Пошук

23.01.2020 10:32   Тэкст і фота: кс. Юзаф Сярпейка / Catholic.by

22 студзеня ў парафіі святога Антонія ў Магілёве прайшла пастырская сустрэча духавенства Магілёўскага рэгіёну Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Адметнай рысай сустрэчы было тое, што гэтым разам яна адбылася ў іншым фармаце, чым звычайна. Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB прапанаваў прысутным паразважаць над сутнасцю свайго святарства і манаства ў канкрэтнай рэчаіснасці гэтага рэгіёну.

Сустрэча пачалася супольнай малітвай Літургіі Гадзінаў.

Пасля духоўны айцец Магілёўскага рэгіёну кс. канонік Андрэй Далянскі прамовіў канферэнцыю на тэму «Сталая фармацыя», затрымаўшыся на фармальным і асабістым вымярэнні фармацыі.

Фармальным вымярэннем святар назваў агульны клопат Касцёла пра пастырскую фармацыю, усе дакументы, канферэнцыі, навучанне Касцёла і гэтак далей; асабістым вымярэннем — асабісты клопат пра ўласнае збаўленне. Першае вымярэнне датычыцца агульнага развіцця. Па словах кс. Андрэя Далянскага, гэта тое, пра што піша св. Павел у першым Пасланні да Цімафея. Другое вымярэнне, як патлумачыў святар, — гэта клопат пра сваё сумленне.

Наступным пунктам сустрэчы стала праца ў групах. Перад яе пачаткам біскуп Аляксандр Яшэўскі заахвоціў сабраных вызначыць перспектывы на будучыню, каб зрабіць аналіз сваіх моцных і слабых бакоў дзеля вызначэння перспектываў і напрамкаў дзеяння. Таксама іерарх звярнуў увагу на неабходнасць паразважаць над тым, што можа быць небяспекай і рызыкай у святарскім і манаскім жыцці.

Біскуп нагадаў словы Папы Францішка, які падчас сваіх апостальскіх падарожжаў, сустракаючыся са святарамі і кансэкраванымі асобамі, звяртае ўвагу на тры словы: убачыць, ацаніць, дзейнічаць.

Менавіта ў ключы гэтых словаў Біскупскі вікарый бачыў працу святароў і сясцёр законных у групах падчас гэтай сустрэчы. Святары былі падзелены на тры групы, сёстры склалі чацвёртую групу. Кожны атрымаў картку з чатырма рубрыкамі, у якіх найперш належала затрымацца над трыма пытаннямі:

  1. Як я перажываю сваё святарства / кансэкраванае жыццё ў рэчаіснасці Магілёўскага рэгіёну;
  2. У чым сутнасць майго святарства / кансэкраванага жыцця;
  3. Што раблю, каб маё святарства / кансэкраванае жыццё было плённым.

Пасля асабістага разважання над гэтымі пытаннямі святары і кансэкраваныя асобы падзяліліся між сабой сваімі адказамі і прыйшлі да агульных высноваў. Потым групы сабраліся разам, і прадстаўнік кожнай з іх прадставіў тое, што з’яўляецца моцнымі і слабымі бакамі ў жыцці святара або кансэкраванай асобы, што на сённяшні момант можа і павінна быць выклікам, а што можа быць рызыкай і прынесці небяспеку.

Біскуп прапанаваў вызначыць агульныя для ўсіх высновы, каб лепш і больш асэнсавана быць святарамі і кансэкраванымі асобамі ў магілёўскай рэчаіснасці.

Прысутныя прыйшлі да высновы, што:

  1. Моцнымі бакамі з’яўляюцца: адзінства, якое праяўляецца ў духоўным жыцці; падтрымка адзін аднаго; служэнне Богу і людзям; шчырасць.
  2. Слабымі бакамі з’яўляюцца: адзінота, якая вынікае з пачуцця пакінутасці; непадрыхтаванасць да спецыфічнага місійнага служэння на Магілёўшчыне; перажыванне стэрэатыпу «святары другой катэгорыі».
  3. Перспектывы і выклікі — евангелізацыя і катэхізацыя; большае пачуццё адказнасці за парафіяльную супольнасць і людзей; фармацыя на асабістым узроўні; фармацыя на розных узроўнях служэння (да 5 гадоў святарства, ад 5 да 10 гадоў, пробашчаў і г.д.); ратацыя (напрыклад, пасада пробашча на 7 гадоў).
  4. Небяспекі і рызыка — гэта: «выгаранне» ў няпростых абставінах служэння; усялякага роду залежнасці; усё больш свецкі стыль жыцця; самаізаляцыя; наступства папярэдняга — адыход ад святарства / манаскага жыцця.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі, які быў ініцыятарам і мадэратарам такой формы сустрэчы, сардэчна падзякаваў за водгук, актыўны ўдзел і, што самае важнае, за шчырасць і сталасць у прапанаванай тэматыцы. Ён адзначыў, што сёлета будзе пятая гадавіна яго біскупскага пасвячэння і служэння на Магілёўшчыне. Таму для яго вельмі важна супольна з духоўнымі асобамі гэтага рэгіёну паглядзець, ацаніць і вызначыць напрамкі дзейнасці і для свайго біскупскага служэння.

Гэтая сустрэча, па словах іерарха, паказала, што яны маюць неабходнасць умець размаўляць шчыра, сумленна аналізаваць, вырашаць праблемы і цяжкасці, бачыць здзейсненае дабро і вызначаць перспектывы.

Наступная пастырская сустрэча духоўных асобаў Магілёўскага рэгіёну адбудзецца ў парафіі Божай Міласэрнасці ў Асіповічах 19 лютага.

Абноўлена 23.01.2020 11:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа