Пошук

31.12.2019 09:09   Паводле: Святлана Жылевіч / Waladarka.by / Catholic.by
Фота Ірыны Гайдамовіч

29 снежня ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе адкрылася выстава «Хайсы — віцебскія Курапаты», якая распавядае жудасную праўду пра рэпрэсіі камуністычнага рэжыму на Віцебшчыне.

Як паведамляе сайт санктуарыя Waladarka.by, убачыць выставу можна на працягу двух тыдняў.

Выстава была адкрыта ў канцы кастрычніка ў Віцебску, а потым па благаслаўленні біскупа Віцебскага Алега Буткевіча экспанавалася ў Полацку і Глыбокім. Цяпер з яе матэрыяламі могуць пазнаёміцца і жыхары Браслава.

Падчас адкрыцця выставы яе прадставілі арганізатар Ян Дзяржаўцаў і ксёндз Вячаслаў Барок.

Ксёндз Вячаслаў адзначыў, што ўсяго ў Беларусі налічваецца каля 100 падобных месцаў знішчэння камуністамі мірных жыхароў. Паводле інфармацыі даследчыка Ігара Кузняцова, у Беларусі было рэпрэсавана каля 1 мільёна 600 тысяч чалавек, а забіта з іх каля 377 тысяч.

«Хайсы — гэта сімвал знявечанасці, параненасці Беларусі, нашага народа, нашай памяці, таксама нашага Касцёла», — адзначыў святар. — У касцёле гэтая выстава адбываецца дзеля таго, каб праз падачу гэтай інфармацыі мы маглі аздаравіць нашую памяць.<…>

Сёння, калі мы робім гэтую выставу, калі дакранаемся да гэтай гістарычнай праўды, то не дзеля таго, каб, даведаўшыся прозвішчы катаў, ім адпомсціць, а дзеля таго, каб мы, назваўшы зло па імені, маглі ад яго адвярнуцца, каб маглі за гэтае зло пакаяцца. Мы хочам ад гэтага зла адвярнуцца і спрабаваць будаваць лепшую будучыню.

Як кажа Хрыстус у Евангеллі, пазнайце праўду, і праўда вызваліць вас. І гэтая выстава спрыяе таму, каб мы маглі пазнаць гістарычную праўду, каб гэтая праўда дакранулася да нашых сэрцаў і каб праз гэта Бог дазволіў нам, дзецям ахвяраў і катаў, знайсці паяднанне паміж сабой».

Ян Дзяржаўцаў у сваім выступе распавёў пра гісторыю адкрыцця месца сталінскіх рэпрэсій пад Віцебскам, пра працу ініцыятыўнай групы па стварэнні мемарыялу. Ён адзначыў, што на Браслаўшчыне было расстраляна каля 200 асоб.

Абноўлена 31.12.2019 12:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.