22 лютага ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Росіцы ўшанаваць памяць благаслаўлёных айцоў марыянаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры сабраліся не толькі мясцовыя вернікі і пілігрымы з Беларусі, але таксама святары і сёстры законныя з усёй Віцебскай дыяцэзіі. Да гэтага дня была прымеркавана сустрэча духавенства дыяцэзіі.
Як паведамляе Сatholicnews.by, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч не змог прысутнічаць на ўрачыстасці, таму цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў Генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі кс. Францішак Кісель.
Распачаліся ўрачыстасці ў касцёле выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту, часам асабістай малітвы і споведзі, што стала падрыхтоўкай да важнейшага пункту сустрэчы — Эўхарыстыі.
Апякун санктуарыя благаслаўлёных мучанікаў у Росіцы кс. Чэслаў Курэчка МІС вельмі цешыцца, што пілігрымы прыбываюць з розных куткоў нашай краіны, стаяць на каленях і шчыра моляцца. «Росіца паклікала нас ізноў у лютым, калі ўспамінаем гэтыя вялікія смутныя падзеі, але высакародныя, калі любоў перамагла смерць. Месца, дзе знаходзімся, — зямля святая. Збіраемся тут на пачатку Вялікага посту, каб схіліць свае калені, памаліцца за ахвяр росіцкай трагедыі, якія загінулі, каб прасіць у мучанікаў мужнасці на кожны дзень», — сказаў на пачатку Імшы святар.
«Паглядзіце на гэтую падлогу. На ёй у 1943 годзе стаялі людзі, якіх прысудзілі да пакутаў, да пакарання без віны. Сёння мы спяваем велічныя гімны, узрушаныя малітвай, прымаем святую Камунію, а ў 43-м годзе тут людзі думалі пра сваю смерць, што прыйдзе момант, калі трэба будзе пакінуць гэты свет ад рук карнікаў», — гэтымі словамі распачаў гамілію канцлер Віцебскай дыяцэзіі ксёндз канонік Віктар Місевіч.
Святар паразважаў над тэмай важнасці цярпення і крыжа ў жыцці чалавека. «Тамаш Кемпійскі ў сваёй кнізе пра наследаванне Хрыста сказаў прыкладна так, што калі б Езус хацеў бы нам нешта вельмі важнае данесці, то напэўна сказаў бы, аднак Ён гаворыць пра крыж. Ён палічыў неабходным сказаць, што ў Крыжы крыецца глыбокі сэнс, што ён нам патрэбны», — адзначыў кс. Місевіч.
«Папа Францішак у адным са сваіх інтэрв’ю сказаў, што “кожны дзень — гэта маленькае паміранне”, — дадаў кс. Віктар. — Пантыфік кажа, што кожны дзень трэба памятаць пра гэтае маленькае паміранне. Калі пра гэта памятаем, тады мы мудрыя, а калі забываемся — гэта праява глупства і неразумнасці».
Святар звярнуў увагу, што цярпенне бывае розным: накінутае іншым, тое, якое самі на сябе прымаем дабравольна, і цярпенне Касцёла.
На заканчэнне ён пажадаў, каб росіцкія мучанікі дапамаглі засяродзіцца на важных справах, зразумець важнасць Крыжа і цярпення ў нашым жыцці, бо яно патрэбна, каб ачысціцца.
Пасля Імшы святары і вернікі з запаленымі свечкамі прайшлі Крыжовы шлях дарогай смерці, якой ішлі росіцкія мучанікі ў час Другой сусветнай вайны.
На месцы іх гібелі адбылася кароткая малітва, затым да прысутных звярнуўся кс. Віктар Місевіч. «Гэтыя людзі не мелі магчымасці вярнуцца да сваіх дамоў, да тых, хто іх любіць і хто іх чакае, — сказаў ён. — Але іх мучаніцкая смерць — гэта насенне хрысціянства. Дзякуючы гэтаму подзвігу мы сёння з вамі маем веру, атрымалі праз іх заступніцтва выключную Божую ласку».
«Таму для нас тут ёсць і заданне — вяртацца дамоў хрысціянамі, палымнець любоўю адзін да аднаго, давяраць таму, чаму вучыць нас Папа Францішак, навучае Касцёл. І нават калі ў нашым жыцці з’явіцца наступнае цярпенне, наступны крыж, прыняць яго, як заклікае Хрыстус. Няхай наша росіцкая сустрэча дапаможа быць моцнымі ў веры, трываць у ёй і дзяліцца адзін з адным любоўю, прабачэннем і радасцю», — дадаў святар.
Нягледзячы на моцны вецер, пілігрымы некаторы час затрымаліся на пляцы, каб адараваць крыж, паставіць каля яго зніч у памяць бязвінных ахвяраў і ўзнесці малітвы.
Пасля ўрачыстасці ўдзельнікаў чакаў абед у Доме пілігрыма, як заўсёды, прыгатаваны з любоўю мясцовымі вернікамі.