У нядзелю 11 лютага ў парафіі святога Валянціна ў Смалявічах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адбыўся парафіяльны адпуст.
З гэтай нагоды ў смалявіцкім касцёле — адзіным у Беларусі, пасвячаным у гонар святога апекуна закаханых, — цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Эўхарыстыю з іерархам канцэлебравалі брат Андрэй Букштан OFMCap і папярэднія пробашчы парафіі ў Смалявічах: брат Анатоль Ярошка OFMCap і Кусташ Беларускай Кустодыі Меншых Братоў Капуцынаў брат Сяргей Мацюшонак OFMCap.
Прафіяльнае свята пачалося з супольнай малітвы ва ўсіх інтэнцыях, якія парафіяне склалі праз заступніцтва святога Валянціна.
У прамоўленай гаміліі біскуп Яшэўскі падкрэсліў важнасць дзялення Божым словам, агульнай малітвы ў сям’і, адкрыцця ўласнага паклікання, якое дае Бог.
Іерарх нагадаў, што святы Валянцін з’яўляецца заступнікам закаханых і людзей з псіхічнымі захворваннямі. Паколькі 11 лютага, ва ўспамін Маці Божай з Люрда, у Касцёле адзначаецца Сусветны дзень хворых, пасля гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі ўдзяліў сакрамэнт намашчэння хворых.
Пасля ўрачыстай Эўхарыстыі адбылася сцэнка з удзелам дзяцей, у якой апавядалася пра сапраўдную любоў. Такой любоўю з’яўляецца сам Бог, паводле словаў святога апостала Паўла: «Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, любоў не пыхлівая, не ганарыцца, не бессаромная, не шукае свайго…»
Дзеці таксама праспявалі песню, прысвечаную Божаму Нараджэнню.