26 студзеня, калі паўсюдны Касцёл упершыню ў гісторыі перажываў устаноўленую Папам Францішкам Нядзелю Божага слова, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў у сталічнай катэдры Найсвяцейшага Імя Марыі цэлебрацыю святой Імшы, падчас якой здзейсніў абрад інтранізацыі Святога Пісання і ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі дваццаці кандыдатам.
Пасля малітвы дня — калекты — дыякан у суправаджэнні міністрантаў святла ўрачыста ўнёс кнігу Святога Пісання, якую ўручыў іерарху.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч з пашанаю змясціў Біблію на «трон», якім стала годнае месца ў прэзбітэрыі, пасля чаго ўшанаваў Божае слова пацалункам і акадзіў святую кнігу.
Адметна, што ў мінскай катэдры ў Пастырскі год, прысвечаны ў Касцёле на Беларусі святому Яну Паўлу ІІ, было інтранізавана адмысловае выданне Бібліі, выдадзенае спецыяльна да 100-годдзя з дня нараджэння Вялікага Папы і забяспечанае яго каментарамі.
Пасля абраду інтранізацыі Святога Пісання распачалася Літургія слова, на заканчэнне якой пробашч мінскай катэдральнай парафіі ксёндз канонік Антоні Клімантовіч прадставіў кандыдатаў да прыняцця сакрамэнту канфірмацыі.
У першую чаргу менавіта ім, а таксама ўсім прысутным у галоўнай святыні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі скіраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Божае слова, у якім падкрэсліў значэнне боскага святла, якое прыйшло ў свет дзякуючы таямніцы Богаўцелаўлення.
«Божы Провід так распарадзіўся, што сёння Каталіцкі Касцёл упершыню адзначае ўстаноўленае Святым Айцом свята Божага слова, якое з’яўляецца святлом на жыццёвым шляху чалавека. Вядомая прыказка кажа, што „Вучэнне — святло, а невуцтва — цемра“. Гэтыя словы падкрэсліваюць значэнне ведаў у жыцці чалавека. <…> Але перадусім чалавеку патрэбна духоўнае святло, каб не заблукаць у лабірынце складаных праблем сучаснасці».
Іерарх падкрэсліў, што крыніцаю гэтага боскага святла, якое паказвае шлях у цемры бездухоўнасці, з’яўляецца Евангелле. Арцыпастыр нагадаў, што касцёльны наказ прадпісвае католікам у нядзелю і святы браць удзел у святой Імшы, і той, хто акуратна яго выконвае, на працягу трох гадоў пачуе галоўныя часткі Святога Пісання, якое чытаецца ў касцёле на кожнай святой Імшы. Але, дадаў ён, гэтага будзе замала.
«Святы Айцец Францішак у дакуменце, якім устанавіў сённяшняе свята, піша, што недастаткова абмежавацца толькі слуханнем Божага слова падчас святой Імшы ў няделі і святы. Неабходна часта чытаць Біблію і яе вывучаць, бо гэта — вечна жывое і заўсёды актуальнае Божае слова. Мы ведаем, што словы палітыкаў увесь час змяняюцца, але праўды веры і маральныя прынцыпы, змешчаныя ў Бібліі, застаюцца нязменнымі. Таму мы павінны іх ведаць і імі кіравацца, каб не заблукаць у жыцці».
Звярнуўшы ўвагу на прачытаны падчас Імшы ўрывак з Евангелля пра пакліканне першых апосталаў, арцыпастыр зазначыў, што Езус даверыў місію абвяшчэння Божага слова простым галілейскім рыбакам, якія годна яе выканалі і сталі сапраўднымі «рыбакамі людзей».
«У сакрамэнце хросту мы таксама былі пакліканыя і сталі вучнямі Хрыста, атрымаўшы місію абвяшчаць Божае слова. Святы апостал Павел кажа, што вера ад слухання. А каб нехта мог слухаць, павінен быць і той, хто абвяшчае.
Гэта — заданне не толькі святароў і кансэкраваных асобаў, але кожнага ахрышчанага.
Мы павінны несці святло Хрыста ў цемру забабонаў, вайны, злоўжыванняў, сацыяльнай несправядлівасці, голаду, галечы, невуцтва, сквапнасці, гневу, помсты, апатыі. Мы павінны жыць у Божым святле, якое паказвае нам жыццёвы шлях, вызваляе з палону сумневаў і павялічвае давер да Бога», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч. Ён дадаў, што Езус таксама заклікае сваіх паслядоўнікаў да навяртання, гэта азначае да кардынальнай перамены жыцця, каб стаць «святлом свету». Прычым, як адзначыў іерарх, Хрысту патрэбныя не нашыя здольнасці, але нашая гатоўнасць быць Яго сведкамі.
«У сакрамэнце канфірмацыі чалавек атрымлівае дары Сятога Духа, каб быць святлом свету і соллю зямлі. Гэта азначае жыць згодна з духам Евангелля і выпраменьваць яго боскае святло. Гэта таксама азначае весці маральна здаровы лад жыцця і не паддавацца спакусам.
Такім чынам хрысціяне становяцца жывымі старонкамі Евангелля, несучы яго боскае святло ў цемру секулярнага свету і паказваючы ўсім людзям шлях збаўлення і сапраўднага шчасця».
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў кандыдатам да канфірмацыі і ўсім вернікам адкрыцца на дзеянне Святога Духа і ўсім сэрцам прыняць жывое і дзейснае Божае слова, каб стаць апосталамі нашага часу.