Пошук

09.04.2024 14:42   Тэкст: а. Натанаэль Вайтала OFM / Фота: з архіву парафіі ў Асіповічах / Catholic.by

У свята Божай Міласэрнасці, якое святкуецца ў Другую Велікодную нядзелю, што сёлета прыпала на 7 красавіка, у касцёле Божай Міласэрнасці ў Асіповічах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Бабруйскі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць.

У гэты дзень парафіяне таксама святкавалі 11-ю гадавіну касэкрацыі сваёй святыні. Пробашч парафіі айцец Натанэль Вайтала OFM сардэчна прывітаў гасцей з Бабруйска, Мінска, Слуцка, Старых Дарог. Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Ва ўрачыстасці ўдзельнічаў таксама айцец Аляксей Рамановіч OFM са Слуцка.

У прамоўленай гаміліі біскуп падкрэсліў, што найвялікшым дарам Божай Міласэрнасці з’яўляецца Эўхарыстыя.

Напачатку іерарх звярнуў увагу на Божы культ у Старым Запавеце, калі найкаштоўнейшай святыняй на працягу многіх стагоддзяў быў Каўчэг Запавету.

«Мы, католікі, маем бясконца большы скарб — Найсвяцейшы Сакрамэнт Цела і Крыві нашага Пана Езуса Хрыста, — адзначыў біскуп. — Чым для юдэяў быў Каўчэг Запавету, тым для католікаў з’яўляецца табэрнакулюм. У Каўчэгу былі толькі памяткі Божай ласкі, а ў табернакулюме знаходзіцца крыніца ўсялякай ласкі і Божай Міласэрнасці. На Апошняй Вячэры Езус даў Касцёлу скарб са скарбаў — самога сябе, сваю Боскасць і сваю чалавечую прыроду як Сын Нябеснага Айца і як Сын Дзевы Марыі. Аддаў не на кароткі час, але назаўсёды», — падкрэсліў біскуп Яшэўскі, заўважыўшы, што Касцёл цешыцца гэтым скарбам, бо бачыць у ім крыніцу ўласнай сутнасці.

«Кошт гэтага скарбу перавышае ўсё, што чалавек можа сабе ўявіць. Усе зямныя скарбы вычэрпваюцца, але Найсвяцейшы Сакрамэнт падобны да бяздоннага мора: яго немагчыма вычарпаць» — дадаў пастыр. Гаворачы пра значэнне Найсвяцейшага Сакрамэнту, біскуп Яшэўскі адзначыў, што гэта крыніца, з якой выцякае глыбокая рака благаслаўленняў і Божай Міласэрнасці.

«Эўхарыстыя — гэта задатак нашага вечнага збаўлення. Таму і сёння Касцёл будуе цудоўныя святыні, такія, як у Асіповічах, бо святыня павінна быць домам Валадара ўсіх валадароў; таму ўпрыгожвае алтары, табэрнакулюмы і манстранцыі каштоўнымі матэрыяламі, складае ўзнёслыя гімны і песні праслаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту, нясе Яго ва ўрачыстых працэсіях. Таму Касцёл кліча нас усіх, запрашае і заахвочвае з павагай прыступаць да Стала Пана і на ўласным вопыце спазнаць, наколькі гэта вялікі скарб, наколькі цудоўныя яго дзеянні!» — падкрэсліў біскуп.

Ён нагадаў, што шчаслівымі былі пастухі, якія убачылі Езуса сваімі вачыма ў Бэтлееме; шчаслівым быў Сімяон, які трымаў Яго на руках; шчаслівай была Марта, якая прыняла Яго як госця ў сваім доме. «Але мы шчаслівейшыя за ўсіх іх, бо валодаем гэтым скарбам пастаянна і бесперапынна, бо можам не толькі бачыць яго, але і рэальна прымаць у сваё сэрца», — сцвердзіў іерарх.

«У гэтае прыгожае свята Божай Міласэрнасці, у вашу адпустовую ўрачыстасць, аддамо ўсе пашану гэтаму Найсвяцейшаму Сакрамэнту і будзьма карыстацца Яго ласкай не толькі сёння, але на працягу ўсяго нашага зямнога жыцця», — заахвоціў на заканчэнне гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Абноўлена 09.04.2024 15:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа