12 сакавіка ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбыўся круглы стол на тэму «Езуіты ў Беларусі: гісторыя і дзейнасць».
Як паведамляе Jezuity.by, у прывітальным слове дырэктар Інстытута гісторыі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вячаслаў Даніловіч адзначыў важнасць і неадназначнасць гісторыі прысутнасці езуітаў на беларускіх землях, неабходнасць яе вывучэння і абмену вынікамі даследванняў. Прывітальнае слова з заклікам да адкрытасці і станоўчага стаўлення да дзейнасці езуітаў, падмацаванае экскурсам у гісторыю ордэна, ад імя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча зачытаў кусташ Беларускай кустодыі ордэна меншых братоў капуцынаў бр. Алег Шэнда OFMcap.
Доктар гістарычных навук, загадчык аддзела гістарыяграфіі і метадаў гістарычнага даследавання Інстытута гісторыі НАН Беларусі Андрэй Мяцельскі патлумачыў, што круглы стол быў арганізаваны з нагоды 200-годдзя забароны Таварыства Езуса ў Расійскай імперыі, у склад якой уваходзілі ў той час беларускія землі.
У працы круглага стала прымалі ўдзел супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, НДІ і Музея антрапалогіі імя М. В. Ламаносава (Масква), Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.
У дакладах, якія прагучалі падчас працы круглага стала, разглядаліся мясцовыя асаблівасці дзейнасці Таварыства Езуса на беларускіх землях ВКЛ у 1569–1773 гг., ідэалагічныя асновы будаўніцтва езуіцкіх храмаў і калегіумаў, гісторыя Мсціслаўскага і Мінскага калегіумаў, вынікі гістарычных, генетычных і антрапалагічных даследванняў (у тым ліку палеантрапалагічныя матэрыялы) пахаванняў XVII–XVIII стст. у крыпце і побач з касцёлам Божага Цела ў Нясвіжы, асаблівасці адукацыйнай дзейнасці езуітаў на тэрыторыі Беларусі і самой унікальнай сістэме езуіцкай адукацыі.
Асобныя даклады былі прысвечаны прычынам забароны дзейнасці ў 1820 г., працэсу рэалізацыі Указа імператара Аляксандра І аб высылцы езуітаў і скасаванні Полацкай езуіцкай акадэміі і іншых навучальных устаноў, у тым ліку былі агучаны ўспаміны сучаснікаў гэтай падзеі.
Быў прадстаўлены і кароткі гістарычны агляд прысутнасці езуітаў у Заходняй Беларусі ў міжваенны час 1924–1939 гг. і ў складзе БССР.
Падводзячы вынікі круглага стала, яго мадэратар кандыдат гістарычных навук Раіса Зянюк, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, адзначыла:
«Мы пастараліся на невялікім мерапрыемстве прасачыць гісторыю ордэна на беларускіх землях і рэалізавалі гэта ў наступных тэматычных блоках: гісторыя станаўлення (У. Я. Ляўшук) антрапалагічных даследаванняў (М. М. Памазанаў), гісторыі і традыцый культавага дойлідства езуітаў (Т. В. Габрусь, А. А. Мяцельскі), адукацыйнай дзейнасці (А. Ф. Самусік, А. А. Жлутка), палітыкі расійскіх уладаў адносна ордэна і працэсу арганізацыі высылкі езуітаў з Беларусі (Р. У. Зянюк, А. М. Філатава), працы езуітаў у Беларусі ў XX ст. (Р. У. Зянюк).
Нягледзячы на контраверсійныя ацэнкі дзейнасці ордэна ў гістарыяграфіі, бясспрэчнымі застаецца роля Таварыства ў сферы адукацыі, архітэктуры, дабрачыннасці. Усе даклады будуць пазней апублікаваныя».