Пошук

25.02.2020 08:45   Тэкст: а. Раман Шульц ОР / Catholic.by

Вернікі парафіі св. Казіміра і св. Ядвігі ў Магілёве запрашаюць тых, хто хоча ўзбагаціць сваё перажыванне Вялікага посту, супольна чытаць у гэты час кнігу прарока Эзэхіэля.

У гэтай кнізе Старога Запавету 48 раздзелаў. Калі пачаць чытаць яе ў Папяльцовую сераду (26 лютага) па адным раздзеле ў дзень, чытанне будзе завершана ў другі дзень Вялікадня (13 красавіка). Задума магілёўскіх вернікаў і іх душпастыраў, айцоў дамініканаў, у тым, каб гэта была ўзаемная малітва Божым словам, з падзякай за ўсе атрыманыя ад Бога ласкі, з просьбай аб нашым навяртанні і патрэбных Божых дарах для нашых сем’яў, а таксама ў інтэнцыях, блізкіх Сэрцу Пана Езуса і Маці Божай.

Арганізатары ініцыятывы прапануюць ключ, у якім можна чытаць гэтую Кнігу: а менавіта ў перспектыве любові да Бога, самога сябе і бліжняга.

Гэта азначае фарміраванне ў сабе «трох формаў сэрца», як сказаў св. Пётр з Алькантары. Перад Богам наша сэрца павінна станавіцца сэрцам дзіцяці, поўным даверу, удзячнасці і захаплення. Перад бліжнім сэрца павінна быць сэрцам матулі, поўным клопату, спачування і любові ў праўдзе. Для сябе, маючы свядомасць, што Бог любіць нас, наша сэрца павінна станавіцца сэрцам суддзі, якое дазваляе Святому Духу, каб Ён пераконваў нас аб граху.

Калі з верай будзем чытаць кнігу прарока Эзэхіэля, Божае Слова аб’явіць нам Божую веліч, Яго хвалу, любоў і справядлівасць. Гэтае слова будзе скіравана таксама да кожнага з нас, каб у яго святле зрабіць глыбокі рахунак сумлення. Мудрасць Божая, бачачы нявернасць грамадства, будзе таксама падштурхоўваць нас да спачування і малітвы за нашых бліжніх.

Кніга Старога Запавету, да чытання якой запрашаюць магілёўскія вернікі, — гэта боска-чалавечае слова, у якім схавана шмат таямніц і сімвалаў, аднак трэба заўсёды памятаць, што гэта слова любові Бога да Яго дзяцей.

Правільнае чытанне Божага Слова ніколі не будзе весці нас да высноваў, якія супярэчаць веры, якую вызнаём, не будзе заахвочваць да варожасці ці абыякавасці да бліжніх.

Было б цудоўна чытаць кнігу прарока Эзэхіэля з добрым каталіцкім каментаром. У інтэрнэце ёсць канферэнцыя на польскай мове вядомага бібліста доктара Дануты Пекар. Калі ў час чытання паўстануць пытанні, можна шукаць адказ у сваіх святароў, а таксама задаць пытанне праз электронную пошту: schulzop@gmail.com.

Арганізатары чытання жадаюць, каб у перыяд Вялікага посту праз малітву, міласціну і пост нашыя сэрцы сталі больш падобнымі да Сэрца нашага Збаўцы, Пана Езуса Хрыста.

Абноўлена 12.04.2020 10:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.