18 лютага ў парафіі Божай Міласэрнасці горада Асіповічы (Бабруйскі дэканат) адбылася пастырская сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Магілёўскага рэгіёна, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Сустрэча, у якой браў удзел таксама Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, распачалася з супольнай малітвы і канферэнцыі, якую падрыхтаваў ксёндз канонік Андрэй Далянскі. Святар казаў пра дыялог як падмурак паклікання: найперш дыялог з Богам, а потым — з іншым чалавекам. Дыялог павінен быць пабудаваны на пакоры, узаемнай павазе і шчырасці.
Цэлебрацыю святой Імшы ў межах дня малітоўнага засяроджання ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У гаміліі іерарх заахвоціў духавенства і кансэкраваных асобаў задумацца над тым, які хлеб яны сёння даюць людзям: гэта сапраўдны хлеб Божага Слова ці фарысейская закваска?
«Яшчэ 30 гадоў таму ў нас было мала Эўхарыстычнага хлеба, бо мы перажывалі вялікі недахоп касцёлаў і святароў. На Магілёўшчыне іх зусім не было. Найбліжэйшае месца, дзе можна было атрымаць Эўхарыстычны хлеб, знаходзілася ў Красным пад Мінскам», — нагадаў арцыпастыр. Адзначыўшы, што сёння, калі сітуацыя ў гэтым плане радыкальна змянілася ў лепшы бок, іерарх звярнуў увагу на неабходнасць не змарнаваць гэтай Божай ласкі і стаць сапраўднай евангельскай закваскай у свеце, далёкім ад Хрыста.
«Нам патрэбны здаровы духоўны хлеб, а не сапсаваны. Таму мы ўсе павінны сцерагчыся закваскі сучасных фарысеяў і ірадаў, якія прапагандуюць амаральныя паводзіны і знішчаюць жыццё.
Нярэдка мы самыя становімся такой закваскай сваімі далёкімі ад вучэння Евангелля ўчынкамі, словамі і занядбаннем. У нас — святарах, законніках і верніках — людзі хочуць бачыць тых, хто плыве не па цячэнні секулярнага свету, але супраць яго», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Пасля святой Імшы адбылася сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў з прысутнымі іерархамі, падчас якой абмяркоўваліся актуальныя пытанні служэння Касцёла ў Магілёўскім рэгіёне. Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB прадставіў арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу высновы, да якіх прыйшлі ўдзельнікі мінулай сустрэчы духавенства і кансэкраваных асобаў рэгіёну, што прайшла 22 студзеня ў Магілёве.
Арцыбіскуп уважліва пазнаёміўся з вынікамі аналізу душпастырскай сітуацыі на Магілёўшчыне.
Ён адказаў сваім супрацоўнікам з усходняй часткі архідыяцэзіі на шэраг пытанняў, асабліва падкрэсліўшы пры гэтым, што ніхто не можа пагардліва ставіцца да мясцовых супольнасцяў і тых, хто нясе ў іх служэнне, называючы іх «другой катэгорыяй».
На думку іерарха, гэта абсалютна недапушчальна і не адпавядае рэчаіснасці.
Завяршылася сустрэча супольным абедам, пасля якога па-айцоўску падтрыманыя сваім арцыпастырам святары і кансэкраваныя асобы вярнуліся ў свае парафіі, каб з новымі сіламі служыць даручаным іх пастырскай апецы вернікам.