Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Германіі кардынал Рэйнхард Маркс у лісце, скіраваным да нямецкіх біскупаў, паведаміў, што не будзе выстаўляць сваю кандыдатуру на гэтую пасаду на другі тэрмін.
Як паведаміла польская рэдакцыя парталу Vatican News, іерарх падкрэсліў, што ўжо цвёрда гэта вырашыў.
«На заканчэнне магчымага другога тэрміну мне будзе 72 гады, і тады наблізіцца да завяршэння маё заданне ў якасці арцыбіскупа Мюнхена і Фрайзінга.
Я лічу, што цяпер настала чарга маладога пакалення», — адзначыў кіраўнік нямецкага епіскапату. Ён дадаў, што было б добра, каб на гэтай пасадзе часцей адбываліся змены.
«Я меў шчасце служыць у якасці Старшыні Канферэнцыі Біскупаў Германіі», — напісаў 66-гадовы кардынал і прывёў цытату з Кнігі Эклезіяста: «Усё мае свой час».
Кардынал Маркс зазначыў, што і надалей будзе актыўна працаваць у канферэнцыі біскупаў, асабліва на Сінадальным шляху, які, паводле яго, добра распачаўся.
Разам з тым іерарх жадае больш часу прысвяціць сваёй архідыяцэзіі Мюнхена і Фрайзінга, дзе на гэты год запланаваныя сур’ёзныя структурныя рэформы.
Выбары новага Старшыні Канферэнцыі Біскупаў Германіі павінны адбыцца на пленарным пасяджэнні нямецкага епіскапату, якое пройдзе з 2 па 5 сакавіка ў Майнцы.