Пошук

22.02.2020 10:30   Catholic.by

23 лютага, у Сёмую звычайную нядзелю, якая папярэднічае перыяду Вялікага посту, што распачнецца ў бліжэйшую сераду, каталіцкія біскупы Беларусі звяртаюцца да вернікаў мясцовага Касцёла з лістом, заклікаючы ў Першую нядзелю вялікага посту да пакаяння і перапрашэння за ўсе знявагі Бога, учыненыя сынамі і дочкамі нашага народа.

Тэкст ліста для друку ТУТ>>>

ЛІСТ КАНФЕРЭНЦЫІ КАТАЛІЦКІХ БІСКУПАЎ У БЕЛАРУСІ НА СЁМУЮ ЗВЫЧАЙНУЮ НЯДЗЕЛЮ (перад Вялікім постам 2020 года)

Дарагія браты і сёстры!

Час паступова набліжае нас да літургічнага перыяду Вялікага посту. Перыяду, прызначанага дзеля аднаўлення, выпраўлення, змены на лепшае нашага жыцця і, што істотна, аднаўлення і ўмацавання нашых адносінаў з Богам. Таму гэта час асаблівага засяроджання і пэўнай «рэвізіі» поглядаў, паводзінаў, намераў у дачыненні да саміх сябе, нашых бліжніх, навакольнага асяроддзя і да Таго, хто ўсё гэта стварыў і трымае ў сваёй апецы.

Навошта патрэбная такая «рэвізія»? Фактычна, мы здзяйсняем яе кожны раз, прыступаючы да сакрамэнту паяднання — споведзі, што акрэсліваем як «рахунак сумлення». Ён выконвае ролю «штурманскай мапы», якая дазваляе бачыць адпаведны кірунак і ў выпадку неабходнасці згодна з ім карэкціраваць свой рух. Калі такая карэкціроўка не адбываецца, няцяжка здагадацца, куды можа завесці чалавека памылковы шлях. Не толькі чалавека, але нават грамадства і цэлыя краіны. Прыкладаў у нашай гісторыі маем шмат, і сведчаць яны пра адно: кожны адыход ад Бога, кожны бунт супраць Ягонай мудрасці і абраза Ягонай велічы станавіліся трагедыяй для самога чалавека.

Усё мінулае ХХ стагоддзе з яго атэістычнымі сістэмамі нацызму і камунізму — яскравае таму пацверджанне. Не засталася ў баку ад гэтых бедаў і нашая краіна. Дзясяткі і нават сотні тысяч людзей, загінулых у нацысцкіх і сталінскіх лагерах на нашай тэрыторыі, ахвяры рэпрэсій, чые імёны да сёння хаваюць Курапаты, Трасцянец, Хайса і іншыя месцы масавых забойстваў, не кажучы пра ахвяр войнаў, дзе лік ідзе ўжо на мільёны.

Гэта не проста непазбежныя ахвяры той ці іншай сістэмы ці геапалітычнай сітуацыі — гэта выклік наўпрост Богу, пагарда Ім і Яго Законам. Калі да гэтага дадаць знішчаныя і зняважаныя святыні, пагарду да правоў чалавека, забойства ненароджаных дзяцей, ашуканства, карупцыю, выкарыстанне людзей, у тым ліку дзяцей, распаўсюджванне наркотыкаў і гэтак далей, становіцца відавочнай неабходнасць перапрашэння і ўміласціўлення за ўчыненае зло.

Канечне, чалавек сам не ў стане выправіць усё гэтае зло і кампенсаваць Божай справядлівасці. Той, хто прабачае нам грахі, — гэта Езус Хрыстус, пра якога Апостал Павел кажа, што «Яго ўстанавіў Бог як уміласціўленне ў Ягонай крыві праз веру, каб паказаць сваю справядлівасць у адпушчэнні грахоў» (Рым 3, 25).

З іншага боку, Касцёл вучыць: «Неабходна зрабіць усё, што магчыма, каб выправіць учыненую шкоду бліжняму (напрыклад, аддаць скрадзеныя рэчы, вярнуць добрае імя таму, хто быў абгавораны, кампенсаваць за крыўды). Гэтага патрабуе звычайная справядлівасць» (пар. ККК 1459). Таксама і ў адносінах да Бога чалавек павінен здзейсніць такое пакаянне і перапрашэнне, каб мець магчымасць разлічваць на Яго благаслаўленне.

Яшчэ адна сфера, у якой мы павінны таксама шчыра пакаяцца ў грахах, — гэта справа Божага культу, або літургіі.

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла кажа пра яе наступным чынам: «У літургіі Касцёла Хрыстус адкрывае і здзяйсняе перадусім сваю Пасхальную Таямніцу <…>. Калі надышла Ягоная гадзіна, Ён перажывае адзіную падзею ў гісторыі, якая не мінае: Езус памірае, Яго кладуць у магілу, Ён уваскрасае і сядае праваруч Айца „назаўсёды“. Гэта рэальная падзея, якая адбылася ў нашай гісторыі, аднак яна выключная, бо ўсе астатнія гістарычныя падзеі здараюцца аднойчы і праходзяць, знікаючы ў мінулым. Пасхальная Таямніца Хрыста, наадварот, не можа застацца толькі ў мінулым, бо сваёю смерцю Ён перамог смерць; больш таго, тое, кім Ён з’яўляецца, і ўсё, што зрабіў і што выцерпеў для ўсіх людзей, належыць да вечнасці Божай, выходзіць па-за ўсе часы і эпохі, няспынна прысутнічаючы ў іх» (пар. ККК 1085).

Інакш кажучы, кожны ўдзел у літургічнай цэлебрацыі, а асабліва ў cвятой Імшы, — гэта не проста ўспамін Пасхальных падзей Езуса Хрыста: гэта рэальнае іх перажыванне і прысутнасць. Адсюль вынікае і вялікая павага да такіх узнёслых спраў, у якіх Бог дазваляе нам браць удзел. Ці мы добра гэта разумеем?

Падчас літургіі, а нават проста знаходзячыся ў святыні, мы знаходзімся ў прысутнасці Божай. І не проста ў прысутнасці, як у часы Старога Запавету, калі Божая хвала напаўняла святыню, але ў прысутнасці Бога, які прынізіў сябе перад чалавекам, які складае сябе за нас у ахвяру.

І ў адказ на гэта мы часам не здольныя зрабіць годны знак крыжа, паспешліва «махнуўшы» ў сябе перад носам рукою, або неахайна напаўсхіліўшы калені, праходзячы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Прычым гэта датычыцца не толькі свецкіх вернікаў, але, на жаль, нярэдка і духавенства.

Калісьці святая Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса казала, што за кожны жэст святара падчас святой Імшы гатовая аддаць жыццё. Варта было б і нам мець штосьці ад такой павагі. Не кажучы ўжо пра павагу, з якой мы павінны прымаць Найсвяцейшы Сакрамэнт і адараваць Яго ў сваім сэрцы, не выходзячы ў той жа момант з касцёла.

Можам задаць сабе пытанне: наколькі ўсё гэта істотна і ўвогуле ці Богу гэта патрэбна? Вядома, Бог можа існаваць і без усіх нашых «умоўнасцяў». Больш за тое, Ён мог бы існаваць і без усяго створанага свету.

Але тут іншае пытанне. Ці зможам мы існаваць без вялікай павагі да Таго, хто нас стварыў, хто дзеля нашага ўратавання прынізіў самога сябе, стаўшыся Чалавекам, паміраючы на крыжы і застаючыся сярод нас у постаці хлеба?

У літургічных жэстах мы маем магчымасць выразіць павагу да Бога і да той вялікай таямніцы нашага збаўлення, здзейсненай праз Езуса Хрыста. І наадварот: нядбайнасць у тым, што датычыцца літургіі, з’яўляецца праявай абыякавасці, а нават пагарды і абразы Божай велічы, перад якой схіляюцца і якую праслаўляюць усе «моцы і нябёсы».

Тым, хто добра разумеў сэнс павагі да Божых спраў, быў Апостал Павел. Вось фрагмент яго паслання да Эфесцаў: «Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным благаслаўленнем на нябёсах <…>. У Ім мы былі выбраны і прадвызначаны <…> для хвалы Ягонай славы <…>. У Ім і вы, калі пачулі слова праўды <…>, былі пазначаныя пячаццю абяцанага Духа Святога <…> для хвалы Ягонай велічы» (пар. Эф 1, 3–14).

Існуе, на жаль, шмат іншых рэчаў як у нашым асабістым жыцці, так і ў грамадскім, якія пярэчаць Божай славе і з’яўляюцца абразай Ягонай велічы. Усё гэта патрабуе ад нас выпраўлення і перапрашэння. Прынамсі ад імя пэўнай часткі нашага грамадства, якую мы як Каталіцкі Касцёл складаем.

Вучэнне Касцёла сцвярджае: «Грэшнік, які паўстаў з граху, павінен яшчэ вярнуцца да поўнага духоўнага здароўя. Таму ён павінен зрабіць крыху больш, каб выправіць сваю віну: павінен „кампенсаваць“ належным чынам, альбо „ўміласцівіць“ за свае грахі. Гэтае ўміласціўленне завецца таксама „пакаяннем“» (пар. ККК 1459).

Таму час Вялікага посту ў гэтым годзе прапануем распачаць агульнай малітвай усяго Касцёла на Беларусі, складаючы Эўхарыстычную Ахвяру перапрашэння Бога за абразу Ягонага Імя. Святая Імша ў гэтай інтэнцыі будзе цэлебравацца ў першую нядзелю Вялікага посту ва ўсіх касцёлах Беларусі. Няхай гэтая малітва абудзіць у нашых сэрцах павагу да таго, што прапануе нам Касцёл; да той вялікай таямніцы нашага збаўлення, якую Бог пакінуў нам у простых знаках святой Літургіі. Няхай стане перапрашэннем за ўчыненую абразу Божай Велічы як у наш час, так і ў мінулай нашай гісторыі, каб атрымаць дар Божага благаслаўлення для ўсёй нашай краіны.

На час надыходзячага Вялікага посту ад усяго сэрца благаслаўляем

Каталіцкія біскупы Беларусі

Абноўлена 22.02.2020 13:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця