Пошук

02.10.2024 17:17   Паводле: Vatican News BY / Фота: з асабістага архіву б-па Аляксандра Яшэўскага SDB / Catholic.by

Пакаянная вігілія, якая прайшла ў базіліцы святога Пятра 1 кастрычніка, стала адным з ключавых момантаў XVI Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў, на якой Касцёл у Беларусі афіцыйна прадстаўляе біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, сем кардыналаў, прадстаўляючы розныя аспекты жыцця Касцёла — ад экалагічных праблем да злоўжыванняў уладай — выступілі з глыбокімі і шчырымі просьбамі аб прабачэнні.

Кардынал Освальд Грасіяс, арцыбіскуп Бамбея з Індыі, пачаў з просьбы аб прабачэнні за недахоп мужнасці ў пошуках міру і прызнанні годнасці кожнага чалавечага жыцця:

«Прашу прабачэння ў Бога Айца, адчуваючы сорам за грэх недахопу мужнасці, мужнасці, неабходнай для пошуку міру паміж народамі і нацыямі». Ён падкрэсліў важнасць гарантавання права на працу, зямлю, жытло і сям’ю для кожнага чалавека.

Кардынал Майкл Чэрны, Прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, звярнуў увагу на экалагічныя праблемы і несправядлівасць у адносінах да карэнных народаў. У сваім пакаянным слове ён таксама закрануў пытанне міграцыі, нагадаўшы, што «каштоўнасць чалавека заўсёды вышэй за межы».

Кардынал Шон Патрык О’Мэлі, арцыбіскуп эмэрыт Бостанскі, выказаў глыбокае пакаянне за злоўжыванні ўладай і сексуальныя злоўжыванні, асабліва ў дачыненні да непаўналетніх і ўразлівых асоб:

«Колькі сораму і болю я адчуваю, разважаючы асабліва пра сексуальныя злоўжыванні, учыненыя ў дачыненні да непаўналетніх і ўразлівых асоб». Ён падкрэсліў, што гэтыя дзеянні «скралі нявіннасць і апаганілі святасць слабых і безабаронных».

Кардынал Кэвін Джозэф Фарэл, прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, гаварыў пра годнасць жанчын, праблемы сям’і і моладзі. Ён таксама прасіў прабачэння за выпадкі, калі Касцёл аддаваў перавагу помсце, а не пошуку справядлівасці.

Кардынал Віктар Мануэль Фэрнандэс, прэфект Дыкастэрыі Веравучэння, засяродзіўся на дактрыне і яе інтэрпрэтацыі: «Прашу прабачэння, адчуваючы сорам, за ўсе выпадкі, калі мы давалі дактрынальнае апраўданне бесчалавечнаму абыходжанню». Ён прасіў прабачэння за выпадкі, калі Касцёл не быў здольны захаваць і прапанаваць Евангелле як жывую крыніцу вечнай навізны.

Кардынал Крыстабаль Лопэс Рамэра SDB, арцыбіскуп Рабата з Марока, звярнуў увагу на недахоп увагі да бедных і празмерную раскошу ў Касцёле. Ён таксама прасіў прабачэння за інертнасць у адказе на заклік быць «Касцёлам бедных для бедных».

Нарэшце, кардынал Крыстаф Шонборн, арцыбіскуп Венскі, закрануў тэму сінадальнасці:

«Прашу прабачэння, адчуваючы сорам, за перашкоды, якія мы ствараем на шляху пабудовы сапраўды сінадальнага Касцёла». Ён таксама прасіў прабачэння за выпадкі, калі ўлада ператваралася ў моц, падаўляючы разнастайнасць і ўдзел многіх братоў і сясцёр у духоўнай місіі.

Пакаянная вігілія падкрэсліла імкненне Касцёла да самарэфлексіі і абнаўлення. Яна адлюстравала дух сінадальнасці, які заклікае да большай адкрытасці, дыялогу і ўдзелу ўсіх вернікаў у жыцці Касцёла. Такая шчырасць і гатоўнасць прызнаць памылкі мінулага, паводле задумы Папы Францішка, ініцыятара набажэнства, можа стаць важным крокам на шляху да аднаўлення даверу да Касцёла і яго місіі ў сучасным свеце.

Абноўлена 03.10.2024 11:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця