Пошук

17.02.2020 12:28   Тэкст: Марыя Чарняўская / Фота: Эрык Савянок / Catholic.by

15 лютага ў каталіцкай парафіі ў Смалявічах — горадзе-спадарожніку беларускай сталіцы — адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар святога Валянціна, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

14 лютага ледзь не ўвесь свет адзначае дзень святога Валянціна — свята ўсіх закаханых, незалежна ад рэлігійнай прыналежнасці і ўвогуле веры. Сапраўды, зрабіць прыемны падарунак для каханага чалавека — ніколі не лішняе. Аднак за кветкамі, падарункамі, паштоўкамі мы часта забываемся, з чаго ўсё пачыналася і які сапраўдны сэнс гэтай традыцыі.

Каб даведацца аб гэтым, варта завітаць у адзіны ў Беларусі касцёл, які носіць тытул святога Валянціна, — у Смалявічы, дзе ў суботу тутэйшыя вернікі адзначалі сваю парафіяльную ўрачыстасць. Пачалася яна з ціхай малітвы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, калі кожны меў магчымасць падзякаваць Богу за ўсе ласкі, атрыманыя праз заступніцтва святога Валянціна, за благаслаўленне, якое ён дае гэтай парафіі.

Потым адбылася сустрэча з чаканым і дарагім госцем урачыстасці — Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, які ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы.

У літургіі слова напачатку згадалі гісторыю стварэння чалавека. Рэфрэн да псальма «Шчаслівы чалавек, які баіцца Пана», падхоплены ўсімі прысутнымі, цудоўна характарызаваў, па словах арцыбіскупа на пачатку гаміліі, апекуна парафіі святога Валянціна.

У другім чытанні вернікі пачулі напамін апостала Паўла пра тое, якой павінна быць сапраўдная любоў: доўгацярплівай, міласэрнай, ласкавай, не зайздроснай, не пыхлівай… Евангелле ж звярнула ўвагу на адзінства — «каб усе былі адно». Гэтыя словы часцей прыкладаюцца да тэмы адзінства хрысціянаў, прыгожым знакам якога стала прысутнасць на свяце праваслаўнага святара айца Нікадзіма, які служыць у смалявіцкай царкве св. Мікалая. Аднак варта таксама глыбока прыняць думку аб адзінстве ў сямейнае жыццё.

Як адзначыў пробашч смалявіцкай парафіі брат Сяргей Мацюшонак OFMCap, у мястэчку святы апякун закаханых больш папулярны за Леніна.

Менавіта да фігуры святога Валянціна ў парку перад касцёлам ускладаюць кветкі маладажоны і робяць тут здымкі, а не каля скульптуры Ільіча, як калісьці.

У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў вернікам гісторыю жыцця святога Валянціна, здзівіўшы прысутных той звесткай, што гэты святы лічыцца апекуном не толькі закаханых і псіхічна хворых, але і пчаляроў.

Арцыпастыр асаблівую ўвагу звярнуў на тры вымярэнні любові, якія вызначаюцца грэцкімі словамі «эрас», «філія» і «агапэ».

Вяртаючыся да першага чытання, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі прыгадаў, што Бог стварыў Адама і Еву, бо «нядобра, каб чалавек быў адзін». Калі развіваюцца адносіны паміж мужчынам і жанчынай, спачатку з’яўляецца фізічнае прыцягненне «эрас», але нельга спыняцца толькі на ім. Далей ідзе «філія» — сяброўская любоў, клопат адно аб адным. І найвышэйшая праява любові — «агапэ», якая праяўляецца ў здольнасці ахвяраваць сваім жыццём дзеля жыцця іншага чалавека. Як прыклад такой любові арцыбіскуп распавёў гісторыю жанчыны, якая ахвяравала жыццём дзеля жыцця сваёй дачкі падчас нараджэння, бо іх дваіх выратаваць было немагчыма.

Іерарх выказаў надзею, што ў нашай краіне ў сем’ях будзе развівацца сапраўдная любоў, каб мы маглі ганарыцца не толькі вялікімі машынамі, якія выпускаюцца на заводзе ў Жодзіне, што непадалёк ад Смалявічаў, але найперш адносінамі паміж людзьмі.

Пасля Імшы вернікі парафіі падзякавалі арцыбіскупу за шчырыя словы, скіраваныя да іх у гаміліі, і з радасцю запрасілі на фэст у наступным годзе. Шмат цёплых словаў было выказана братам капуцынам Сяргею Мацюшонку, Анатолю Ярошку і Максіму Тамковічу, якія апякуюцца парафіяй у Смалявічах, і ўсім прысутным святарам.

Працягнулася святкаванне канцэртам, падрыхтаваным дзецьмі і моладдзю парафіі, а таксама яе сябрамі і запрошанымі артыстамі.

Найменшыя парафіяне прадставілі п’есу «Імператар і святар», адмыслова напісаную Уладзімірам Някляевым да сёлетняй урачыстасці. Сапраўдным святочным падарункам стаў выступ салістаў гурта «Стары Ольса» Таццяны Ячнай і Алеся Чумакова. Гуслі ў руках Алеся Чумакова ўзрушылі прысутных, а галасы спевакоў ліліся адзінай крыніцай.

Парафіяне спадзяюцца, што кожны, хто завітаў на ўрачыстасць у Смалявічы, адчуў дотык любові Бога і людзей, якія стараліся зрабіць гэтае свята па-сямейнаму ўтульным, і чакаюць у наступным годзе.

 

Абноўлена 17.02.2020 13:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа