Пошук

05.03.2020 09:59   Паводле: Сястра Дар’я Галубкова OV / Catholicnews.by / Фота: Catholicnews.by / Catholic.by

15 сакавіка Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas Віцебскай дыяцэзіі адзначыць 20-годдзе свайго існавання.

Матэрыял сястры Дар’і Галубковай OV з парталу Catholicnews.by знаёміць з дзейнасцю гэтай дабрачыннай арганізацыі Касцёла на Віцебшчыне.

Структуры Caritas існуюць ва ўсім каталіцкім свеце, але ў кожнай дыяцэзіі таварыства мае ўласныя адметныя рысы і кірункі дзейнасці, адпаведныя актуальным патрэбам пэўнай супольнасці.

З нагоды 20-годдзя Caritas Віцебскай дыяцэзіі знаёмімся з праектамі і акцыямі, якія рэалізавала гэтая арганізацыя ў апошні час.

Цэнтр дзённага знаходжання для людзей з інваліднасцю

Дзейнічае пры Caritas Віцебскай дыяцэзіі з 2003 года. Штодзённа, акрамя выходных, маладыя людзі з інваліднасцю займаюцца тут рукадзеллем, творчасцю, музыкай, працуюць на камп’ютары, гатуюць смачныя стравы і проста сустракаюцца за кубкам гарбаты.

Цэнтру рэгулярна дапамагаюць валанцёры, якія таксама арганізуюць для наведвальнікаў святочныя імпрэзы.

Падобныя асяродкі дзейнічаюць і пры парафіяльных арганізацыях Caritas у Мёрах і Глыбокім. Сёння цэнтры наведвае больш за 60 людзей з інваліднасцю.

Студыя інклюзіўнага танцу «Імпэт»

Дзейнічае пры Caritas Віцебскай дыяцэзіі ўжо чацвёрты год. Яна аб’ядноўвае аматараў танцу, прычым для ўдзельнікаў ні інваліднасць, ані ўзрост не з’яўляюцца абмежаваннямі.

Танцоры ахвотна прымаюць удзел у канцэртах, конкурсах і майстар-класах. За апошні год удзельнікі студыі шмат разоў выступалі ў Віцебску, Лепелі, Ушачах. Caritas таксама арганізаваў інклюзіўны танцавальны фестываль у межах V парафіяды дзяцей і моладзі Віцебскай дыяцэзіі.

У кастрычніку студыя «Імпэт» ужо ў трэці раз была прадстаўлена на Міжнародным дабрачынным танцавальным фестывалі «Вялікі кубак Inclusive dance» ў Маскве, прычым адразу дзвюма інклюзіўнымі парамі танцораў, якія атрымалі ўзнагароды за артыстызм.

Праца з пажылымі і хворымі людзьмі

Дырэктар Caritas Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Андрэй Аніскевіч — рэгулярны госць на сустрэчах для пажылых асоб пры катэдральнай парафіі ў Віцебску.

Ксёндз Андрэй Аніскевіч з падапечнымі. Фота кс. Віктара Місевіча

Разам з групай верніц раз на месяц яны наведваюць сяброў у Варонаўскім доме-інтэрнаце. Кожны аўторак у капліцы ў Віцебскім абласным анкалагічным шпіталі ксёндз Андрэй цэлебруе святую Імшу і спавядае хворых.

Дапамога малазабяспечаным

Віцебскі Caritas сумесна з партнёрамі з Лінца (Аўстрыя) нясе дапамогу тым, каму яна асабліва патрэбная, у выглядзе прадуктаў харчавання, адзення, абутку, дроваў.

Дапамога Віцебскаму гарадскому цэнтру часовага (начнога) знаходжання для бяздомных

Caritas рэгулярна закупляе прадукты харчавання (крупы, муку, цукар, кансервы, алей, макароны, печыва, гарбату) і сродкі гігіены для людзей без сталага месца жыхарства.

На Вялікдзень і Божае Нараджэнне яны атрымліваюць ад Caritas святочныя падарункі.

Дапамога дзецям разам з Caritas Прага

Дзеці са шматдзетных, малазабяспечаных сем’яў і сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, з розных раёнаў Віцебскай вобласці два разы на год атрымліваюць фінансавую дапамогу для набыцця адзення, абутку, школьных прыладаў ці для аплаты навучання ад дабрачынцаў Caritas Прага.

Для дзяцей таксама арганізуюцца святочныя мерапрыемствы.

Улетку 2019 года група з 50-і чалавек падарожнічала ў Чэхію.

На сённяшні дзень у праекце бяруць удзел каля 500 дзяцей і сем’яў.

Дапамога анкалагічна хворым дзецям

Пачынаючы з 2005 года, Caritas набывае імунна-пратэктарныя лекі для дзяцей, хворых на рак.

Для іх таксама арганізуюцца святы на Дзень абароны дзіцяці, уручаюцца падарункі на Божае Нараджэнне.

Інтэграцыйныя святліцы для дзяцей

У 2019 годзе пры падтрымцы Caritas Польшча і праграмы «Польская дапамога» Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча віцебскі Caritas адрамантаваў і адкрыў інтэграцыйныя святліцы для дзяцей пры парафіях Езуса Міласэрнага ў Віцебску, Святой Тройцы ў Глыбокім, Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе.

Першыя такія святліцы былі адкрытыя ў 2018 годзе ў Лепелі і Мёрах. Таксама ўжо трынаццаць гадоў дзейнічае святліца пры парафіі ў Лынтупах, якую падтрымлівае Caritas разам з замежнымі партнёрамі: Renovabis i Kindermission.

У святліцах адбываюцца заняткі па катэхезе, кулінарыі, творчыя майстэрні. Дзеці і моладзь разам з выхавальнікамі рыхтуюць хатнія заданні, гуляюць, ладзяць святы.

У 2019–2020 навучальным годзе святліцы наведваюць каля 260 дзяцей.

Дапамога дзецям з каталіцкіх парафій Віцебскай дыяцэзіі

Caritas Віцебск рэалізуе наступныя праекты для дзяцей:

  • арганізацыя летняга адпачынку «Канікулы з Богам»;
  • салодкія падарункі на свята Божага Нараджэння і для ўдзельнікаў Дыяцэзіяльнага конкурсу батлеек;
  • на 2019–2020 навучальны год у межах праекту «Пазнаём сваю веру» парафіі Віцебшчыны атрымалі падручнікі для катэхезы;
  • парафіі Віцебскай дыяцэзіі былі забяспечаныя канцылярскімі прыладамі для заняткаў па рэлігіі
  • фінансавая падтрымка і дапамога валанцёраў у арганізацыі V парафіяды дзяцей і моладзі Віцебскай дыяцэзіі.

Дыяцэзіяльны конкурс на веданне Святога Пісання

Упершыню адбыўся ў Віцебскай дыяцэзіі ў 2019 годзе. У ім узялі ўдзел 220 дзяцей з 26-і парафій.

Амаль усю арганізацыю ўзяў на сябе Caritas Віцебск: падрыхтавана каля 300 пытанняў, уручана 65 падарункаў для фіналістаў і катэхетаў, выкарыстана праца 20 валанцёраў.

Неўзабаве распачнецца Другі дыяцэзіяльны конкурс на веданне Святога Пісання, прысвечаны кнізе Зыходу.

Іншыя кірункі дзейнасці

Па ініцыятыве віцебскага Caritas каталіцкі псіхолаг чатыры разы на месяц праводзіць бясплатныя сустрэчы і кансультацыі па сямейных пытаннях у сядзібе Caritas, а таксама ў парафіях дыяцэзіі.

Caritas Віцебскай дыяцэзіі аказвае дапамогу розным дзяржаўным сацыяльным установам Віцебскай вобласці, якім не стае бюджэтных сродкаў для нармальнага функцыянавання.

Варта адзначыць, што акрамя галоўнай сядзібы Caritas у Віцебску, пры васьмі парафіях Віцебскай дыяцэзіі існуюць парафіяльныя арганізацыі Caritas.

У мінулым годзе парафіяльны Caritas у Глыбокім у чарговы раз праводзіў фестываль «Мы разам!», які збірае маладых людзей з інваліднасцю з усёй Віцебшчыны.

Валанцёрскі рух Caritas Віцебск

Дабрачынная праца немагчымая без валанцёраў. Гэта людзі рознага ўзросту, прафесіі і веравызнання, якія ахвяруюць свой час, здольнасці і адкрытае сэрца бліжнім.

Сёння ў Віцебску задзейнічаны 30 пастаянных валанцёраў Caritas, у тым ліку адзін доўгатэрміновы замежны валанцёр. Гэтыя людзі наведваюць дзяцей у Віцебскім дзіцячым доме, у дзіцячым аддзяленні Віцебскага абласнога псіхіятрычнага шпіталя, у школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннем слыху. Яны таксама апякуюцца дзецьмі падчас летнікаў, праводзяць дабрачынныя акцыі сярод жыхароў горада, дапамагаюць у цэнтры для людзей з інваліднасцю, у інтэграцыйнай святліцы, у офісе Caritas.

Валанцёры дзейнічаюць і пры парафіяльных арганізацыях Caritas, працуючы з дзецьмі, людзьмі з інваліднасцю, несучы дапамогу тым, каму яна патрэбная, на тэрыторыі парафіі.

Для валанцёраў арганізуюцца трэнінгі, семінары, паездкі. Попыт на такіх людзей вялікі, і кожнаму знойдзецца, чым заняцца.

Caritas Віцебскай дыяцэзіі шчыра дзякуе святарам, кансэкраваным асобам і ўсім вернікам, якія сваімі ахвяраваннямі і малітвамі падтрымліваюць дабрачынную дзейнасць ужо на працягу дваццаці гадоў.

Абноўлена 05.03.2020 16:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа