Пошук

26.05.2022 17:59   Vatican News
Фота: Vatican Media / Facebook

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 25 мая прайшла ў Ватыкане, Папа Францішак працягнуў цыкл катэхез, прысвечаны старасці.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, гэтым разам Святы Айцец прапанаваў паразважаць над старазапаветнай Кнігай Эклезіяста, на старонках якой часта паўтараюцца словы: «усё марнасць». Можа скласціся ўражанне, што яны «падрываюць сэнс існавання», але, «насамрэч, гэтае пастаяннае ваганне Эклезіяста паміж сэнсам і бессэнсоўнасцю з’яўляецца іранічным прадстаўленнем такога ведання жыцця, якое аддаляецца ад любові да справядлівасці», гарантам якой з’яўляецца сам Бог, — заўважыў Пантыфік.

На думку Папы, часам рэчаіснасць, якую мы бачым перад сабой, можа прывесці да высновы, што для ўсіх падрыхтаваны аднолькавы лёс, таму «знікнуць у пустаце, стаць на шлях абыякавасці», можа нам здавацца «адзіным сродкам ад балючага расчаравання». «У нас узнікаюць пытанні, падобныя гэтым: хіба змогуць нашыя высілкі змяніць свет? ці сапраўды мае значэнне розніца паміж справядлівасць і несправядлівасцю? здаецца, што ўсё бессэнсоўна: навошта тады прыкладаць намаганні?» — зазначыў Папа.

Ён падкрэсліў, што такая «негатыўная інтуіцыя» можа праявіцца ў любым узросце, але ў старасці сустрэча з такім расчараваннем «амаль непазбежная».

«Таму ўстойлівасць старасці перад абліччам дэмаралізуючых наступстваў такога кшталту расчаравання з’яўляецца вельмі важнай: калі людзі пажылога ўзросту, якія ўжо бачылі ўсё, захаваюць непарушнай сваю адданасць справядлівасці, тады будзе надзея на любоў, а таксама не веру», — сцвердзіў Святы Айцец. Ён адзначыў, што для сучаснага свету пераход праз гэты «збаўчы крызіс» мае ключавое значэнне, бо культура, якая імкнецца ўсё вымерыць і ўсім маніпуляваць, «вядзе да калектыўнай згубы веры ў сэнс, любоў і дабро». Паводле Пантыфіка, сучасны пошук праўды паддаўся спакусе поўнай абыякавасці да справядлівасці.

Святы Айцец перакананы, што з’яўленне такога новага цынічнага рацыяналізму, якому ўласцівае «пазнанне з безадказнасцю», мае вельмі сур’ёзныя наступствы для сучаснай культуры. «Веды, якія вызваляюць нас ад маральнасці, спачатку здаюцца крыніцай свабоды, энергіі, але хутка ператвараюцца ў параліч душы», — сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла.

«Эклезіяст сваёй іроніяй зрывае маску з гэтай фатальнай спакусы ўсемагутнасці ведаў, гэтай „маніі ўсёведання“, якая прыводзіць да бяссілля волі, — сказаў Папа Францішак, адзначыўшы, што ў старажытнасці манахі дакладна распазналі гэтую «хваробу душы, якая раптоўна адкрывае для сябе марнасць пазнання, пазбаўленага веры і маралі, ілюзорнасць праўды без справядлівасці». Гаворка ідзе пра смутак, выкліканы «капітуляцыяй перад ведамі гэтага свету без любові да справядлівасці».

Пантыфік патлумачыў, што сэнсавая пустка, створаная пазнаннем, якое адкідае якую-кольвечы этыку і прывязанасць да рэальнага дабра, з’яўляецца небяспечнай.

Яна не толькі «адбірае сілы ў жадання дабра», але таксама «адкрывае дзверы для агрэсіўнасці сіл зла». Гаворка ідзе пра «сілы звар’яцела розуму, які стаў цынічным ад празмернай ідэалогіі».

«Пры ўсім нашым прагрэсе і росквіце мы па-сапраўднаму сталі „грамадствам стомленасці“. Мы павінны былі забяспечыць усеагульны росквіт, але прымаем навукова селектыўны рынак здароўя. Мы павінны былі акрэсліць непарушныя межы міру, але бачым войны, усё больш бязлітасныя да безабаронных людзей. Навука, без сумневу, ідзе наперад і з’яўляецца дабром. Але жыццёвая мудрасць гэта нешта цалкам іншае і здаецца, што яна перажывае стагнацыю», — з жалем канстатаваў Пантыфік, звярнуўшы ўвагу на тое, што розум, якому не ўласцівыя адчувальнасць і адказнасць, «пазбаўляе сэнсу і энергіі пазнанне праўды».

Таму, не дзіўна, што наша эпоха — гэта «эпоха fake news, калектыўных забабонаў і псеўданавуковых праўдаў».

«Пажылыя людзі могуць навучыцца ад іранічнай мудрасці Эклезіяста мастацтву выкрыцця падману, які хаваецца ў маніі праўды розуму, пазбаўленага любові да справядлівасці. Багатыя мудрасцю і пачуццём гумары пажылыя людзі прыносяць вялікую карысць моладзі: ратуюць яе ад сумнага і пазбаўленага жыццёвай мудрасці пазнання свету», — завяршыў катэхезу Папа Францішак.

Абноўлена 26.05.2022 20:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.