У навагоднюю ноч урачыстай цэлебрацыяй перад цудатворным абразом Маці Божай Будслаўскай вернікі з розных мясцін Беларусі разам праводзілі стары і сустрэлі Новы, 2020 год.
Традыцыя навагодніх набажэнстваў у Касцёле існуе ўжо даўно, аднак упершыню ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе гэтае набажэнства сабрала ўдзельнікаў з розных куткоў краіны.
Распачалося яно святою Імшою, цэлебрацыю якой узначаліў Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
У прамоўленым Божым слове іерарх засяродзіўся на традыцыйным навагоднім пажаданні шчасця, прапанаваўшы задумацца над яго сапраўдным хрысціянскім сэнсам.
«Калі мы хочам, каб гэты Новы, 2020 год і ўсе наступныя гады нашага жыцця былі шчаслівымі, нам трэба зразумець, дзе шчасця няма і дзе мы можам яго знайсці», — вызначыў кірунак разважання біскуп Аляксандр.
Ён даў зразумець, што матэрыяльны дастатак не дае шчасця, хоць і робіць жыццё больш выгодным.
«Грошы не захаваюць нас ад хваробы, яны не абароняць ад няшчасцяў, не выкупяць ад смерці», — сцвердзіў пастыр, прывёўшы ў доказ прыклад вядомых багатых людзей, якія, маючы вялікі матэрыяльны дастатак, тым не менш не мелі шчасця.
Паводле біскупа, чалавека не зробяць шчаслівым ні забавы, ані прызнанне ў людзей, ані ўлада і высокае становішча ў грамадстве. Нават такія вялікія даброты, як здароўе і доўгае жыццё, не гарантуюць шчасця.
«Дзе ж тады шукаць шчасця і задавальнення?» — задаў рытарычнае пытанне іерарх і адразу ж прапанаваў распачаць яго пошукі ў добрасумленнай працы.
Прыводзячы цытаты са Святога Пісання, біскуп Яшэўскі зрабіў выснову, што менавіта праца з’яўляецца адзіным магчымым шляхам, па якім чалавек дасягае свайго шчасця.
«Давайце будзем добрасумленна выконваць абавязкі свайго стану, давайце працаваць, а праца дасць нам дабрабыт і здароўе, памножыць сілы, абароніць нас ад нуды і розных грахоў, акружыць нас заслужанай славай, падоўжыць наш век, напоўніць нас мірам і задавальненнем!» — заклікаў удзельнікаў Эўхарыстыі пастыр, заахвоціўшы іх таксама выхоўваць у сабе хрысціянскія цноты.
Разам з тым іерарх заўважыў, што, працуючы і практыкуючыся ў цноце, неабходна ва ўсім спадзявацца на Бога.
«Дарагія браты і сёстры, сабраныя ў нашым Нацыянальням санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі, давайце будзем добрасумленна працаваць у гэтым Новым, 2020 годзе, трываць у цноце, давяраць Богу – і знойдзем сапраўднае шчасце!» — заклікаў напрыканцы гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі, падмацаваўшы гэты заклік пастырскім благаслаўленнем.
На заканчэнне святой Імшы пробашч будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік пазнаёміў прысутных са справаздачай аб жыцці Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай за 2019 год. Пасля гэтага пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце адбылося набажэнства падзякі за пражыты год.
Роўна апоўначы, калі званы на вежы пачалі біць дванаццаць разоў, біскуп Аляксандр Яшэўскі заклікаў вернікаў гімнам хвалы Богу Te Deum — «Цябе, Божа, праслаўляем» — сустрэць Новы, 2020 год. Калі адгучалі апошнія акорды велічнага хваласпеву, іерарх удзяліў благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам на чатыры бакі свету.
Завяршаючы набажэнства, біскуп Аляксандр адзначыў, што, на яго думку, гэтай навагодняй ноччу ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай нарадзілася новая традыцыя сустракаць Новы год перад Яе цудадзейным абразом — вялікай святыняй Беларусі.
Пасля больш як паўтарагадзіннага набажэнства ў прыгожа аздобленым, але халодным касцёле ўсіх удзельнікаў чакала гарачая гарбата і шчодры смачны пачастунак у будслаўскім Доме пілігрыма імя папы Францішка.
Ва ўтульным цяпле працягнулася святкаванне Новага года, якому не перашкодзіла нават моцная завіруха, што лютавала ў навагоднюю ноч над Будславам.