
22 мая ксяндзы Андрэй Януль і Антоній Тышко цэлебравалі прыміцыйную святую Імшу ў капліцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, выпускнікамі якой яны з’яўляюцца.
Прэзбітэрскае пасвячэнне яны прынялі 2 мая ў Віцебску, удзяліў яго біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. На Эўхарыстыі прысутнічалі студэнты семінарыі, выхавацелі і выкладчыкі.
Новапрэзбітэры маліліся ў інтэнцыі семінарыі, яе студэнтаў, выхавацеляў, выкладчыкаў і іншых працаўнікоў.
У пачатку літургіі ксёндз Андрэй Януль выказаў радасць з гэтай нагоды і падзяку за запрашэнне. Ксёндз Антоній Тышко прамовіў гамілію, у якой разважаў на тэму любові.
Рэктар семінарыі ў Гродне ксёндз Ян Раманоўскі адзначыў, што вельмі рады бачыць выпускнікоў, якія цэлебруюць Імшу ў сценах роднай семінарыі. Ён папрасіў іх ахвяраваць свае малітвы ў інтэнцыі семінарыйнай супольнасці.
На заканчэнне маладыя святары ўдзялілі ўсім прысутным спецыяльнае прыміцыйнае благаслаўленне — як заруку шчодрых Божых ласкаў, неабходных і на шляху падрыхтоўкі да святарства, і ў святарскім жыцці.



























