10 лютага, ва ўспамін святой Схаластыкі, панны, сястры святога Бэнэдыкта — айца заходняга манаства, у Гродне на агульнабеларускі Дзень кансэкраванага жыцця сабраліся прадстаўнікі манаскіх і законніцкіх супольнасцяў з усёй краіны.
Гэта была малітоўная сустрэча мужчын і жанчын, якія сваё жыццё цалкам прысвяцілі Хрысту ў служэнні бліжнім паводле евангельскіх парад чыстасці, убоства і паслухмянасці. Разам з кансэкраванымі асобамі ў горадзе на Нёмане маліліся пяць біскупаў.
Кульмінацыяй агульнабеларускага Дня кансэкраванага жыцця стала святая Імша ў велічнай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя — былым касцёле айцоў езуітаў, якія зрабілі неацэнны ўнёсак у справу евангелізацыі, адукацыі і культуры на беларускай зямлі.
Цэлебрацыю Эўхарыстыі, падчас якой адбылося аднаўленне манаскіх абяцанняў з запаленымі свечкамі, узначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Разам з ім маліліся Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч з дапаможным біскупам Юзафам Станеўскім, а таксама дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі, салезіянін.
У прамоўленым Божым слове кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату нагадаў, што Дзень кансэкраванага жыцця, які адзначаецца ў Касцёле ў свята Ахвяравання Пана, быў устаноўлены святым Янам Паўлам ІІ у 1997 годзе з мэтай праслаўлення Бога і ўдзячнасці за гэты Яго дар.
«Паводле святога Яна Паўла ІІ, Ахвяраванне Езуса ў Ерузалемскай святыні з’яўляецца вобразам поўнага аддання сябе Богу пакліканымі да кансэкраванага жыцця, каб аднавіць у Касцёле і ў свеце характэрныя рысы Хрыста — чыстасць, убоства і паслухмянасць. Таму кансэкраванае жыццё — гэта прысвечанае Богу жыццё з мэтай імкнення да святасці», — зазначыў іерарх.
Ён дадаў, што ва ўсе часы знаходзяцца людзі, якія вядуць жыццё паводле евангельскіх парад чыстасці, убоства і паслухмянасці, каб чыстым і непадзельным сэрцам служыць Богу і бліжнім. Кансэкраванае жыццё, на думку арцыбіскупа, набывае асаблівае значэнне ў сучасным свеце, дзе пануюць маральная разбэшчанасць і ўсёдазволенасць.
«У бездухоўным свеце кансэкраванае жыццё становіцца знакам прысутнасці Бога. Яно заахвочвае людзей паглядзець на жыццё праз прызму вечных каштоўнасцяў. Таму законнікі і законніцы становяцца выклікам, знакам супраціву і крэатыўным неспакоем сучаснага свету», — падкрэсліў арцыпастыр.
Ён сказаў, што Каталіцкі Касцёл на Беларусі ўдзячны манаскім супольнасцям, якія пасля трох пакаланняў рэлігійнага пераследу дапамаглі адрадзіць веру.
«Ужо тры дзесяцігоддзі кансэкраваныя асобы ахвярна служаць Касцёлу на Беларусі. Іх мы бачым у парафіях і ў дабрачынных арганізацыях. Без іх цяжка было б уявіць працэс катэхізацыі і выхавання дзяцей і моладзі», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Ён нагадаў, што сёння Папа Францішак заклікае законнікаў і законніц супрацьстаяць спакусе «перагарання» і руціны, якія стрымліваюць энтузіязм і крэатыўнасць, а таксама перашкаджаюць у выкананні даручанай ім місіі. Святы Айцец звяртае ўвагу на неабходнасць змагацца з пасрэднасцю, імкненнем да камфортнага і свецкага стылю жыцця, а таксама з незадаволенасцю і звычкамі «рабіць столькі, колькі атрымліваецца» і «так заўсёды было».
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узгадаў таксама Сінод біскупаў 1994 года, прысвечаны кансэкраванаму жыццю. Айцы Сіноду засяродзілі ўвагу на неабходнасці каардынаваць душпастырскія праграмы манаскіх супольнасцяў з агульнай дзейнасцю Касцёла.
«Таму душпастырскія праграмы, якія рэалізуюць манаскія супольнасці, павінны быць скаардынаваны з дыяцэзіяльнымі і агульнабеларускімі, каб паміж імі не было супярэчнасцяў», — заўважыў іерарх, нагадаўшы, што Папа Францішак заахвочвае ў пастырскай дзейнасці выходзіць на перыферыю.
«Там парафіі меншыя, чым у вялікіх цэнтрах, але там таксама ёсць людзі, якім патрэбна пастырская апека. Касцёл па сваёй прыродзе місійны <…>. Яго місійнасць праяўлялася перадусім у служэнні манаскіх супольнасцяў. Нельга дапусціць, каб гэтая практыка адышла ў нябыт на Беларусі.
Магілёўшчына, усходняя Віцебшчына і Гомельшчына, якія традыцыйна славіліся прысутнасцю і актыўнай дзейнасцю розных манаскіх супольнасцяў, чакаюць вас», — заклікаў Старшыня ККББ.
Узгадаўшы заклік Хрыста «Каб усе былі адно» з Евангелля паводле Яна (пар. Ян 17, 21), іерарх адзначыў, што гэтыя словы з’яўляюцца імператывам для духоўных асоб.
«Мы моцныя еднасцю. Таму ў наш час індывідуалізму неабходна захоўваць еднасць з Хрыстом, а таксама ў манаскіх супольнасцях і паміж дыяцэзіяльным і манаскім духавенствам. Неабходна развіваць узаемны дыялог і культуру сустрэчы, у тым ліку паміж рознымі пакаленнямі», — падкрэсліў арцыпастыр.
Старшыня ККББ звярнуў увагу на тое, што цяпер у Беларусі створана і дзейнічае Каардынацыйная група вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця.
«Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі спадзяецца на плённае супрацоўніцтва з мэтай удасканалення пастырскай дзейнасці ў нашай краіне і захавання такой патрэбнай еднасці як паміж кансэкраванымі асобамі, так паміж імі і дыяцэзіяльным духавенствам», — выказаў пажаданне кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў гамілію заахвочваннем, скіраваным да ўсіх кансэкраваных асобаў, якія нясуць служэнне ў Касцёле на Беларусі: «Заставайцеся вернымі першай любові. Сапраўдная любоў крэатыўная. Няхай яна застаецца праводнай зоркай на шляхах вашага жыцця. У цеснай лучнасці з Езусам, у супрацоўніцтве з дыяцэзіяльным духавенствам і свецкімі вернікамі будзьце евангельскай закваскай (пар. Мц 13, 33) Каталіцкага Касцёла ў нашай Айчыне і ажыўляйце яго, каб ён быў сакрамэнтам паўсюднага збаўлення».
У межах сустрэчы кансэкраваных асобаў з усёй Беларусі адбылася прэзентацыя супольнасцяў і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту з магчымасцю споведзі, што папярэднічалі святой Імшы. Пасля Эўхарыстыі ўдзельнікі сустрэчы перайшлі ў Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю.
Там адбыўся семінар на тэму: Quo vadis, persona consecrata? — «Куды ідзеш, кансэкраваная асоба?»
Бліжэй да вечару адбылося падвядзенне вынікаў агульнабеларускага Дня кансэкраванага жыцця, пасля чаго, духоўна ўмацаваныя, яго ўдзельнікі раз’ехаліся па дамах, каб з адноўленым энтузіязмам вярнуцца да абавязкаў свайго ахвярнага служэння.