Пошук

04.03.2020 10:59   Catholic.by
Біскуп Георг Бэтцінг / m.faz.net

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч скіраваў віншаванне новаабранаму кіраўніку епіскапату Германіі біскупу Лімбургскаму Георгу Бэтцінгу, які 2 сакавіка змяніў на гэтай пасадзе кардынала Рэйнхарда Маркса.

«Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прыміце самыя сардэчныя зычэнні з нагоды Вашага абрання Старшынёй Канферэнцыі Біскупаў Германіі.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі ўдзячны за дапамогу, якую нам аказваюць нямецкія католікі. Без яе немагчыма было б уявіць сабе адраджэнне нашага Касцёла пасля трох пакаленняў ганенняў.

Няхай святы Баніфацый, нябесны апякун Германіі, выпрошвае Вам у Бога патрэбныя ласкі для мудрага кіравання нямецкім Касцёлам у наш складаны час, калі неабходна імгненна чытаць выклікі часу і на іх адказваць.

Запэўніваю ў малітве ў інтэнцыі служэння Вашай Эксцэленцыі як Касцёлу ў Германіі, так і паўсюднаму Касцёлу, і выказваю надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва паміж нашымі епіскапатамі», — напісаў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч свайму новаабранаму нямецкаму калегу.

Біскупу Георгу Бэтцінгу 58 гадоў, ён паходзіць з Рэйнланд-Пфальца, зямлі ў паўднёва-заходняй частцы Германіі. У дзяцінстве і юнацтве быў міністрантам, спяваў у касцёльным хоры і граў на аргане. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у духоўную семінарыю. Вывучаў філасофію і тэалогію ва ўніверсітэтах Трыра і Фрайбурга. Пасля абароны дактарату стаў рэктарам Трырскай вышэйшай духоўнай семінарыі. Ён быў адным з арганізатараў пілігрымкі да найкаштоўнейшай рэліквіі катэдры ў Трыры — тканай тунікі Езуса, якая ў 2012 годзе была выстаўлена ў святыні ўпершыню з 1996 года.

Быў прызначаны біскупам Лімбургскім у 2016 годзе. Біскупскае пасвячэнне прыняў з рук Мітрапаліта Кёльнскага арцыбіскупа Райнера Вёлькі.

Абноўлена 04.03.2020 12:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця