Пераслед хрысціянства і акты вандалізму адбываюцца не толькі ў далёкіх краінах, дзе місіянеры кожны дзень вымушаны сутыкацца з небяспекай, але і ў краінах, якія па традыцыі лічацца хрысціянскімі.
Узарвалі фігуру Маці Божай
На Новы год некалькі святыняў у Германіі сталі ахвярамі вандалізму, паведамляе партал Katholisch.de. Невядомыя злачынцы ўзарвалі фігуру Маці Божай у садзе парафіі св. Стэфана Вальдмюнхена. Інцыдэнт адбыўся ў навагоднюю ноч. Паводле інфармацыі Баварскага радыё (BR), ад грота вышынёй каля метра, у якім стаяла фігура, засталася толькі куча абломкаў.
Па словах прадстаўніка мясцовай паліцыі, з вялікай верагоднасцю можна сцвярджаць, што фігура была ўзарвана. Яе часткі былі знойдзены ў радыусе некалькіх метраў. Фінансавы ўрон складае каля 1000 еўра, аднак нанесены маральны ўрон немагчыма ацаніць.
Адзін з душпастыраў парафіі сам пабудаваў з камянёў грот для фігуры Маці Божай больш за 40 гадоў таму і размясціў яе там. Па словах паліцыі, пакуль яшчэ няма ніякіх падазрэнняў наконт таго, хто нясе адказнасць за выбух.
Калядная батлейка сталa ахвярай полымя
У чацвер у аддзяленне мясцовай паліцыі паступіла заява, што ў касцёле Святога Духа ў Рацінгене невядомыя ўчынілі пажар і такім чынам знішчылі калядную батлейку. Па першых адзнаках, фінансавы ўрон складае не менш за 10 тысяч еўра. Па словах прадстаўніка парафіі, агонь, верагодна, быў закладзены ў навагоднюю ноч у некалькіх месцах. Касцёл, магчыма, не быў цалкам зачынены. Дзякуй Богу, пажары патухлі самі.
Падлога, лаўкі, сцены і столь касцёла былі моцна закураны, аднак пашкоджанняў будынка не здарылася.
Вокны ляйпцыгскай кірхі святога Тамаша пашкоджаны
Пашкоджанне 25 вітражоў у кірхе святога Тамаша і ў суседнім доме ў Ляйпцыгу здарылася ў навагоднюю ноч. Аб гэтым паведамляе пастар Брыта Тадзікен у «Ляйпцыгскай народнай газеце».
Нядаўна ў іх парафіяльным доме з’явіўся чалавек, які лічыць сябе «Сынам Божым». Як мяркуецца, ён вінаваны ў здзейсненым акце вандалізму.
У кірхе святога Тамаша працаваў і быў пахаваны кампазітар Іаган Себасцьян Бах (1685–1750).
Узламана скарбонка для ахвяраванняў Сatholic.by у Чырвоным касцёле
У навагоднюю ноч не абышлося без здарэнняў і ў мінскім касцёле св. Сымона і св. Алены. Была ўзламана і абрабавана скарбонка для ахвяраванняў парталу Сatholic.by, усталяваная ў святыні.
Пра гэты інцыдэнт паведаміў парталу пробашч парафіі кс. канонік Уладзіслаў Завальнюк, які сам у гэты час знаходзіўся ў Будславе.