Пошук

17.12.2019 12:05   Тэкст: Вольга Лозюк / Фота: Аляксей Бакаў, Аляксей Заічанка / Catholic.by

15 снежня новапрэзбітэр Януш Чарнамораў цэлебраваў прыміцыйную святую Імшу ў сваёй роднай парафіі святых Пятра і Паўла ў Лагішыне перад цудадзейным абразом Маці Божай Каралевы Палесся.

Гэта стала сапраўдным святам не толькі для парафіянаў, але і для ўсяго мястэчка. На Імшы сабраліся святары, семінарысты, шматлікія вернікі парафіі і госці. Касцёл поўніўся людзьмі, на вачах у якіх былі слёзы шчасця, бо яны дачакаліся «свайго», тутэйшага святара.

Распачалася ўрачыстасць працэсійным шэсцем прыміцыянта, ахінутага вянком. Затым каля брамы касцёла вернікі прывіталі хлебам сына сваёй парафіі, які напярэдадні стаў святаром. Тут жа пробашч і кусташ Лагішынскага санктуарыя ксёндз Тадэвуш Шэшка ўдзяліў свайму маладому калегу благаслаўленне на плённае святарскае служэнне. Працэсія накіравалася да ўваходу ў касцёл, дзе на парозе бацька і маці далі новапрэзбітэру бацькоўскае благаслаўленне.

Пад старажытны спеў на ўшанаванне Каралевы Палесся «Святая Панна ў цудоўнай выяве» працэсія рушыла да прэзбітэрыя. Пасля словаў прывітання кс. Тадэвуш Шэшка ўрачыста апрануў кс. Януша ў святарскія шаты, а затым пачалася Імша.

Прыміцыянт цэлебраваў Эўхарыстыю ў інтэнцыі ўсіх тых, каго Бог паставіў на яго шляху да святарства. Гамілію прамовіў кс. канонік Дзмітрый Пухальскі, канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

У гаміліі ён звярнуў увагу на штодзённае служэнне святара, на цяжкія і лёгкія, радасныя і сумныя хвіліны перажывання святарства, на сутнасць паклікання да святарскага служэння, а таксама вялікую годнасць святара, на словы якога сам Хрыстус прыходзіць на алтар.

Напрыканцы Імшы кс. Януш Чарнамораў зачытаў акт аддання сябе Маці Божай Лагішынскай, Каралеве Палесся, і дадаў: «Каралева Палесся, дзякую Табе за ўсе ласкі, якія Ты выпрасіла для мяне за гэтыя гады, і горача прашу Цябе: не пакідай мяне ніколі, дзе б я ні быў. Будзь побач у штодзённай дапамозе, дай ласку вытрымаць у вернасці Твайму Сыну Езусу Хрысту і пакажы сваё чыстае аблічча ў гадзіну маёй смерці. Амэн».

Гэтая падзея, трэба спадзявацца, застанецца назаўсёды не толькі ў сэрцах удзельнікаў прыміцыйнай урачыстасці, але і ў гісторыі Лагішына.

Як зазначылі прадстаўнікі ўлады, гэтай святой Імшой Лагішын распачаў новую старонку сваёй гісторыі, а галоўнай асобай, якая яе піша, стаў ксёндз Януш.

Словы віншавання выказалі новапрэзбітэру дзеці, моладзь, міністранты, парафіяне, супрацоўнікі Лагішынскага Дома міласэрнасці, настаўнікі і прадстаўнікі ўлады. На Імшы прысутнічаў першы намеснік старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Валерый Рэбкавец разам з сям’ёй. Падчас шматлікіх віншаванняў гучала мноства цёплых словаў, якія сыходзілі з любячых сэрцаў.

На заканчэнне Імшы новапрэзбітэр удзяліў усім сабраным прыміцыйнае благаслаўленне.

Адразу ж пасля прыміцыі адбылася прэзентацыя кнігі «Культ Найсвяцейшай Панны Марыі ў Літургіі і народнай пабожнасці Лагішынскага санктуарыя», якая стала плёнам магістарскай працы кс. Януша Чарнаморава, абароненай ім у Люблінскім каталіцкім універсітэце.

 

 

Абноўлена 17.12.2019 13:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця