Пошук

20.12.2019 18:01   Тэкст: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

На прэс-канферэнцыі, якая 20 снежня прайшла ў Мінску, Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB распавёў пра найбольш вострыя праблемы ў жыцці Каталіцкага Касцёла ў самым усходнім рэгіёне Беларусі.

Як паведаміў іерарх, сёння тут на парадку дня стаяць тры пытанні, якія датычацца святыняў.

Гаворка ідзе перадусім пра старажытную магілёўскую катэдру Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава, якая калісьці была галоўнай святыняй самай вялікай у свеце дыяцэзіі за ўсю гісторыю Каталіцкага Касцёла. Біскуп Яшэўскі падкрэсліў, што гэта вельмі важны для беларускіх католікаў касцёл і тая сітуацыя, якая вакол яго склалася, абсалютна ненармальная.

Іерах нагадаў, што ў 1990 годзе рашэннем тагачаснай кампетэнтнай улады забраная ў савецкія часы святыня была вернута вернікам.

«Катэдру нам тады перадалі ў страшэнна занядбаным стане. За сродкі парафіі касцёл быў адноўлены. У ім былі адрэстаўраваныя ўнікальныя фрэскавыя роспісы, адны з самых старажытных у касцёлах Беларусі. Аднак у 2004 годзе гаспадарчы суд чамусьці палічыў тое рашэнне аб вяртанні касцёла вернікам неправамоцным і перадаў яго жыллёва-камунальнай гаспадарцы горада.

З таго часу няспынна ўзнікаюць нейкія непаразуменні, ад нас патрабуюць плаціць арэнду за карыстанне будынкам, які мы самі пабудавалі, аднавілі і ўтрымліваем. А між тым нядаўна ў касцёле нашымі намаганнямі з’явіўся новы арган», — дадаў Біскупскі вікарый Магілёўскага рэгіёна.

Ён звярнуў увагу прысутных на прэс-канферэнцыі прадстаўнікоў СМІ на тое, што ўсе праваслаўныя культавыя будынкі знаходзяцца ва ўласнасці Беларускай Праваслаўнай Царквы.

«Мы, беларускія католікі, такія самыя раўнапраўныя грамадзяне нашай дзяржавы, таму магілёўская катэдра павінна быць вернута яе законным уласнікам»,— падкрэсліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Акрамя нявырашанай праблемы магілёўскага катэдральнага касцёла, у рэгіёне існуюць яшчэ два пытанні па святынях, якія чакаюць неадкладных адказаў.

Біскуп распавёў пра беспаспяховыя спробы распачаць будаўніцтва касцёла ў Бялынічах, дзе калісьці знаходзіўся адзін з найбольш знакамітых на нашых землях марыйных санктуарыяў з цудатворным абразом Маці Божай Бялыніцкай, каранаванай папскімі каронамі ў XVIII стагоддзі.

У гэтым райцэнтры, дзе старадаўняя святыня была знішчана атэістычным савецкім рэжымам, вернікі мясцовай каталіцкай супольнасці ўжо не першы год не могуць атрымаць зямельны надзел для будаўніцтва касцёла.

Мясцовыя ўлады прыхільна глядзяць на гэта, але чамусьці справа да гэтага часу застаецца нявырашанай.

Трэцяя праблема, пра якую казаў біскуп Яшэўскі, за апошнія гады стала даволі рэзананснай. Гаворка ідзе пра шматпакутны касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску. У савецкія часы ў прыгожага неагатычнага будынка была знішчана вежа, а замест яе прыбудаваны пачварны пяціпавярховік, які ў актуальны момант пустуе і пагражае вось-вось пачаць разбурацца.

«Нам прапануюць самастойна знесці гэтую прыбудову, але да гэтага часу невядомы нават прыблізны кошт такіх працаў, якія, напэўна, будуць зусім нятаннымі.

Касцёл са свайго боку гатовы ўдзельнічаць у аднаўленні святыні, якая з’яўляецца помнікам архітэктуры: адбудаваць вежу, адрэстаўраваць фасад. Аднак мы не маем сродкаў на тое, каб знесці стары будынак. Нават па прыблізных падліках гэта будзе каштаваць столькі ж, як пабудаваць новы касцёл, і гэта толькі частка працаў, неабходных для таго, каб касцёлу ў самым вялікім беларускім райцэнтры вярнуць ранейшае хараство».

Адразу ж пасля прэс-канферэнцыі ў Мінску Біскупскі вікарый Магілёўскага рэгіёну паспяшаўся ў горад на Дняпры, дзе яго чакала яшчэ адна сустрэча з журналістамі.

Абноўлена 21.12.2019 22:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця