15 лютага ў мінскай парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ прайшоў баль сужэнцаў, які ажывіў сужэнскія адносіны і ўнёс у штодзённае жыццё атмасферу свята.
Элегантныя мужчыны ў белых кашулях, прыгожыя жанчыны ў доўгіх, незвычайных сукенках, музыка вальсу, якая зачароўвае, вясёлы, захапляльны галоп... На першы погляд здаецца, што здымаецца кіно, паказваючы, як прыгожа бавілі час нашы продкі ў мінулыя стагоддзі.
А на самай справе — гэта сужэнствы сталічнай парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ ў Мінску арганізавалі і правялі першы сапраўдны баль.
Баль для сужэнцаў адбыўся на наступны дзень пасля ўспаміну святога Валянціна, і ў ім узялі ўдзел 16 пар, сярод якіх былі і госці з Паставаў. Сярод удзельнікаў, каб падтрымаць духоўна і маральна, а таксама даць прыклад добрага настрою, былі іх святары: ксёндз Алег Шпець SChr і ксёндз Уладзімір Марушэўскі SChr.
Ідэя правесці такі баль нарадзілася яшчэ ўвесну мінулага года. Але штодзённыя справы «пераважылі», і арганізацыя балю адклалася на нявызначаны час. І вось гэты час настаў.
На пачатку студзеня сужэнствы парафіі, пераважна руху Equipes Notre-Dame (END) вырашылі арганізаваць баль, каб хоць на адзін вечар забыцца пра ўсе клопаты і справы, пабыць сам-насам са сваім сужэнцам у незвычайных прыемных абставінах, адчуць сябе сапраўднай жанчынай, мужчынам і проста атрымаць задавальненне ад прыгожых танцаў, прыемнай кампаніі, цікавых размоў, усяго таго, чаго не хапае ў штодзённым жыцці.
Пачаліся штотыднёвыя рэпетыцыі танцаў (некаторыя з мужчын зусім не ўмелі танцаваць і згадзіліся на гэта, толькі каб парадаваць сваіх жонак), пошук прыгожых, зручных строяў (жанчаны зразумеюць, як гэта складана), размеркаванне абавязкаў, пошук патрэбнага памяшкання, прадугледжанне ўсіх неабходных для балю дробязяў.
І вось надышоў доўгачаканы дзень балю. Цэнтр культуры вёскі Сеніца гасцінна адчыніў дзверы сваёй утульнай, прыгожа прыбранай залы.
16 пар з Мінска і Паставаў з хваляваннем і прадчуваннем нечага казачнага пачынаюць баль пад урачыстыя гукі паланэзу.
На працягу чатырох гадзін сужэнствы танчылі старамодныя на першы погляд і незразумелыя для сучасных людзей, але надзвычай прыгожыя, грацыёзныя танцы. Вальс «Імперыял», полька-тройка, контрданс «Парася»... перапынак і зноў: іспанскі вальс, галоп-кадрыль, контрданс «Індыйская каралева»... Увесь час было чуваць словы падтрымкі, жарты і кампліменты. З твараў танцуючых пар не сыходзілі ўсмешкі. І гэтаму добраму сяброўскаму настрою не перашкаджалі ні розны ўзрост пар, ані розныя танцавальныя здольнасці.
— Я дакладна пабывала ў казцы! — кажа адна з удзельніц балю, Кацярына. — Я атрымала шмат эмоцый і вялікi досвед!
— Як рэдка мы маем магчымасць забыцца пра ўсе свае справы і акунуцца ў чароўны свет прыгажосці, ветлівасці і цудоўнай музыкі. І калі такая магчымасць нам даецца — нельга яе выпускаць, трэба карыстацца і дзякаваць Пану Богу за гэтыя цудоўныя моманты! І я вельмі ўдзячная! — падзялiлася сваiмi перажываннямi ад гэтага вечару Алена.
— Гэта было цудоўна, незабыўна, незвычайна і, сапраўды, казачна! — з захапленнем гаворыць яшчэ адна Кацярына. — Я ўбачыла зусім іншы бок сужэнскага жыцця.
— Я ніколі нідзе не танцаваў, таму што не люблю і не ўмею. І згадзіўся на ўдзел у гэтым балі толькі каб даставіць задавальненне сваёй жонцы. А пасярод балю заўважыў, што сам атрымліваю задавальненне, — усміхаецца прадстаўнiк мужчынскай паловы, Валерый. — Мне вельмі спадабалася!
— Я баяўся, таму што лічыў, што танцаваць не ўмею. Не ведаў — атрымаецца ці не, — з усмешкай гаворыць яшчэ адзін удзельнік балю, Павел. — Але ўсё атрымалася цудоўна. Я вельмі задаволены! А як задаволена мая жонка — не выказаць словамі!
Гэта толькі некалькі водгукаў, але ўжо па іх можна меркаваць, наколькі патрэбныя такія вечары, як гэтая сумесная падрыхтоўка і атрыманыя ў выніку эмоцыі падтрымліваюць людзей у перажыванні цяжкасцяў і складанасцяў сужэнскага жыцця, як дапамагаюць паглядзець на свайго сужэнца зноў тымі закаханымі вачыма, якімі глядзелі ў дзень атрымання сакрамэнту сужэнства.
Варта ўдзельнічаць у такіх балях!