Пошук

29.06.2021 16:13   Тэкст: Зміцер Лупач / Фота: Леанід Юрык / Сatholicnews.by

26 чэрвеня ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы у Уле (Бешанковіцкі раён) з удзелам біскупа Віцебскага Алега Буткевіча ўшанавалі памяць вязняў Беразвецкай турмы.

Як нагадвае Catholicnews.by, яны былі забітыя савецкімі канваірамі восемдзесят гадоў таму, 26 чэрвеня 1941 года ў вёсцы Мікалаева (цяпер Шумілінскі раён).

У пачатку вайны тагачаснае савецкае кіраўніцтва прыняло рашэнне эвакуяваць вязняў следчай турмы ў Беразвеччы, што каля Глыбокага, на ўсход. Пачалася вайна, і дзяржаве была патрэбная працоўная сіла.

Перавезці іх па чыгунцы было ў той час немагчыма, таму вырашылі да Віцебска весці пешшу.

Усяго з Глыбокага раніцай 24 чэрвеня вывелі больш за дзве тысячы чалавек. Калона расцягнулася прыкладна на паўтара кіламетры.

Канваіры адганялі мясцовых жыхароў, якія хацелі перадаць вязням ежу і ваду.

Ішлі другараднымі дарогамі, бо асноўныя былі занятыя адступаючым войскам. Тых, хто не мог ісці і падаў, забівалі стрэламі або штыхамі. Усяго на шляху калоны, па звестках гісторыкаў, было забіта ад 300 да 500 чалавек. Гэта да пяці чалавек на кожны кіламетр дарогі!

У абед 26 чэрвеня калона вязняў прайшла Улу і ступіла на мост праз Дзвіну. Некалькі чалавек кінуліся з маста ў раку, але іх дагналі кулі канваіраў. Калі вязні перайшлі мост, нямецкія самалёты разбамбілі недабудаваны савецкі аэрадром каля Улы. Адзін з самалётаў праляцеў вельмі нізка над калонай. Канваіры загадалі людзям легчы, а потым расстралялі іх з кулямётаў і аўтаматаў. Усяго было забіта каля 1800 чалавек. У жывых засталося каля сотні вязняў, большасць з якіх канвой злавіў і этапаваў далей на ўсход.

Ахвяры гэтага жудаснага злачынства, якое ніколі не будзе забыта, знайшлі свой спачын на ўскрайку Мікалаева.

Доўгі час іх магіла была занядбаная, але ў 90-х гадах яе добраўпарадкавалі і паставілі сціплы мемарыял. Ад той пары кожны год тут адбываюцца набажэнствы ў памяць аб бязвінна загінулых.

Варта адзначыць, што нават па савецкіх законах гэтыя людзі не былі вінаватыя: яны не былі нават фармальна асуджаныя. Шмат каго з іх арыштавалі 19–23 чэрвеня, некаторых ужо пасля пачатку вайны. У верасні нават савецкая дзяржава асудзіла канваіраў за гэтае злачынства, і частка з іх, праўда, далёка не ўсе, панеслі пакаранне.

Сёлета, у 80-ю гадавіну злачынства, таксама планавалася адслужыць святую Імшу на месцы пахавання.

Але ўвечары напярэдадні над Улай і Мікалаевам прайшла вялікая бура, якая пашкодзіла дахі, платы, цяпліцы, паваліла дрэвы. Заваленым дрэвамі аказаўся і мемарыял у Мікалаеве.

«Бура нарабіла вялікай бяды не толькі ў Уле, але і ў ваколіцах. На гэтай магіле вельмі шмат паваленых дрэваў. Яны ляжаць як на мемарыяле, так і ля крыжа. Каля 15 паваленых дрэў, трэба будзе наводзіць парадак, гэта не адзін дзень працы», — адзначыў пробашч парафіі ксёндз Аляксандр Півавар.

У сувяхі з гэтым цэлебрацыя святой Імшы адбывалася ў касцёле ў Уле, які, дарэчы, таксама пацярпеў ад стыхіі: у святыні пашкоджаны дах.

Святую Імшу цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які пэўны час служыў тут пробашчам. Вернікаў было няшмат, бо людзі займаліся ліквідацыяй наступстваў стыхіі.

У сваім слове да вернікаў пастыр Віцебскай дыяцэзіі адзначыў, што людзі павінны памятаць аб гэтых ахвярах і зрабіць усё магчымае, каб такіх трагедый больш не паўтаралася.

«Важна памятаць пра тыя падзеі, згадваць з пункту гледжання хрысціянскай веры, каб разумець прычыны, якія да такіх трагедый прыводзяць, каб такіх момантаў у гісторыі не здаралася. Павінна быць іх асэнсаванне і пакаянне», — падкрэсліў біскуп Алег Буткевіч.

Абноўлена 29.06.2021 16:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця