13 лютага пробашч парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску ксёндз канонік Францішак Рудзь сустрэўся з кіраўніком навукова-даследчага аддзела Мінскай саборнай мячэці імамам Максатам Авезавым і імамам Зарыфам Зудзіным, адказным за рытуальныя і арганізацыйныя пытанні.
Сустрэча адбылася па ініцыятыве Мусульманскай рэлігійнай абшчыны Беларусі. Асноўным пытаннем дыялогу сталі традыцыі пахавання ў мусульманскай і хрысціянскай рэлігіях.
На тэрыторыі Беларусі на працягу ўжо больш як шасці стагоддзяў пражываюць розныя этнічныя групы і рэлігійныя абшчыны. Гісторыя нашай краіны стала прыкладам для ўсяго свету талерантнасці, добрасуседскіх адносін і павагі адзін да аднаго паміж прадстаўнікамі розных канфесій.
Сёння ў нашай краіне пражывае больш за 180 тысяч замежных грамадзян, сярод якіх ёсць і мусульмане. Каля 30 тысяч мусульман з’яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.
Студэнты з іншых краін атрымліваць адукацыю і знаёмяцца з традыцыямі беларускай культуры. Развіваюцца міждзяржаўныя эканамічныя сувязі. Заключаюцца і шлюбы сярод прадстаўнікоў розных канфесій. Таму для сучаснага беларускага грамадства вельмі важна ведаць традыцыі ўсіх канфесій. Важнай часткай рэлігійнага і паўсядзённага жыцця з’яўляецца традыцыя пахавання памерлага.
Пахаванне адыгрывае важную ролю ў духоўным шляху верніка, бо смерць — гэта не канец жыццёвага шляху, а толькі пачатак наступнага яго этапу. Таму пахаванне для прадстаўнікоў усіх сусветных рэлігій — гэта клопат як пра душу нябожчыка, так і пра яго цела.
Нягледзячы на вялікую колькасць падабенстваў у пахавальных абрадах розных канфесій, паміж імі ёсць і шэраг істотных адрозненняў.
Яны абумоўлены асаблівасцямі дактрын і шматвяковых традыцый. Таму дыялог культур і традыцый, у тым ліку і ў пытаннях пахавання памерлых, вельмі важны для вернікаў усіх канфесій у Беларусі, каб з павагай і адказнасцю падыходзіць да рэлігійных пачуццяў адзін аднаго.