Пошук

18.04.2023 13:22   Тэкст: а. Рамуальд Касматовіч OFM / Фота: с. Дамініка Дубовік CSSH / Catholic.by

16 красавіка, у нядзелю Божай Міласэрнасці, вернікі парафіі ў Асіповічах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Бабруйскі дэканат) адзначылі адпустовую ўрачыстасць.

Радасць святкавання ў другую Велікодную нядзелю з імі падзяліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Ва ўрачыстасці ў асіповіцкім касцёле Божай Міласэрнасці акрамя мясцовых вернікаў узялі ўдзел госці з Бабруйска, Любані, Мінска, Слуцка, Старых Дарог і з іншых мясцін.

Пробашч парафіі ў Асіповічах айцец Натанаэль Войтала OFM, вітаючы арцыпастыра, запрасіў яго ўзначаліць цэлебрацыю, у якой сам Езус Хрыстус Змёртвыхпаўсталы прыходзіць да свайго народа з дарам любові і прабачэння. Пры гэтым пробашч нагадаў словы Папы Францішка, што другім іменем Бога з’яўляецца Міласэрнасць.

Арцыбіскуп Станеўскі ў скіраваным да вернікаў слове заўважыў, што «мы набліжаемся да Божай Міласэрнасці дзякуючы дару веры, так рупліва захаванаму і перададзенаму нам продкамі, дарагімі бабулямі і дзядулямі, а таксама іншымі сведкамі Езуса Хрыста, з якімі падзяляем радасць Змёртвыхпаўстання». Арцыпастыр запрасіў на пачатку святой Імшы узгадаць усіх тых, каму ўдзячныя і за каго хочам маліцца, а таксама не забываць маліцца за людзей, якія яшчэ не адкрылі для сябе дару Божай Міласэрнасці.

У прамоўленай гаміліі іерарх пажадаў, каб усе былі шчаслівымі, дадаўшы, што шчасце само не прыходзіць. «Трэба выйсці на яго пошук і здзейсніць падарожжа, як зраблі вучні на дарозе ў Эмаус. Чалавек можа нават не заўважыць хвіліны, калі да яго далучаецца сам Хрыстус і ідзе побач.

Мы часам можам памылкова ўяўляць Бога як жорсткага суддзю, які толька і шукае нагоды, каб пакараць. Аднак асабліва падчас гэтай адпустовай урачыстасці Езус Хрыстус далучаецца да нашага жыццёвага падарожжа; хоча, каб мы дакрануліся да Яго, паверылі ў Божую Любоў, у Божую Міласэрнасць», — падкрэсліў арцыбіскуп.

Ён таксама звярнуў увагу прысутных на тое, што «Божая Міласэрнасць з’яўляецца заданнем для кожнага з нас. Мы павінны сведчыць аб Божай Міласэрнасці ў асяроддзі, у якім знаходзімся, у адносінах да людзей, якіх ставіць на нашым шляху Божы Провід», — сцвердзіў арцыбіскуп Станеўскі.

Парафіяне разам са святарамі выказалі ўдзячнасць арцыпастыру за прамоўленае жывое Божае Слова, за дар Эўхарыстыі, у якой чалавек дакранаецца да Бога і становіцца шчаслівым.

Яны пажадалі яму шматлікіх ласкаў ад Езуса Хрыста Міласэрнага, дзякуючы якім праз яго пастырскае служэнне «Касцёл у Беларусі будзе станавіцца штораз больш моцным і дасканалым».

На заканчэнне арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў усім удзельнікам урачыстасці пастырскае благаслаўленне.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.