Год таму Адміністрацыя Прэзідэнта даручыла Магілёўскаму абласному выканаўчаму камітэту разабрацца ў складанай сітуацыі, якая склалася вакол касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску. Што змянілася з таго часу?
25 лютага на сайце газеты «Вечерний Бобруйск» bobruisk.ru з’явілася інфармацыя пра тое, што па рашэнні суду будынак касцёла і пяціпавярховая прыбудова да яго былі прызнаны безгаспадарнай маёмасцю і перададзены ў камунальную ўласнасць — гэта значыць ва ўласнасць горада Бабруйска.
Як паведамляецца, судовае рашэнне не было абскарджана і набыло моц яшчэ 18 кастрычніка мінулага года.
Тым не менш, Бабруйскі гарвыканкам, які па сутнасці цяпер з’яўляецца ўласнікам будынкa, пакуль не зарэгістраваў гэтую маёмасць у адпаведных дзяржаўных структурах. У сувязі з гэтым начальнік аддзела ідэалагічнай працы і па справах моладзі Бабруйскага гарвыканкама Таццяна Гарбачова паведаміла карэспандэнту газеты «Вечерний Бобруйск» Ірыне Хамрэнка-Ушаковай, што каталіцкая супольнасць горада можа стаць правапераемніцай будынкa, дзеля чаго спатрэбіцца выканаць шэраг адміністрацыйных працэдур, пра што ўжо было паведамлена прадстаўнікам парафіі.
Між тым мясцовыя вернікі звярнуліся з лістом да прадстаўніка папы Францішка ў Беларусі Апостальскага нунцыя Габара Пінтэра, які 8 снежня наведаў Бабруйск, з просьбай паспрыяць у вырашэнні гэтай складанай сітуацыі.
Яе складанасць перадусім у тым, што Касцёл не мае неабходных сродкаў на тое, каб вярнуць знявечанай савецкімі ўладамі святыні яе першапачатковы выгляд.
Пробашч бабруйскай парафіі кс. канонік Андрэй Яркавец у адказ на пытанне журналісткі адзначыў, што ўжо і раней гучалі прапановы перадаць супольнасці ўвесь комплекс: і будынак касцёла, і пяціпавярховую прыбудову да яго. Аднак праблема ў тым, што парафія не мае сродкаў на тое, каб знесці непатрэбную ёй прыбудову, якая толькі псуе выгляд святыні, ані на тое, каб ахоўваць вялізныя пустыя плошчы ад пранікнення пабочных асобаў.