Пошук

27.01.2020 12:10   Тэкст і фота: Ліля Шайхова / Catholic.by

Экуменічнае набажэнства на заканчэнне Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў прайшло ў бабруйскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі 25 студзеня, у свята Навяртання святога апостала Паўла.

Набажэнству папярэднічала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Потым да алтара ва ўрачыстай працэсіі разам з каталіцкім духавенствам — біскупам Аляксандрам, пробашчам бабруйскай парафіі ксяндзом канонікам Андрэем Яркаўцом і пробашчам парафіі святой Ганны ў Глуску ксяндзом Канстанцінам Каракам — выйшлі прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы ад Бабруйска-Быхаўскай епархіі іерэй Сяргей Гусар і пастар Самастойнай евангелічна-лютэранскай супольнасці Уладзімір Мейерсон.

Такая супольная малітва аб адзінстве, у якой узялі ўдзел прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій, адбылася ў Бабруйску ўпершыню.

«Падзелы сярод хрысціянаў існуюць здаўна, — падкрэсліў у прамоўленым падчас набажэнства слове біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. — Яны выклікаюць вялікі боль і супярэчаць волі Бога… „Каб усе былі адно“, — аб гэтым маліўся падчас Апошняй вячэры сам Езус Хрыстус, і сумесная прыгожая малітва ў бабруйскай святыні — гэта маленькі крок да таго, каб запавет Хрыста стаў рэальнасцю.

Падзелы Царквы — гэта крывавая рана на містычным Целе Хрыста. Яе неабходна лячыць, і як мага хутчэй, таму што, нягледзячы на дасягненні ў міжхрысціянскім дыялогу, падзел паміж намі ўсё ж такі застаецца відавочным», — дадаў біскуп Аляксандр і нагадаў, што тэма сёлетняга Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў гучала заахвочваннем да ўсіх вызнаўцаў Хрыста быць ласкавымі, добразычлівымі і гасціннымі.

Іерарх звярнуў увагу на тое, што пакора, прыклад якой даў сам Хрыстус і Яго Найсвяцейшая Маці Марыя, — гэта цнота, якая з’яўляецца важнай прыладай як на дарозе да Неба, так і на шляху да адзінства.

«У вачах Бога самы вялікі той, хто пакорны, хто аддае сябе служэнню самым маленькім і пагарджаным. Чым больш дрэва абцяжарана пладамі, тым больш яго галінкі клоняцца да зямлі. Так і мы: чым больш робім дабра іншым, тым ніжэй схіляемся, бо памятаем, што пакора — характэрная рыса добрага і сапраўднага хрысціяніна», — адзначыў Біскупскі вікарый Магілёўшчыны.

Ён дадаў, што крыніцай хрысціянскага адзінства з’яўляецца «пошук не зямных багаццяў, а Хрыста, і барацьба не за лепшае месца пад сонцам, а за Езуса». На заканчэнне свайго выступу каталіцкі іерарх пажадаў прысутным, каб у міжхрысціянскіх узаемаадносінах панаваў сапраўдны мір і добразычлівасць, а духоўныя сілы ўсе вернікі, незалежна ад канфесіі, чэрпалі ў Хрысце.

З кароткімі прамовамі звярнуліся да прысутных і іншыя ўдзельнікі экуменічнага набажэнства.

Айцец Сяргей Гусар у сваім слове адзначыў, што ўсіх нас аб’ядноўвае Хрыстус.

«Але нельга быць хрысціянінам без добрых справаў, без любові да бліжняга, міласэрнасці, вернасці Богу. Ён заклікаў усіх да радасці і міру», — падкрэсліў праваслаўны святар.

Заклік да любові і згоды прагучаў і ў прамове пастара лютэранскай супольнасці Уладзіміра Мейерсона. Ён падкрэсліў, што, дзякуючы Богу, у Беларусі пануе згода паміж прадстаўнікамі розных канфесій, няма канфліктаў на рэлігійнай і нацыянальнай глебе.

«Кожны ў нашай краіне мае магчымасць служыць Богу паводле сваіх традыцый і абрадаў. І трэба прыкласці ўсе намаганні, каб так было заўсёды», — выказаў пажаданне пастар.

Завяршылася экуменічнае набажэнства, у якім бралі ўдзел парафіяне з Бабруйска, Клічава, Асіповічаў, Кіраўска і Глуска, а таксама праваслаўныя і лютэране, супольна прамоўленай на беларускай і царкоўнаславянскай мовах малітвай «Ойча наш».

Абноўлена 27.01.2020 12:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця