Пошук


У межах агульнабеларускага Дня кансэкраванага жыцця, які 10 лютага адзначылі ў Гродне, законнікі і законніцы з усёй краіны разам маліліся і разважалі над надзённымі заданнямі свайго служэння.

Пасля завяршэння святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, удзельнікі сустрэчы з гродзенскай катэдральнай базылікі скіраваліся ў Міждыяцэзіяльную духоўную семінарыю.

Там пасля абеду адбылася працоўная частка агульнабеларускага Дня кансэкраванага жыцця — семінар на тэму: Quo vadis, persona consecrata? — «Куды ідзеш, кансэкраваная асоба?»

Для абмеркавання надзённых пытанняў законнікаў і законніц запрасілі ў «Сусветную кавярню».

У вялікай зале былі расстаўлены сталы, за якімі адбывалася абмеркаванне. На кожнае пытанне было адведзена не больш за чвэрць гадзіны; калі гэты час мінаў, можна было перайсці за іншы стол і  працягнуць дыскусію.

Пасля адбылося падвядзенне вынікаў на агульным форуме.

Сустрэча атрымалася дынамічнай і прадуктыўнай, яе вынікі апрацуе каардынацыйная група.

Напрыканцы сустрэчы сястра Любаміра Кругавая з супольнасці Сясцёр святога Дамініка ад імя ўсіх кансэкраваных асобаў, якія нясуць служэнне ў Беларусі, падзякавала біскупам за прысутнасць на Дні кансэкраванага жыцця і за супольную працу, прадстаўнікам гродзенскай семінарыі і ўсім гаспадарам — за гасціннасць, а таксама ўсім тым, хто прычыніўся да падрыхтоўкі мерапрыемства.

Словы асаблівай падзякі былі скіраваныя старшыні Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ксяндзу Віктару Гайдукевічу SDB, які цяпер знаходзіцца ў Італіі, але вельмі шмат намаганняў прыклаў для таго, каб сустрэча ў Гродне была плённай.

Заключнае слова ўзяў біскуп Аляксандр Яшэўскі, салезіянін. Іерарх, які сам з’яўляецца кансэкраванай асобай, адзначыў, што вельмі задаволены сваім удзелам у сустрэчы, а таксама тым, якім чынам яна адбылася.

Біскуп адзначыў вялікую каштоўнасць і неабходнасць сустрэч падобнага кшталту, бо яны даюць імпульс для далейшага руху і развіцця.

На заканчэнне сустрэчы яны разам з біскупам Юрыем Касабуцкім удзялілі ўсім удзельнікам пастырскае благаслаўленне.

Абноўлена 01.02.2022 16:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця