. На мове веры мы называем іх ерасямі.

У гэтай серыі відэа мы прапануем «выцерці пыл» са старых ерасяў першых стагоддзяў Касцёла і добра да іх прыгледзецца. Навошта? Бо кожная з іх пакінула нейкую спадчыну, ідэю, якая існуе і сёння. Пастараемся прыгледзецца да некаторых з іх не толькі таму, што яны па нейкіх прычынах асаблівыя ці цікавыя, а перш за ўсё таму, што яны і сёння надзвычай жывыя, у папулярных вераваннях і перакананнях. Яны гучаць, фальшывяць і патрабуюць «камертону».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.