Пошук

29.02.2020 12:22   Тэкст: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота Віктара Ведзеня

На працягу Вялікага посту ў сталічнай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску штодзённа моляцца праз заступніцтва святога Роха, каб Бог захаваў ад распаўсюджвання эпідэміі каранавірусу ў Беларусі і ў свеце.

27 лютага смяротна небяспечны вірус быў выяўлены таксама ў нашай краіне.

Фота Аляксандры Шчыглінскай

«Мы, хрысціяне, веруючыя людзі, не схільныя з-за гэтага паддавацца паніцы, бо ведаем, што ўсё ў руках Бога. Мы давяраем Яму і просім, каб Ён сваёю моцаю захаваў нас, нашыя сем’і і нашых блізкіх ад усялякага зла, у тым ліку ад пошасці і ад раптоўнай смерці.

Малітва мае вялікую моц, асабліва калі яна падтрыманая святымі — нашымі нябеснымі заступнікамі, хадайнікамі перад Богам», — гаворыць пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску ксёндз канонік Юрый Санько.

У Каталіцкім Касцёле святы Рох з Манпелье лічыцца асаблівым апекуном, заступніцтва якога ратуе ад пошасцяў і эпідэмій. Ужо пры жыцці гэтага незвычайнага чалавека, які раздаў сваю маёмасць патрабуючым і як бедны пілігрым вандраваў па Еўропе, адбываліся цуды. Па яго малітве мноства людзей атрымлівалі аздараўленне ад розных хваробаў.

Святы Рох, які ўсё сваё зямное жыццё прысвяціў дапамозе церпячым братам, і з нябёсаў працягвае апекавацца тымі, хто просіць яго абароны і заступніцтва, паратунку ад хваробы. Удзячныя вернікі ў многіх краінах ушаноўваюць яго як цудадзейнага нябеснага лекара.

У найстарэйшай каталіцкай супольнасці Мінска таксама існуе традыцыйны культ святога Роха, імя якога нават стала другім тытулам залатагорскай парафіі. Напрыканцы XVIII ст., калі ў Мінску і ваколіцах лютавала эпідэмія халеры, пабожныя жыхары звярнуліся з просьбай аб заступніцтве да святога Роха — ратаўніка ад пошасці і заразы. Малітвы былі выслуханы, і эпідэмія адступіла.

«Менавіта таму па ініцыятыве нашых вернікаў, у прыватнасці, з супольнасці „Маці ў малітве“, мы вырашылі на працягу Вялікага посту штодзённа маліцца праз заступніцтва нябеснага апекуна нашай парафіі святога Роха, каб Бог уратаваў нас ад распаўсюджвання новай эпідэміі — каранавірусу. Пра вялікую моц малітвы сведчаць таксама медыкі, якіх нямала ў нашай парафіі. 

Мы верым, што і сёння, у ХХІ стагоддзі, малітва не страціла сваёй актуальнасці і моцы і што, як і трыста гадоў таму, заступніцтва святога Роха зноў захавае наш горад і нашу краіну ад пошасці», — упэўнены ксёндз Юрый Санько.

Цяпер у залатагорскім касцёле пасля кожнай святой Імшы вернікі моляцца літанію да святога Роха ў інтэнцыі захавання ад распаўсюджвання каранавірусу ў Беларусі і ў свеце.

Інтэр’ер залатагорскага касцёла ў ХІХ ст. на гравюры Эдварда Гараздоўскага. Справа на бакавым алтары — цудадзейная фігура святога Роха.

Літанія — гэта асаблівая форма малітвы, што складаецца з шэрагу заклікаў-просьбаў. Сёння ў Касцёле ёсць восем літаній, зацверджаных для публічнай малітвы, і літанія да святога Роха ў гэтую лічбу не ўваходзіць. Аднак з увагі на даўнюю традыцыю і асаблівы культ святога Роха ў парафіі на Залатой Горцы першы арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі кардынал Казімір Свёнтэк даў дазвол на публічнае чытанне літаніі да святога Роха ў гэтым сталічным касцёле.

Таму сёння ўсе жадаючыя могуць далучыцца да супольнай малітвы перад фігурай святога Роха ў залатагорскай святыні, якая знаходзіцца на месцы страчанай у савецкі час пераследу веры цудадзейнай выявы святога заступніка Мінска.

Святыя Імшы тут цэлебруюцца ў 8.00 і 18.30 па буднях і ў 9.00, 11.00, 12.30 і 19.00 па нядзелях. Адрас касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы: пр-т Незалежнасці, 44-А (станцыя метро «Плошча Перамогі», за Палацам мастацтва, што праз дарогу ад крамы «Акіян»).

Святы Рох у вязніцы ў Манпелье. Невядомы мастак французскай школы / artuk.org

Малітва аб заступніцтве святога Роха

Божа, Цябе праслаўляюць усе святыя, просьбы якіх Ты выслухоўваеш, прыносячы палёгку ўсім, хто просіць апекі Тваіх абраннікаў. Учыні, каб тыя, хто ўшаноўвае святога Роха, праз яго заступніцтва былі вызвалены ад цяжкіх і заразных хваробаў, якія святому Роху самому давялося зносіць.

Просім аб гэтым праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Абноўлена 29.02.2020 20:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.