Пошук

16.08.2018 13:36   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

15 жніўня прадстаўнік папы Францішка ў нашай краіне Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр узяў удзел у адпустовай урачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў магілёўскай конкатэдры, у межах якой адбылася прэзентацыя новага аргана, усталяванага ў святыні.

Каб паблагаславіць інструмент, які стаў «уласным голасам» старажытнай магілёўскай святыні, — прычым голасам зусім не старэчым, нягледзячы на паважны 90-гадовы узрост, — Апостальскі Нунцый і біскуп Аляксандр Яшэўскі падняліся на хоры.

Пасля малітвы благаслаўлення і акраплення аргана магутныя акорды, якія выйшлі з-пад віртуозных пальцаў маэстра Уладзіміра Неўдаха, дацэнта кафедры музычнай педагогікі, гісторыі і тэорыі выканальніцкага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, кандыдата мастацтвазнаўства і галоўнага арганіста мінскага катэдральнага касцёла, напоўнілі святыню незямнымі гукамі, а сэрцы прысутных вернікаў — узнёслымі пачуццямі, што ўздымаюць чалавечыя душы ад зямнога да нябеснага.

 

На пачатку святкавання арцыбіскуп Габар Пінтэр шчыра прывітаў усіх яго ўдзельнікаў, а асабліва біскупскага вікарыя для Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB і Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага. Іерарх адзначыў, што сёлета радасць ад гэтага свята падвоілася з нагоды благаслаўлення аргана.

«Яго музыка дапамагае праслаўляць Бога. Мы хвалім Пана, аб’ядноўваючы нашыя здольнасці ў сугучнай разнастайнасці нашых галасоў і асобаў, дазваляючы Святому Духу кіраваць намі сваім таямнічым дзеяннем», — сказаў высокі госць.

Сваю гамілію прадстаўнік Папы распачаў са словаў св. апостала Паўла з Першага паслання да карынцянаў: «Хрыстус уваскрос з мёртвых, першынец сярод тых, якія заснулі» (пар. 1 Кар 15, 20), зазначыўшы пры гэтым, што ўрачыстасць Унебаўзяцця Панны Марыі непарыўна звязана з Уваскрасеннем Хрыста і нагадвае пра тое, што цела Божай Маці не зведала знішчэння ў магіле.

«Уваскрасенне Езуса не датычыцца толькі Яго аднаго, але таксама кожнага з нас, і ў першую чаргу — Яго Маці. Тое, што здарылася з Хрыстом у момант Яго ўваскрасення, павінна адбыцца ў кожным з нас», — падкрэсліў іерарх.

 

Паводле яго, Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны да вечнага жыцця ў целе і душы — гэта ясны знак таго, што Езус перамог смерць, што Яго Уваскрасенне — гэта сапраўды здзейснены факт.

«Услаўляючы Марыю, сёння, як ніколі, мы праслаўляем Яе Сына. І ў той жа час, хвалячы Пана за Яго слаўнае ўваскрасенне, мы ўслаўляем Яго Маці», — сказаў Нунцый.

Ён назваў урачыстасць Унебаўзяцця «школай жыцця, у якой мы атрымліваем важныя веды», вылучыўшы пры гэтым два важныя аспекты.

Першы з іх заключаецца ў тым, што Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны паказвае чалавеку, што яго чакае наперадзе.

«Мы не асуджаныя на вечны нябыт, каб ператварыцца ў жменьку пылу. Нашае прызначэнне — гэта вечнае жыццё ў бясконцай асалодзе, калі будзем жыць згодна з законам Пана, або ў вечным няшчасці, калі будзем парушаць Ягоны закон», — сцвердзіў арцыбіскуп.

 

Пастыр нагадаў, што калі чалавек траціць свядомасць свайго прызначэння да вечнасці і бачыць жыццё толькі ў межах часу, то такім чынам адмаўляецца ад сваёй годнасці і велічы і становіцца ахвярай любога злоўжывання.

«Калі б чалавек проста быў выпадковым вынікам безасабовых законаў эвалюцыі, калі б не меў вечнага прызначэння, як бы ён мог абараніцца ад адносінаў да сябе як да нейкага фрагмента грамадства, што хутка знікае? Кожны чалавек ад зачацця да смерці не можа быць паддадзены ніякаму выкарыстанню і эксплуатацыі яго асобы з боку іншых менавіта таму, што ён знаходзіцца ў непасрэдных адносінах з Богам. Выкарыстанне стратэгіі, накіраванай на знішчэнне ў чалавечым сэрцы надзеі на вечнае жыццё, вядзе да пазбаўлення чалавека асноўнага сэнсу і энергіі яго цэласнага развіцця і развіцця грамадства. <…>

Святкаванне Унебаўзяцця Панны Марыі — гэта святкаванне годнасці чалавечай асобы, таму што яно адкрывае высакароднае пакліканне чалавека, дазваляе яму правільна глядзець на сябе і ведаць, што кожны дзень перад ім адкрываюцца магчымасці вечнасці».

Другі важны аспект, які, па словах Апостальскага нунцыя, раскрывае ўрачыстасць Унебаўзяцця — у адпаведным хрысціянскім бачанні цела чалавека, якое ніякім чынам не можа быць прадметам для выкарыстання і маніпулявання.

  

«Цела чалавека — гэта чалавек. Сёння чалавечае цела, а значыць, чалавек, рознымі спосабамі ператвараецца ў прадукт гандлю. Цела — асабліва жанчыны — выкарыстоўваецца для продажу нейкай прадукцыі; кожнае выкарыстанне чалавечай сексуальнасці падаецца як годнае, а ў выніку сужэнская любоў абясцэньваецца, зневажаецца і прыраўноўваецца да іншых формаў сужыцця. Гэта толькі некаторыя прыклады глыбокай пагарды, якую мае сучасная культура да чалавечага цела, нават калі сцвярджае адваротнае», — адзначыў іерарх. Разам з тым ён сцвердзіў, што ў найвышэйшае пакліканне чалавека ўключана таксама і яго цела.

«Што б ты пра сябе ні думаў, што б ты пра сябе ні думала, у вачах Бога ты маеш найвышэйшую цану. Менавіта гэта кажа нам сёння Марыя — Найчысцейшая Маці Божага Сына, Маці кожнага з нас, Брама ў Неба, узятая ў Божае жыллё з душою і целам.

І там, у доме Айца, Яна чакае і прымае нас, сваіх любых дзяцей. Вось чаму мы ўсклікаем да Яе, нават сотні разоў у дзень: маліся за нас цяпер і ў гадзіну смерці», — сказаў на заканчэнне Апостальскі нунцый.

 

Пасля святой Імшы ў магілёўскай конкатэдры адбыўся першы арганны канцэрт на новым інструменце. Класічныя і сучасныя творы прагучалі ў выкананні маэстра Уладзіміра Неўдаха і лаўрэата міжнародных конкурсаў Кацярыны Нікалаевай.

На ўрачыстасці ў магілёўскай святыні прысутнічалі прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы, прадстаўнікі дзяржаўных уладаў, а таксама пасол Польшчы ў Беларусі пан Артур Міхальскі з сынам.

Польскі дыпламат з’яўляецца выпускніком варшаўскай Акадэміі каталіцкай тэалогіі (цяпер Універсітэт кардынала Стэфана Вышынскага), таму невыпадкова, што першы яго візіт на Магілёўшчыну адбыўся менавіта ў межах удзелу ў касцёльнай урачыстасці. Такім чынам, cвяткаванне ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве з падзеі парафіяльнага маштабу ператварылася ў значную, можна сказаць, гістарычную падзею ў рэлігійным, культурным і грамадскім жыцці Магілёўшчыны і ўсёй Беларусі.

Абноўлена 17.08.2018 00:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа