Пошук

21.02.2020 13:15   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

Падчас пастырскай сустрэчы духавенства і кансэкраваных асобаў Міншчыны, якая з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча адбылася ў Мінску 20 лютага, прадстаўнік ЮНІСЕФ Дзмітрый Шылін пазнаёміў яе ўдзельнікаў з пагрозамі, з якімі дзеці сутыкаюцца ў інфармацыйнай прасторы.

У сваім дакладзе старэйшы каардынатар па абароне дзяцінства ЮНІСЕФ — міжнароднага надзвычайнага фонду дапамогі дзецям Арганізацыі Аб’яднаных Нацый — пазнаёміў святароў і сясцёр з міжнароднымі стандартамі і перадавымі практыкамі супрацьдзеяння і прафілактыкі насілля ў адносінах да дзяцей у сеціве.

На пачатку Дзмітрый Шылін прывёў статыстычныя дадзеныя Белстату, паводле якіх у Беларусі 88% дзяцей ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў з’яўляюцца інтэрнэт-карыстальнікамі, прычым 70% пры гэтым карыстаюцца мабільнымі прыладамі.

У сувязі з гэтым вельмі актуальнай становіцца праблема бяспекі дзяцей у інфармацыйнай прасторы.

Спецыяліст ЮНІСЕФ са спасылкай на справаздачы сваёй арганізацыі адзначыў, што дзеці часта з’яўляюцца безабароннымі перад абліччам анлайн-пагрозаў, кібербулінга (цкавання) і сексуальных дамаганняў. Паводле дадзеных арганізацыі, кожны дзясяты школьнік 5–7 класаў і кожны пяты вучань старэйшых класаў сутыкаліся з насіллем з боку тых, з кім яны мелі кантакт у інтэрнэце. Пры гэтым дзяўчынкі становяцца ахвярамі кібербулінгу часцей за хлопцаў.

Бацькі часта недаацэньваюць сур’ёзнасць кіберпагроз для сваіх дзяцей. Большасць з іх пачынае даваць мабільную прыладу дзецям з трохгадовага ўзросту. 54% дзяцей ва ўзросце 4–6 гадоў ужо маюць свой смартфон ці планшэт, а да 11–14 гадоў гэты паказчык дасягае 97%.

Дарослыя самі актыўна прывучаюць дзяцей да гаджэтаў: 92% бацькоў дзяцей ва ўзросце 4–6 гадоў выкарыстоўваюць электронныя прылады для навучання і развіцця дзіцяці.

Амаль палова бацькоў выкарыстоўвае мабільныя прылады ў дарозе, каб заняць дзіця.

У выніку ўжо другі год запар доля дзяцей, якія не могуць абыходзіцца без гаджэтаў, дасягае 85%. У прыватнасці, больш за 70% не могуць абысціся без свайго смартфона. З узростам гэты паказчык павялічваецца і да 16–18 гадоў дасягае 85%. Летась гэты паказчык быў крыху ніжэйшым — на ўзроўні 80%.

Трывожныя лічбы: каля трэці дзяцей ва ўзросце ад 15 да 18 гадоў праводзяць у сеціве амаль увесь свой вольны час.

Амаль палова дзяцей прызнаецца, што хавае ад бацькоў штосьці са свайго інтэрнэт-жыцця. Найчасцей яны імкнуцца, каб бацькі не даведаліся пра тое, колькі часу яны праводзяць перад маніторам, а таксама пра сайты, на якія яны заходзяць, і фільмы ці серыялы, якія не адпавядаюць іх узросту.

Амаль у трэці бацькоў узнікалі канфлікты з дзецьмі ва ўзросце 11–14 гадоў з-за анлайн-жыцця дзіцяці. Менавіта ў такой узроставай групе гэты паказчык найвышэйшы.

Адзначаецца, што найбольш актыўнасць дзіцяці ў сеціве кантралюецца бацькамі дзяцей ва ўзросце 4–6 гадоў. Па меры дарастання дзяцей кантроль з боку бацькоў слабне. Калі 73% бацькоў ва ўзросце 4–6 гадоў кажуць, што кантралююць іх актыўнасць у сеціве, то для дзяцей ва ўзросце 7–10 гадоў станоўча на гэтае пытанне адказваюць толькі палова бацькоў.

35% бацькоў не кантралююць, колькі часу іх дзіця праводзіць з гаджэтамі.

Больш за 80% бацькоў дзяцей ва ўзросце 4–6 гадоў абмяжоўваюць час знаходжання дзіцяці ў сеціве. Гэты паказчык змяншаецца з дарастаннем дзіцяці і зніжаецца да 44%, калі дзеці пераходзяць ва ўзроставую групу 15–18 гадоў.

43% дзяцей у малодшай школе ўжо маюць сваю старонку ў сацыяльных сетках. Сярод вучняў старэйшых класаў гэты паказчык узрастае да 95%.

Больш за палову школьнікаў у сацыяльных сетках атрымліваюць прапановы сябраваць ад незнаёмых людзей. Пры гэтым незалежна ад узросту 24% з іх атрымліваюць запрашэнні ад незнаёмых дарослых.

Усё гэта, як падкрэсліў старэйшы каардынатар па абароне дзяцінства Дзміторый Шылін, стварае прыдатную глебу для тых, хто мае зламысныя намеры ў адносінах для дзяцей. На жаль, гэта пацвярджае і рост насілля ў адносінах да непаўнагадовых, які адзначаецца ў нашай краіне.

Для таго, каб эфектыўна гэтаму супрацьстаяць, неабходна, па-першае, належным чынам інфармаваць бацькоў і дзяцей пра існуючыя пагрозы ў інфармацыйнай прасторы.

Сёння далёка не кожны ведае, што такое грумінг. Гэтым словам, запазычаным з англійскай мовы, акрэсліваюцца дзеянні дарослага ў адносінах да дзіцяці з мэтаю схіліць яго да кантакту і ў выніку да магчымасці яго сексуальнага выкарыстання.

Дзеля папярэджання падобных злачынстваў і дапамогі дзецям, якія сталі іх ахвярамі, у Беларусі дзейнічае праект Kids.pomogut.by. Гэта сумесная ініцыятыва прадстаўніцтва ЮНІСЕФ у нашай краіне і Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, якая рэалізуецца пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Польшчы ў межах праекту «Польская дапамога».

«Добра, каб святары, законныя сёстры і катэхеты, якія працуюць з дзецьмі і бацькамі, ведалі пра тыя пагрозы, якія існуюць сёння для дзяцей у інфармацыйнай прасторы.

Сумеснымі намаганнямі ў гэтай сферы можна будзе дасягнуць лепшых вынікаў, каб гарантаваць бяспеку дзяцей у сеціве, і Касцёл пры гэтым не можа заставацца ўбаку», — падсумаваў выступ прадстаўніка ЮНІСЕФ Дзмітрыя Шыліна арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Абноўлена 21.02.2020 13:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця