Пошук

18.12.2019 16:12   Тэкст і фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

18 снежня ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе прайшла сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў Гродзенскай дыяцэзіі.

Асаблівасцю гэтай сустрэчы духавенства стала традыцыйнае перад Божым Нараджэннем дзяленне аплаткамі.

У духоўнай канферэнцыі ксёндз Андрэй Шчупал, рэдэмптарыст, заахвоціў прысутных глыбей адчуць радасць Божага Нараджэння.

На аснове Апостальскага ліста папы Францішка Admirabile signum пра значэнне і важнасць бэтлеемскіх ясляў ён нагадаў, у чым выяўляецца гэтая радасць і наколькі яна важная ў жыцці святара.

Ксёндз Андрэй Шчупал CSsR падзякаваў біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу і дапаможнаму біскупу Юзафу Станеўскаму, якія таксама ўдзельнічалі ў сустрэчы, за штодзённы прыклад і айцоўскі клопат, якім пастыры ахінаюць усіх святароў іх дыяцэзіі: як малодшых, так і старэйшых.

Біскуп Кашкевіч выказаў шчырую падзяку ўсім прысутным за іх служэнне і ўдзяліў благаслаўленне на складаны перыяд Божага Нараджэння, які вельмі патрабуе святарскай адданасці.

Дарэчы, падобная сустрэча духавенства перад Божым Нараджэннем не адзіная ў Гродзенскай дыяцэзіі. У пятніцу святары і кансэкраваныя асобы Гродзеншчыны, якія не маглі прысутнічаць у Лідзе, разам памоляцца і падзеляцца аплаткамі ў сценах Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў горадзе над Нёманам.

 
Абноўлена 18.12.2019 22:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа