Пошук

25.02.2020 11:11   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Фота: Аляксандра Шчыглінская / Catholic.by

26 лютага прыпадае Папяльцовая серада — дзень, у які ў Каталіцкім Касцёле распачынаецца Вялікі пост, або саракадзённы перыяд пакаяння і ўстрымання ад удзелу ў гучных забавах.

Лічба 40 сімвалізуе ў Святым Пісанні акрэсленую працягласць часу, прызначанага на выкананне пэўнага задання або збаўчага дзеяння Бога. У Вялікім посце Касцёл бачыць не толькі своеасаблівае адлюстраванне сарака дзён, праведзеных Езусам у малітве і посце ў пустыні, што папярэднічалі распачаццю Яго публічнага служэння.

Хрыстус у пустыні. Мастак Іван Крамской / wikipedia.org

У ім чуваць рэха яшчэ трох вялікіх падзей, апісаных у Бібліі. Гэта, па-першае, сорак дзён патопу, пасля чаго Бог заключыў саюз-запавет з Ноем; па-другое, сорак гадоў вандравання ізраэльскага народа па пустыні з егіпецкай няволі ў абяцаную зямлю; і, па-трэцяе, сорак дзён, на працягу якіх Майсей знаходзіўся на гары Сінай, дзе атрымаў ад Бога Дзесяць Запаведзяў.

Пост служыць асабістаму навяртанню, духоўнаму аднаўленню і ўмацаванню сувязі з Богам праз малітву, устрыманне і справы міласэрнасці.

Перыяды і дні пакаяння ў Каталіцкім Касцёле з’яўляюцца адмысловым часам духоўных практыкаванняў, добраахвотных абмежаванняў і ахвяраванняў. На гэты перыяд прынята рабіць пастановы, гэта значыць прымаць на сябе пэўныя абавязацельствы.

Ілюстрацыйнае фота: Cathopic

Так, дзеці на час Вялікага посту могуць добраахвотна абмежаваць сябе ў салодкім і пастарацца больш дапамагаць бацькам; падлеткі і моладзь — скараціць час, які яны праводзяць у сеціве, і штодзённа рабіць добры ўчынак; дарослыя — адмовіцца ад ужывання алкаголю ці ад прагляду серыялаў і больш часу прысвяціць малітве і чытанню Бібліі.

Насамрэч, кожны ў адпаведнасці са сваёй канкрэтнай жыццёвай сітуацыяй бярэ такія пастановы, якія сапраўды дапамогуць яму змяніцца да лепшага і стаць чалавекам больш духоўным.

Традыцыйна Вялікі пост — гэта таксама час падрыхтоўкі катэхуменаў да сакрамэнту хросту. Кожная велікапосная нядзеля прысвечана чарговаму этапу ўводзінаў у таямніцы хрысціянскай веры, а ў Пасхальную Вігілію ў святую ноч адбываецца сам хрост.

У першыя стагоддзі хрысціянства падрыхтоўка да пасхальных святаў працягвалася толькі 40 гадзін, аднак з цягам часу яна паступова падаўжалася. Упершыню пра саракадзённы пост узгадвае святы Атаназій Александрыйскі ў пастырскім лісце на Вялікдзень 334 года.

Распачынаецца Вялікі пост абрадам пасыпання галоваў попелам. Гэтае літургічнае дзеянне суправаджаецца словамі: «Памятай, што ты прах і ў прах вернешся» альбо: «Навяртайцеся і верце ў Евангелле».

Сімвалічнае пасыпанне галоваў попелам вядомае ў многіх культурах і традыцыях. Яно сустракалася як у старажытных Егіпце і Грэцыі, так і ў індзейскіх плямёнаў. Пра гэты звычай узгадваецца таксама на старонках Святога Пісання, напрыклад, у кнігах Ёны і Ёэля.

У літургіі Касцёла гэтая практыка з’явілася ў VIII стагоддзі. Першыя ўспаміны пра благаслаўленне попелу адносяцца да Х стагоддзя. У наступным стагоддзі Папа Урбан ІІ зрабіў гэты звычай абавязковым ва ўсім Касцёле. З таго ж часу прынята, каб попел быў са спаленых галінак вярбы, благаслаўлёных у Пальмовую нядзелю мінулага года.

Літургія ў перыяд Вялікага посту адрозніваецца асаблівай стрыманасцю. Падчас Імшы не гучыць радасны хваласпеў «Аллелюя» і гімн «Хвала на вышынях Богу», выкарыстоўваецца літургічнае адзенне фіялетавага колеру, які сімвалізуе пакаянне, святыні не прынята ўпрыгожваць кветкамі, а арган гучыць толькі для падтрымання спеву. У гэты час у касцёлах адбываюцца набажэнствы Крыжовага шляху і Песні жальбы, асаблівым чынам прысвечаныя духоўнаму разважанню збаўчых цярпенняў Хрыста.

Сутнасць Вялікага посту — падрыхтоўка да самага галоўнага свята ўсіх хрысціянаў: Вялікадня, або Пасхі.

Сёлета ў Касцёле на Беларусі па рашэнні епіскапату Першая нядзеля Вялікага посту, якая прыпадае на 1 сакавіка, абвешчана днём пакаяння і перапрашэння за ўсе знявагі Бога, учыненыя сынамі і дочкамі нашага народа. У гэты дзень ва ўсіх касцёлах будуць цэлебравацца святыя Імшы ў гэтай інтэнцыі, а таксама адбудуцца адмысловыя набажэнствы перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Значэнне такога перапрашэння каталіцкія біскупы Беларусі тлумачаць у спецыяльным лісце, скіраваным да вернікаў. Таксама на перыяд Вялікага посту Пастырскае пасланне скіраваў Мірапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У ноч з 28 на 29 сакавіка ў мінскім касцёле святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) моладзь збярэцца на традыцыйнае велікапоснае начное чуванне. Сёлета яно пройдзе на тэму: «Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!» Гэтыя словы святога Яна Паўла ІІ сугучныя дэвізу Пастырскага года, які перажывае сёлета Касцёл на Беларусі.

Вялікі пост завершыцца 9 красавіка, у Вялікі чацвер, калі распачнецца святы Пасхальны Трыдуум — тры дні, прысвечаныя літургічнаму ўспаміну Пасхальнай таямніцы мукі, смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста.

Вялікдзень сёлета прыпадае на 12 красавіка.

Абноўлена 25.02.2020 12:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.